Лоеўская бітва

Казацка-сялянская вайна 1648-1651 гг. ахапіла вялізную тэрыторыю, прыцягнула да ўдзелу масы насельніцтва, якія прадстаўлялі розныя сацыяльныя групы і пераследавалі розныя мэты. Маштабнасць падзей і значэнне вайны для далейшага лёсу беларускага народа робяць яе даследаванне надзвычай актуальным. Казацка-сялянская вайна з’яўляецца вынікам перапляцення сацыяльных супярэчнасцей, абвостраных міжканфесійнай барацьбой у беларускім грамадстве. Тэрыторыя Лоеўшчыны аказалася ў віры ліхалецця сярэдзіны XVII ст. Менавіта тут у 1649 г. адбылася маштабная падзея, якая ўвайшла ў гісторыю пад назвай «Лоеўская бітва». У гэтым грандыёзным супрацьстаянні зышліся сілы — армія ВКЛ на чале з польным гетманам Янушам Радзівілам і казацка-сялянскае войска наказнога гетмана Міхаіла (Станіслава) Крычэўскага.

Уначы 31 ліпеня казацкі загон Крычэўскага падышоў да Лоева, дзе стаяў лагер дзяржаўных сіл. Дапамогу Крычэўскаму павінны былі аказаць казакі чарнігаўскага палка Сямёна Падабайлы, што размясціліся на левым беразе Дняпра. На досвітку была склікана казацкая старшынская рада, на якой ўзніклі рознагалоссі адносна неабходнасці штурму шляхецкага лагера. Казацкая старшына ўказвала наказному гетману на аслабленыя сілы паўстанцаў пасля шматкіламетровага маршу, на перавагу арміі ВКЛ у артылерыі, але Крычэўскі здолеў пераканаць падначаленых у неабходнасці імклівай атакі. Палкоўніку Падабайлу быў адасланы загад падчас атакі асноўных сіл казацкага войска фарсіраваць Дняпро. Раніцай 31 ліпеня адзін з казацкіх раз’ездаў напаў на фуражыраў дзяржаўнай арміі, частка з якіх здолела папярэдзіць гетмана Радзівіла, што “непрыяцеля ў паўтары мілі бачыў на вочы”. Фактар нечаканасці Крычэўскі страціў, аднак, ведаючы, што частка войска ВКЛ яшчэ не вярнулася ў лагер, ён вырашыў дзейнічаць неадкладна, адмовіўшыся ад рашэння, прынятага на старшынскай радзе. Такім чынам планавалася атака лагера дзяржаўнага войска сіламі кавалерыі з ходу, без падтрымкі ўласнай пяхоты і артылерыі, а таксама без дапамогі палка Падабайлы. Крычэўскі спадзяваўся, што Падабайла здолее зразумець сітуацыю, аднак, як паказаў ход бітвы, спадзяванні наказнога гетмана на фактар раптоўнасці былі марнымі.
На аснове даследавання крыніц, а таксама вывучэння мясцовасці можна выдзеліць чатыры асноўныя этапы бітвы пад Лоевам. Першы этап характарызуецца абаронай лагера арміі ВКЛ ад атакі кавалерыі Крычэўскага і контрнаступленнем яе, у выніку якога казакі былі адцеснены да лесу. Вялікую ролю ў перамозе дзяржаўных сіл на гэтым этапе бітвы адыгралі два фактары. Па-першае, гэта своечасовае вяртанне атрада Самуэля Камароўскага з-пад Брагіна і ўзважаная ацэнка ім сітуацыі, у выніку чаго ён нанёс абсалютна нечаканы ўдар з тылу па леваму крылу казакоў. Войска Крычэўскага было разарвана на дзве часткі, левае яго крыло трапіла ў акружэнне. Па-другое, адсутнасць падтрымкі войска Крычэўскага як з боку Падабайлы, які позна зарыентаваўся ў сітуацыі і своечасова не падтрымаў атаку наказнога гетмана, так і з боку ўласнай пяхоты, не паспеўшай падысці да месца бою.

На другім этапе бітвы цэнтр баявых дзеянняў перамясціўся да Татарскага броду, праз які стаў фарсіраваць Дняпро Падабайла. Войска Крычэўскага было блакіравана ў лесе. Такім чынам, падтрымаць манеўр чарнігаўскага палкоўніка наказны гетман не здолеў. Баючыся ўдару з тылу, Падабайла ўвёў у бой толькі частку свайго палка — каля 3 тыс. чалавек, што дало магчымасць дзяржаўнаму войску, якое мела больш зручную пазіцыю, не саступала колькасна і мела ў распараджэнні кавалерыю, прадпрыняць контратаку і адцясніць казакоў да Дняпра, адрэзаўшы іх ад чаўноў. Спадзяючыся неяк выратавацца, яны паспрабавалі перасекчы Дняпро ўплаў, аднак пад шквальным агнём значная іх частка была забіта.

Пасля разгрому дэсанта Падабайлы пачаўся трэці этап бітвы. Радзівіл атрымаў інфармацыю, што пяхота Крычэўскага ўжо на адлегласці каля дзвюх міляў ад месца бою. З мэтаю прадухілення аб’яднання кавалерыі і пяхоты казакоў Радзівіл, працягваючы блакіраваць лагер наказнога гетмана, выслаў супраць яго пяхоты значныя сілы пад кіраўніцтвам Грыгорыя Мірскага. У чвэрці мілі ад лагера Крычэўскага атрад Мірскага атакаваў казацкую пяхоту і за паўгадзіны разграміў яе.

Чацвёрты этап характарызуецца няўдалымі спробамі Крычэўскага прарваць блакаду яго лагера і з’яднацца з пяхотай. Даведаўшыся пра яе разгром, для гетмана найважнейшай задачай стала вытрымаць атакі з боку дзяржаўнай арміі. Казакі, пабудаваўшы ўмацаванні з трупаў людзей і коней, аказалі сур’ёзнае супраціўленне, у выніку якога салдаты ВКЛ панеслі значныя страты, быў паранены шэраг афіцэраў, адчуваўся недахоп пораху і куль. Гэтыя фактары ў сукупнасці прымусілі Радзівіла спыніць наступленне і адкласці штурм на раніцу наступнага дня. Начную перадышку казакі выкарысталі для адступлення. Уначы з 31 ліпеня на 1 жніўня яны лясамі і балотамі патаемна пакінулі свой лагер.
Казацкае войска панесла пад Лоевам вялізныя страты. У гістарыяграфіі і крыніцах звесткі аб колькасці забітых вагаюцца ад 7 да 30 тысяч чалавек. Для высвятлення рэальных маштабаў бітвы пад Лоевам і страт, якія панеслі абодва бакі, неабходна вызначыць колькасны склад абедзвюх армій. Атакуючая на першым этапе бітвы кавалерыя М. Крычэўскага ацэньваецца ў 10-16 тысяч ваяроў, колькасць палка Падабайлы вагаецца ад 6 да 10 тысяч, колькасць пяхоты М. Крычэўскага можна ацаніць у некалькі тысяч. Усяго разам казацкае войска налічвала не менш за 20 тысяч ваяроў. Сам Крычэўскі, гаворачы перад смерцю аб страце 30 тысяч, верагодна, меў на ўвазе ўвесь колькасны склад падначаленых яму падраздзяленняў, у тым ліку і чарнобыльскага палка. Гэтая лічба падаецца дастаткова даставернай, яна пацвярджаецца вынікамі допытаў палонных паўстанцаў.

Падчас бітвы чарнігаўскі полк С. Падабайлы, па інфармацыі Я. Радзівіла, страціў ад 2,5 да 3 тысяч чалавек, Й.Г. Шледэр прыводзіць страты казакоў у 4-5 тысяч. Параўноўваючы гэтыя лічбы, можна дапусціць, што страты Падабайлы склалі ад 3000 да 4000. Апроч патанулых, да 3 жніўня ў 4 вялізных магілах было пахавана больш за 2 700 трупаў паўстанцаў. Усяго было вырыта 16 велізарных магіл, у якіх магло быць ад 9000 да 16000 забітых. Калі дадаць да гэтай лічбы колькасць патанулых, а таксама казакоў, якія былі забіты або памерлі ад ран у лясах, агульныя іх страты магчыма ацаніць ў 15-20 тысяч чалавек.

Страты дзяржаўнага войска дакладна высветліць таксама няпроста. Паводле пераліку войска ВКЛ, якое вярнулася ў жніўні 1649 г. у Рэчыцу, яго колькасны склад, уключаючы 1-1,5 тысяч ваяроў рэчыцкага гарнізона і 3 тысяч, падышоўшых з унутраных паветаў ВКЛ, налічваў каля 7000 чалавек. Такім чынам, з-пад Лоева вярнуліся каля 3000 чалавек. Улічваючы, што сілы Радзівіла пад Лоевам складалі каля 6 тысяч, можна ацаніць страты шляхецкага войска ў 3000. Такая розніца ў стратах — 15-20 тысяч паўстанцаў і 3 тысяч ваяроў дзяржаўнага войска не з’яўляецца дзіўнай. Адной з прычын паражэння казацкага войска і значных стратаў пад Лоевам з’яўляецца і стратэгічная памылка Крычэўскага, які вырашыў выкарыстаць фактар раптоўнасці і, відавочна, памыліўся, што дазволіла шляхецкаму войску знішчыць кожны з элементаў казацкага войска паасобку.
Лоеўская бітва 1649 г. стала грандыёзнай падзеяй, якая аказала значны ўплыў на ход казацка-сялянскай вайны і ў сукупнасці з іншымі фактарамі садзейнічала стабілізацыі сітуацыі ў паўднёва-ўсходняй Беларусі, а затым заключэнню Збораўскага мірнага дагавора.

Станіслаў Чаропка,
кандыдат гістарычных навук, дацэнт,
дэкан факультэта гісторыі і міжкультурных камунікацый
ГДУ імя Францыска Скарыны.

 

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK