Ад мястэчкавай да раённай

19 снежня 1930 года мясцовымі органамі ўлады прынята рашэнне аб адкрыцці лякарні ў мястэчку Лоеў. Да Вялікай Айчыннай вайны ў пасёлку была пабудавана бальніца на 150 койка-месцаў, у сельскай мясцовасці працавалі 10 фельчарска-акушэрскіх пунктаў, аднак падчас ваенных дзеянняў усе будынкі былі разбураныя.

У пасляваенныя гады для арганізацыі медыцынскага абслугоўвання насельніцтва раёна шмат намаганняў зрабіў былы франтавік, лекар С.Г. Сендранюк. У 1954 годзе галоўным лекарам Лоеўскай бальніцы быў прызначаны малады лекар-хірург В.С. Пячонка, які ўражваў пацыентаў і калег, а таксама простых жыхароў раёна сваёй прыроднай інтэлігентнасцю, актыўнасцю і працавітасцю. 20 гадоў кіраваў аховай здароўя раёна лекар-гінеколаг В.Г. Вайцяшэнка. Падчас яго кіраўніцтва былі пабудаваныя корпусы старой бальніцы. З 1984 года гэтую пасаду заняў В.А. Мядзведзёў, за перыяд працы якога была пабудавана раённая паліклініка, уведзены ў эксплуатацыю Бывалькаўская ўчастковая бальніца і Пярэдзялкаўская ўрачэбная амбулаторыя.
Гэтыя людзі, а таксама іх паслядоўнікі — І.І. Голыш, Г.В. Голубеў, А.Л. Пінчук, за час работы якой у 2015 годзе было завершана будаўніцтва новага лячэбнага корпуса раённай бальніцы на 100 койка-месцаў, В. І. Ванюк і М.І. Гараеў — унеслі значны ўклад у развіццё сістэмы аховы здароўя раёна. Некаторыя з іх і цяпер, бязмерна адданыя клятве Гіпакрата, нясуць службу на карысць людзям. У 2020 годзе УЗ «Лоеўская ЦРБ» адзначыла 90-гадовы юбілей.
Сёння ў калектыве цэнтральнай раённай бальніцы працуе 321 чалавек, у тым ліку 38 урачоў і 126 спецыялістаў сярэдняга звяна. Кожны дзень у любы час сутак медыкі спяшаюцца на дапамогу да тых, хто яе патрабуе, робяць усё для захавання здароўя і жыцця людзей.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK