Свята роднага слова

Традыцыя святкавання Дня беларускага пісьменства зарадзілася ў 1994 годзе, калі 28 жніўня ў Полацку ўпершыню прайшлі ўрачыстасці ў гонар Дня беларускага пісьменства і друку.

26 сакавіка 1998 года прыняты Указ Прэзідэнта №157 «Аб дзяржаўных святах, святочных днях і памятных датах у Рэспубліцы Беларусь», які ўстанавіў, што Дзень беларускага пісьменства будзе штогод адзначацца ў першую нядзелю верасня. З гэтага моманту свята атрымала шырокі размах і падтрымку на самым высокім узроўні.
Дзень беларускага пісьменства традыцыйна праводзіцца ў гарадах, якія з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання. Сталіцамі маштабнай урачыстасці ўжо станавіліся Полацк, Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Быхаў, Шчучын, Рагачоў, Іванава, Слонім, Бялынічы.
У гарадах, якія прымаюць Дзень беларускага пісьменства, праводзяцца маштабныя работы па рамонце, рэканструкцыі і аднаўленню будынкаў, вуліц і плошчаў, абнаўленню жыллёвага фонду, уводзяцца ў эксплуатацыю аб’екты сацыяльна-культурнай сферы, адкрываюцца помнікі архітэктуры і мастацтва. Падчас свята ўдзельнікі і госці знаёмяцца з новымі кніжнымі выданнямі, сустракаюцца з беларускімі і замежнымі літаратарамі, журналістамі, выдаўцамі, слухаюць выступленні паэтаў і пісьменнікаў, творчых калектываў і выканаўцаў. Таксама па традыцыі на Дні беларускага пісьменства праходзіць узнагароджанне пераможцаў конкурсу на лепшыя літаратурныя творы года, навукова-практычная канферэнцыя і шэраг іншых мерапрыемстваў.
У 2021 годзе сталіцай Дня беларускага пісьменства стаў старадаўні горад Капыль (Мінская вобласць). Гэта па-свойму ўнікальны літаратурны цэнтр краіны, бо больш за 50 вядомых беларускіх пісьменнікаў і паэтаў — ураджэнцы Капыльскага краю.
Сёлета Дзень беларускага пісьменства прымае горад Добруш, вядомы з XVI стагоддзя. Тут былі заснаваны першыя ў Беларусі папяровая фабрыка (1870) і фарфоравы завод, а знакамітым выхадцам Добрушскага краю з’яўляецца класік нацыянальнай літаратуры — пісьменнік, сцэнарыст і драматург Іван Шамякін.

Чым здзівіць Добруш гасцей свята
Каля 20 асноўных пляцовак разгорнуцца ў Добрушы падчас XXIX Дня беларускага пісьменства, які пройдзе 3-4 верасня. Важным момантам свята стане цырымонія ўскладання вянкоў і кветак да мемарыяльнага комплексу «Памяць», да брацкіх магіл. На набярэжнай ракі Іпуць прадставяць ваенна-гістарычную рэканструкцыю «Добруш партызанскі». Тут жа будуць працаваць інтэрактыўная экспазіцыя музеяў баявой славы ўстаноў адукацыі «Памяць пакаленняў», мабільны музей «Дарога памяці» Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і праект Нацыянальнага мастацкага музея «Ніколі не забудзем».
На вуліцы Князя Паскевіча разгорнуцца гандлёвыя рады, выстава-прэзентацыя турыстычнага патэнцыялу, «Паштовы павільён», маладзёжная пляцоўка. У скверы будзе працаваць дзіцячая інтэрактыўная зона. На адкрытай пляцоўцы каля фантана — лакацыі, падрыхтаваныя ўстановамі прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі вобласці. Гасцей свята запросяць наведаць выставу рэгіянальных друкаваных сродкаў масавай інфармацыі «Газетны бульвар», пляцоўку «Гісторыя друку Гомельшчыны». Пазнавальным і запамінальным абяцае стаць фестываль кнігі і прэсы.
На праспекце Міру госці пабываюць на тэматычных літаратурных падворках. Свае творчыя праекты прэзентуе Гомельскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі. Тут жа на рамесных шэрагах «Ад спадчыны да сучаснасці» можна будзе ўбачыць унікальныя аўтэнтычныя вырабы.
У дні свята пройдуць таксама традыцыйны міжнародны фестываль «Славянскія літаратурныя Дажынкі», уручэнне абласной літаратурнай прэміі ім. К. Тураўскага, рэгіянальнае свята духавых аркестраў «Фанфары Гомельшчыны», фестываль футбола памяці Уладзіміра Рыжанкова, персанальная выстава ганаровага грамадзяніна Добруша, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Уладзіміра Пракапцова. Навучэнцы і выкладчыкі Гомельскага мастацкага каледжа прэзентуюць творчы праект «Добруш вачыма мастакоў».

ПАД ЗНАКАМ ГОДА ГІСТАРЫЧНАЙ ПАМЯЦІ
Усе праекты XXIX Дня беларускага пісьменства ў Добрушы пройдуць пад знакам Года гістарычнай памяці. У канцэпцыю свята таксама закладзены такія тэмы, як гісторыка-культурная і духоўная спадчына Добрушскага раёна, юбілеі класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Багдановіча. Дадзеныя тэмы будуць раскрывацца як на сцэнічных, так і на іншых пляцоўках.
Традыцыйна Дзень беларускага пісьменства пачынае рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў», якая стартавала 31 жніўня. Сёлета экспедыцыя наведае Жыткавіцкі, Петрыкаўскі, Светлагорскі, Кармянскі, Чачэрскі, Веткаўскі і Добрушскі раёны. Упершыню разам з традыцыйнымі рэлігійнымі святынямі, з якімі ідзе экспедыцыя, будзе прадстаўлена мясцовая святыня, яе перадалі ў першым прыпыначным пункце аграгарадку Ленін Жыткавіцкага раёна. Акрамя таго, незвычайным у гэтым годзе з’яўляецца і Сад малітвы, які традыцыйна высаджваюць удзельнікі экспедыцыі. У кожным з наведаных населеных пунктаў яны высаджваюць па тры дрэвы, якія сімвалізуюць Троіцу і ў той жа час непарушнае адзінства трох народаў — Беларусі, Расіі і Украіны.
Завершыцца свята роднага слова перадачай вымпела сталіцы Дня беларускага пісьменства 2023 года — г. Гарадку Віцебскай вобласці.

Тамара Навуменка,
дырэктар Лоеўскай
цэнтральнай раённай
бібліятэкі:
— Святкуючы дзень беларускага пісьменства, мы аддаём даніну павагі ўсім тым, хто ствараў нашу культуру, садзейнічаў асвеце і падняў на высокі ўзровень беларускае мастацкае слова. Продкі пакінулі нам неацэнны скарб — родную мову, выдатнымі ўзорамі якой з’яўляюцца творы Францішка Багушэвіча і Максіма Багдановіча, Янкі Купалы і Якуба Коласа, Уладзіміра Караткевіча і Івана Мележа, Івана Шамякіна і Пімена Панчанкі, а таксама многіх іншых класікаў беларускай літаратуры.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK