Што зменіцца

У Беларусі з лістапада зменяцца функцыі і сума бюджэту пражытачнага мінімуму, падаражаюць мабільная сувязь і інтэрнэт, павялічацца заробкі будаўнікоў, стане больш магчымасцяў ездзіць і лётаць у Расію. Што новага чакаецца ў жыцці беларусаў у лістападзе — чытайце ў аглядзе.

ТРЭБА ПАСПЕЦЬ ЗАПЛАЦІЦЬ ЗЯМЕЛЬНЫ ПАДАТАК І ЗА НЕРУХОМАСЦЬ
І зрабіць гэта трэба да 15 лістапада. Тым, хто не выплаціць зборы своечасова, пагражаюць пеня і штраф.
Сумы падаткаў, якія не былі выплачаныя ў бюджэт добраахвотна, спаганяюцца праз суд з налічэннем пені за кожны каляндарны дзень пратэрміноўкі. За нявыплату або няпоўную выплату накладаецца штраф у памеры 15% ад нявыплачанай сумы падатку, але не менш за 0,5 базавай велічыні (14,5 рублёў).

АДМЯНЯЕЦЦА МІНІМАЛЬНЫ СПАЖЫВЕЦКІ БЮДЖЭТ
З 15 лістапада ўступіць у сілу закон «Аб змене законаў па пытаннях сацыяльных нарматываў і мінімальнай заработнай платы». Згодна з дакументам, у Беларусі адменяць мінімальны спажывецкі бюджэт, і функцыі адзінага сацыяльнага нарматыву будзе выконваць бюджэт пражытачнага мінімуму.
Як адзначылі ў Мінпрацы і сацабароны, увядзенне адзінага сацыяльнага нарматыву не паменшыць аб’ёмы фінансавай падтрымкі грамадзян, а дазволіць забяспечыць аднастайны падыход для вызначэння сацыяльных выплат і іншых абавязацельстваў дзяржавы, а таксама крытэрыю прадастаўлення асобных відаў дзярждапамогі.

УЛАДЫ ПЕРАГЛЕДЗЯЦЬ НЕКАТОРЫЯ ДАПАМОГІ НА ДЗЯЦЕЙ І ПЕНСІІ
З 1 лістапада ўлады перагледзяць бюджэт пражытачнага мінімуму. Цяпер ён складае 283,46 рубля. Прапарцыйна росту БПМ мяняюцца і памеры некаторых дапамог, якія прадастаўляюцца пры нараджэнні дзяцей. Напрыклад, аднаразовая дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік у дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміна цяжарнасці.
З наступнага месяца таксама павінны перагледзець мінімальныя працоўныя і сацыяльныя пенсіі, якія прывязаны да памеру БПМ.

АБНАВІЦЦА БАЗА НЕ ЗАНЯТЫХ У ЭКАНОМІЦЫ
У лістападзе абновяць спіс працаздольнага насельніцтва, якое не занята ў эканоміцы. Тым, хто трапіць у яго і ў каго ёсць ва ўласнасці жыллё, давядзецца аплачваць па поўных тарыфах гарачае водазабеспячэнне.

ВЫРАСЦЕ ЗАРПЛАТА БУДАЎНІКОЎ
Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва з лістапада павысіць на 1,26 рубля да 8,20 рубля аплату адной чалавека-гадзіны для рабочых-будаўнікоў чацвёртага разраду пры будаўнічых, спецыяльных, мантажных, пусканаладачных работах.

ПАДАРАЖАЮЦЬ ІНТЭРНЭТ І МАБІЛЬНАЯ СУВЯЗЬ
У А1 зменіцца абаненцкая плата на тарыфных платах для фізічных і для юрыдычных асоб, а таксама некаторыя тарыфы, падаражаюць роўмінг і міжнародныя вызавы. МТС падніме кошт асноўных паслуг мабільнай сувязі для фізічных і юрыдычных асоб, у тым ліку абаненцкай платы па тарыфах сотавай сувязі, кошт галасавых вызаваў, мабільнай перадачы даных і іншых. «Белтэлекам» павышае кошт інтэрнета за выключэннем пакетных лінеек «ЯСНА», «Сямейны» і «Бізнес-кейс».

НОВЫ АВІЯРЭЙС У РАСІЮ
Рэгулярны авіярэйс Масква — Гомель — Масква запусцяць з лістапада. Першы рэйс запланаваны на 10 лістапада. Рэйсы будуць тройчы на тыдзень — па панядзелках, серадах і суботах.

НЕКАТОРЫ АБУТАК МОЖА ПАДАРАЖАЦЬ
З 1 лістапада ў Беларусі будуць маркіраваць абутак, гэта значыць наносіць на яго спецыяльныя маркіровачныя знакі. «Рэалізацыя рэшткаў абутку пасля 1 лістапада дазваляецца толькі пасля яе маркіроўкі. Рэшткі абутковых тавараў павінны быць прамаркіраваныя да 1 сакавіка 2022 года», — удакладняюць у Міністэрстве па падатках і зборах.
З-за гэтага новаўвядзення можа падаражаць некаторы абутак. Кошты вырастуць, як чакаецца, у дробных гандляроў і ІП. Гэта звязана з затратамі на маркіроўку.

ПАЧНУЦЦА ШКОЛЬНЫЯ КАНІКУЛЫ
Да восеньскіх канікулаў у школах і гімназіях засталося ўсяго нічога. Адпачынак для школьнікаў пачнецца з 31 кастрычніка і працягнецца да 8 лістапада.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK