СУСВЕТНЫЯ НАВІНЫ

Навасны блок

ЗША. Федэральныя Цэнтры па кантролі і прафілактыцы захворванняў (ЦКПЗ) ЗША рэкамендавалі прышчэпліваць дзяцей ад 5 да 11 гадоў вакцынай вытворчасці амерыканскай кампаніі Pfizer і нямецкай BioNTech. Адзначаецца, што доза вакцыны для дзяцей гэтай узроставай групы будзе складаць прыкладна трэцюю частку ад дозы дарослага чалавека і будзе ўводзіцца з інтэрвалам у тры тыдні.
Раней Упраўленне па пытаннях якасці харчавання і медыкаментаў пры Міністэрстве аховы здароўя і сацыяльных службаў ЗША таксама адобрыла прымяненне дадзеных вакцын супраць каранавіруса для дзяцей 5-11 гадоў.

ВЯЛІКАБРЫТАНІЯ. Акцыі пратэсту не сціхаюць у Глазга. У брытанскім горадзе праходзіць кліматычны саміт пад эгідай ААН. Сусветныя лідары найбуйнейшых эканомік свету праводзілі асабістыя сустрэчы і абмяркоўвалі шляхі выхаду з экалагічнага крызісу. У горад з’ехаліся тысячы экаактывістаў з усяго свету. Яны лічаць, што сусветныя палітыкі толькі робяць выгляд, што цікавяцца праблемай. Маніфестанты выходзяць на вуліцы Глазга з транспарантамі і скандуюць: “Хопіць кліматычнай здрады!”.
З-за пандэміі штат прыбіральшчыкаў у горадзе быў значна скарочаны. Працы ў супрацоўнікаў, якія засталіся, дадалося, а вось заробкі не павялічыліся. У знак пратэсту камунальнікі не прыбіраюць грамадскія тэрыторыі горада. У выніку горы смецця паўсюль, ён разносіцца па вуліцах парывамі ветру ці галоднымі пацукамі і птушкамі.

МЕКСІКА. Да паўднёвых межаў ЗША не спыняецца паток бежанцаў з Цэнтральнай Амерыкі. Набліжаецца новы караван больш як з 3 тысяч чалавек. У калоне — дзеці. Многія не вытрымліваюць такога падарожжа. Фіксуюцца знясіленні, абязводжванні, ёсць выпадкі ліхаманкі денге, вядома нават аб смяротных выпадках. Людзі разлічваюць на абяцаны амерыканскім урадам прытулак. Аднак прайсці дазволяць далёка не ўсім. На амерыкана-мексіканскай мяжы ўжо дзясяткі тысяч нелегалаў. У цэнтрах часовага ўтрымання праблемы з ежай і вадой.
Пры гэтым шлях да “амерыканскай мары” можа яшчэ і абарвацца ў любую хвіліну. Так, на днях, байцы Нацгвардыі абстралялі аўтамабіль з мігрантамі. Загінуў адзін чалавек, яшчэ чатыры — атрымалі раненні.

Кошт электраэнергіі і газу ў ГЕРМАНІІ працягвае расці. У сярэднім рост цэн на газ для насельніцтва склаў 17,3 працэнта. Прычым яшчэ ў канцы верасня бягучага года кампаній — пастаўшчыкоў газу, якія павысілі цэны або папярэдзілі аб іх павелічэнні, было каля 50.
Дадатковыя выдаткі для сярэдняй домагаспадаркі ў Германіі ў сувязі з ростам кошту электраэнергіі і газу могуць скласці 263 еўра. Па дадзеных анлайн-пляцоўкі, гэта закране каля 560 тыс. нямецкіх хатніх гаспадарак.
Адна з асноўных прычын павышэння коштаў — павелічэнне сусветнага попыту на энерганосьбіты ў выніку эканамічнага ўздыму пасля крызісу, выкліканага пандэміяй. Эксперты папярэджваюць, што гэтай зімой спажыўцоў у ФРГ чакае хваля павышэнняў цэн на газ.
Паводле ацэнкі Федэральнага статыстычнага ведамства ФРГ, у краіне налічваецца каля 42,8 мільёна кватэр (дадзеныя за 2020 год), амаль палова з іх ацяпляецца газам. Усяго паслугі па газазабеспячэнні насельніцтва аказваюць 683 кампаніі.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK