ПРЫЛЯЦЕЛА ЛАСТАВІЦА, ПРЫНЕСЛА НАМ МАСЛЕНІЦУ

На Лоеўшчыне Масленіцу адзначылі з народнымі забавамі, пышнымі блінамі і спаленнем пудзіла зімы.

Асноўнае святочнае дзеянне разгарнулася ў гарадскім парку, дзе ў гэтую суботу сабраліся сотні гараджан і гасцей райцэнтра. Для многіх гэта стала выдатнай нагодай весела правесці час разам, сустрэцца са знаёмымі і далучыць дзяцей да культуры продкаў.

Весялосць народнаму гулянню надавалі тэатральна-забаўляльная праграма, канцэрт, які падрыхтавалі артысты гарадскога цэнтра культуры, народных ансамбляў народнай песні “Жівыца” і “Пралеска” і ўдзельнікі праекта “Танцующий город”.

Якая ж Масленіца без шматлікіх забаў?! Тут былі і кіданне валёнка на даўжыню, і паядынак з падушкамі, і забіванне цвікоў на хуткасць. Але найбольшай папулярнасцю карысталася традыцыйнае пакарэнне масленічнага слупа вышынёю больш за 9 метраў з прызамі. Сёлета жадаючых паспрабаваць свае сілы на вачах іншых знайшлося шмат. Сярод іх былі не толькі дарослыя мужчыны, а нават дзяўчаты і дзеці. Усяго 11 падарункаў за смеласць і спрыт прынеслі дамоў удзельнікі свята.

Побач працавалі і гандлёвыя палаткі, у якіх можна было набыць розныя прысмакі: шашлыкі, бліны і іншую здобу, гарбату і каву, паласавацца папкорнам і салодкай ватай.

На народным гулянні было на што паглядзець і чаму павучыцца. Тэматычныя выставы творчых работ устаноў адукацыі Лоеўшчыны і раённай бібліятэкі, фотазоны і майстар-класы так і вабілі гасцей свята падысці бліжэй, зрабіць сваімі рукамі выраб у нетрадыцыйнай тэхніцы.

Праводзіць зіму жыхары і госці Лоева прыйшлі цэлымі сем’ямі і не хавалі свайго захаплення святам.

— Я вельмі люблю Масленіцу за яе весялосць, — падзялілася сваімі ўражаннямі дзесяцігадовая Ганна Гаўрушава, — і хоць блінцы пекці яшчэ не ўмею, затое вельмі іх люблю. З задавальненнем разам з сябрамі прынялі ўдзел у майстар-класе “Вясновы настрой”.

На провады зімы спецыяльна для таго, каб зарадзіцца вясновым настроем і паглядзець тэатралізованую праграму, прыйшлі і навучэнкі педколледжа Вераніка Ясь і Марыя Сіўцова:

—        Даведаліся пра Масленіцу з сацыяльных сетак і вырашылі прыйсці на свята разам. Тут шмат цікавых забаў, у некаторых мы нават паўдзельнічалі. Час правялі цікава і насычана, наогул, гэта адно з нашых любімых штогадовых святаў.

Instagram
Telegram
VK
VK
OK