Летапісец палескай зямлі

Усувязі са 100-годдзем з дня нараджэння Івана Мележа ў цэнтральнай раённай бібліятэцы быў праведзены вечар памяці «Летапісец палескай зямлі». Мерапрыемства падрыхтавана сумесна з грамадскай арганізацыяй «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» для вучняў 9-га класа раённай гімназіі.

Аб гэтым нам паведаміла намеснік дырэктара бібліятэчнай установы Таццяна Цімошчанка. Супрацоўнікі бібліятэкі пазнаёмілі юнакоў і дзяўчат з біяграфіяй і творчасцю пісьменніка.
Яны падкрэслілі, што Іван Мележ — найвялікшы беларускі публіцыст, лаўрэат шматлікіх літаратурных прэмій, удзельнік ваенных падзей Вялікай Айчыннай вайны. Аўтар раманаў, аповесцяў і апавяданняў, п’ес, сцэнарыяў да тэлеспектакляў, кінасцэнарыяў. Узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам Чырвонай Зоркі, ордэнам «Знак Пашаны» і медалямі. Гэта не толькі вялікі творца, выразнік душы народнай, але і мужны, гуманны, вельмі добры чалавек.
Іван Паўлавіч нарадзіўся 8 лютага 1921 года ў вёсцы Глінішча Хойніцкага раёна, у самай глыбіні беларускага Палесся. Адтуль, з народных глыбінь, выйшлі ў свет і пайшлі ў літаратурную неўміручасць і яго героі: менавіта там ён вывучаў іх характары, рабіў абагульненне чалавечых рыс, паводзін, характараў.
Літаратурная дзейнасць Івана Мележа пачалася ў 30-я гады мінулага стагоддзя. Да вайны друкаваўся ў газетах «Літаратура і мастацтва», «Бальшавік Палесся» і іншых. Нават вайна не перапыніла літаратурнай творчасці Івана Мележа. Ён падарыў нацыянальнай літаратуры нямала таленавітых твораў, сярод якіх навелы і апавяданні, п’есы і раманы, дзённікі і артыкулы. Але галоўнай у яго асабістым лёсе і сярод розных пакаленняў чытачоў стала трылогія «Палеская хроніка», у якой Мележ так тонка і самабытна, як ніхто іншы, расказаў пра роднае беларускае Палессе і яго жыхароў. Раманы «Людзі на балоце», «Подых навальніцы» і «Завеі, снежань» былі перакладзены на рускую, іспанскую, нямецкую, кітайскую і іншыя мовы, дзякуючы чаму пра Мележа даведаліся ў свеце.
Яшчэ большую вядомасць «Палеская хроніка» Мележа заваявала дзякуючы экранізацыям беларускага рэжысёра Віктара Турава. Поўнаметражныя кінастужкі і шматсерыйную тэлеверсію ўбачылі мільёны гледачоў.
Бібліятэкары прапанавалі ўдзельнікам мерапрыемства віртуальнае падарожжа ў дом-музей, які знаходзіцца на радзіме пісьменніка, відэаролік «Іван Мележ: перарваныя хронікі». Увазе прысутных была прадстаўлена кніжная выстава «Палескай зямлі волат». Сёння кнігі Івана Мележа працягваюць чытаць, вывучаць, знаходзіць у яго тэкстах усё новыя грані і сэнсы.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK