Мы розныя, але адзіныя

17 верасня беларусы ў другі раз будуць святкаваць Дзень народнага адзінства. Безумоўна, свята маладое, але дзеля свайго існавання мае цвёрдую глебу. Яго фундамент трымаецца не толькі на гістарычных падзеях. На маю думку, ён значна шырэй. Што аб’ядноўвае грамадзян нашай краіны? Прапаную чытачам паразважаць пра гэта разам.

На мой погляд, працавітасць і сумленнасць характарызуюць беларусаў найлепш. Гістарычна склалася, што нашы суайчыннікі, толькі дзякуючы сваёй руплівай працы, дасягалі і працягваюць дасягаць высокіх вынікаў у кожнай сферы. Узяць, напрыклад, сельскую гаспадарку, так як наша краіна ў большасці сельскагаспадарчая. Мы па-сапраўднаму можам ганарыцца нашымі аграрыямі, якія не пакладаючы рук працуюць на карысць нашай краіны і забяспечваюць яе харчовую бяспеку. Добрасумленныя адносіны да справы, а не надзея на чужога дзядзьку (у адрозненне ад краін Захаду) дазваляюць нам развівацца, ісці ўперад, упэўнена глядзець у заўтрашні дзень. І ніякае там галаданне нам не пагражае.
Акрамя таго, сучасныя беларусы — гэта ўнукі і праўнукі Вялікай Перамогі, усіх нас аб’ядноўвае пачуццё гістарычнай памяці пра кожнага, хто змагаўся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі на фронце і ў тыле ворага, хто прайшоў праз усе выпрабаванні канцлагераў альбо нямецкага рабства, хто згарэў у Хатыні ці Хатках… Мабыць, у Беларусі няма такой сям’і, дзе б не шанавалі свайго героя. На жаль, сёння мы назіраем спробы фальсіфікацыі гісторыі, скажэння ўсяго таго, чым ганарыцца наш народ, продкі якога — пераможцы фашызму. Агульная задача ўсіх суайчыннікаў — захаваць памяць пра вялікі подзвіг і вялікія ахвяры нашага народа, процістаяць злачынным спробам паменшыць заслугі нашых гераічных дзядоў і прадзедаў! Я лічу, што з гэтай задачай мы спраўляемся годна і святую памяць не дазваляем ганьбіць.
На маю думку, гісторыя нашага народа ўнікальная і мала даследавана, таму існаванне Дня народнага адзінства спрыяе фарміраванню самасвядомасці нацыі. Пры агульнасці культуры кожны рэгіён нашай краіны: Падняпроўе, або Панямонне, Палессе ці Браслаўшчына, уяўляе сабой асобны самабытны этнаграфічны аб’ект. Пры агульным падабенстве, у дэталях, ёсць відавочныя адрозненні ў мове, рэлігіі і нават знешнасці. Патрэбна разумець, што гэта грані аднаго вялікага агульнага народа, і многія з іх яшчэ да канца не вывучаныя. Узяць, напрыклад, Лоеўшчыну… Жыхары Каўпені адрозніваюцца ад жыхароў Уборак, а сяляне Крупеек ад Малінаўцаў. Але менавіта ў гэтым непадабенстве і ёсць галоўны момант: мы розныя, але адзіныя.
На свеце існуе шмат прыгожых краін, знакамітых сваімі людзьмі, славутасцямі, багатай гістарычнай спадчынай. Але ўсё ж няма прыгажэй і мілей краю, чым той, дзе ты нарадзіўся, вырас, жывеш і працуеш. Я лічу, што нас, беларусаў, аб’ядноўвае зямля бацькоў. Тут, куды не кінь погляд, усё тваё, роднае, да болю знаёмае і сэрцу дарагое.
І няхай Беларусі не ўласцівы яркія фарбы Усходу, і не валодае яна дзівосамі экзатычнай Афрыкі. Яе ціхае абаянне выяўляецца паступова: у мяккіх пералівах ранішняга неба над невыразнай лініяй гарызонту, у золаце бязмежных палёў і зеляніне лугоў, у бадзёрым водары сасновага бору, у сумным крыку журавоў. Таямнічая прыгажосць сінявокай адкрываецца толькі таму, хто здольны спыніцца і адчуць навакольны свет, прыгледзецца ў блакітныя люстэркі — крыштальныя беларускія азёры або апусціць рукі ў прахалодную ваду бурлівага ручая.
Паважаныя чытачы, маё меркаванне асабістае. Упэўнена, у кожнага з вас знойдуцца свае аргументы таго, што аб’ядноўвае нас, беларусаў. Паверце, мы будзем рады іх пачуць і пазнаёміць з поглядамі землякоў сваіх падпісчыкаў. Дзверы рэдакцыі заўжды для вас адчынены. Пішыце, тэлефантуйце і будзьце заўжды разам з намі!

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK