1 лютага. Што зменіцца

У лютым будзе перагледжаны бюджэт пражытачнага мінімуму, што пацягне за сабой змяненне некаторых пенсій і дапамог. Вернецца збор за перасячэнне мяжы. Якія яшчэ важныя змены прынясе апошні месяц зімы — чытайце ў нашай падборцы.

 

Зменіцца бюджэт пражытачнага мінімуму

БПМ пераглядаюць штоквартальна:       1 лютага, 1 мая, 1 жніўня, 1 лістапада — і, як правіла, павышаюць. На перыяд з 1 лістапада 2022 года па 31 студзеня 2023 года бюджэт пражытачнага мінімуму ўстанавілі ў памеры 339,83 рубля.

Прапарцыйна росту бюджэту пражытачнага мінімуму мяняюцца і пенсіі для асобных катэгорый пенсіянераў і сацыяльныя пенсіі, а таксама дапамогі сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей.

 

Вырасце дапамога на дзяцей да 3 гадоў

Памеры дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў павялічваюцца з 1 лютага.

Пасля павышэння дапамога на першае дзіця складзе Br605,99, на другое і наступных дзяцей — Br692,56, на дзіця-інваліда — Br779,13. Памеры дапамогі выраслі на 9 %.

Як растлумачылі ў міністэрстве, у адпаведнасці з Законам № 7-З ад 29 снежня 2012 года «Аб дзяржаўных дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей» памеры гэтай дапамогі пераразлічваюцца два разы ў год: з 1 лютага і з 1 жніўня.

 

Школьныя канікулы ў дзяцей

Трэцяя чвэрць у школах пачалася 9 студзеня і скончыцца 25 сакавіка. Аднак для навучэнцаў першых і другіх класаў прадугледжаны дадатковыя канікулы з 20 па 26 лютага.

 

Вернецца збор за перасячэнне мяжы

Пасля Новага года збор за перасячэнне мяжы на аўтамабілі не спаганялі на тэрыторыі Гродзенскай, Брэсцкай, Віцебскай і Гомельскай абласцей, таму што ў канцы снежня 2022-га скончылася дзеянне адпаведных пастаноў. Падатак на выезд, які складаў адну базавую, вяртаецца на тэрыторыі вышэйпералічаных абласцей з 1 лютага. Памер платы не змяніўся і застаўся прывязаным да базавай велічыні (з 1 студзеня 2023 года — 37 рублёў).

 

Вырастуць стаўкі адзінага падатку

З лютага 2023 года пры вылічэнні адзінага падатку прымяняюцца новыя стаўкі — як інфармуе Міністэрства па падатках і зборах, яны павялічваюцца ў 1,5-3 разы ў залежнасці ад віду дзейнасці.

Адзіны падатак за студзень 2023 года разлічваецца па старых правілах, устаноўленых у дадатку 24 да Падатковага кодэкса ў рэдакцыі, якая дзейнічала да 31 снежня 2022 года.

 

Каму абяцаюць павысіць заробкі ў краіне?

Кандыдатамі на рост аб’яўлены будаўнікі. Як паведамілі ў Міністэрстве архітэктуры і будаўніцтва, у лютым 2023 года будзе перагледжана стаўка чацвёртага разраду — яна павінна вырасці на 17 %. Адметна, што кваліфікаваныя спецыялісты ў будаўнічай галіне па ўзроўні заработнай платы знаходзяцца на чацвёртым месцы сярод усіх галін гаспадарання ў краіне па выніках 2022 года.

Instagram
Telegram
VK
VK
OK