85 ФАКТАЎ АБ РОДНАЙ ГОМЕЛЬШЧЫНЕ: НЕ ПРАПУСЦІЦЕ НОВУЮ РУБРЫКУ!

У гэтым годзе наша вобласць святкуе сваё 85-годдзе. У мінулым нумары газеты мы ўжо прэзентавалі юбілейны праект «85 гадоў пад небам Гомельшчыны». Сёння надышоў час пазнаёміць вас з яшчэ адной цікавай задумкай карэспандэнтаў «ЛК». Размова аб праекце «85 фактаў аб роднай Гомельшчыне». Менавіта столькі мы сабралі цікавых звестак аб рэгіёне, у якім жывём, і абавязкова пазнаёмім вас з імі. Першая “пяцёрка” ўжо ў гэтым нумары.

 

Дзе раніцай узыходзіць сонца раней за ўсё?

Гомельшчына распасціраецца на паўднёвым усходзе Беларусі, таму яе жыхары раней за ўсіх сустракаюць світанне. Гэта звязана з даўгатой мясцовасці (зямным мерыдыянам). Для Гомеля ён складае прыблізна 31 градус. Нягледзячы на тое, што горад саступае найбольш усходняй частцы Беларусі, Магілёву, промні сонечнага святла спачатку асвятляюць Гомель.

 

Чыгунка для дзяцей

У жніўні 1936 года ў Гомелі была адкрыта першая ў БССР дзіцячая чыгунка (далей — ДЧ). Адбылося гэта на стадыёне «Лакаматыў». 0,5 км — такая даўжыня першай часткі ДЧ. Памеры дарога мела малыя, але там былі і паравознае дэпо, і станцыйныя збудаванні, і нават навучальны будынак. Планавалася працягнуць яе на 3-4 кіламетры. Унікальны састаў складаўся з танка-паравоза дарэвалюцыйнай вытворчасці, а таксама з двух пабудаваных на Гомельскім вагонарамонтным заводзе пасажырскіх вагонаў, якія складалі па даўжыні не больш за пяць метраў. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны ДЧ закрылі, а яе выхаванцы адправіліся служыць на транспарт. У часы знаходжання Беларусі пад акупацыяй, дарога была канчаткова разбурана і аднаўленню не падлягала.

 

Нафта

20 жніўня 1964 года — знамянальны дзень у гісторыі Рэспублікі Беларусь. Справа ў тым, што каля вёскі Капароўка пад Рэчыцай з глыбіні звыш 2 тысяч метраў зафантанавала “чорнае золата”, а праз год беларуская нафта паступіла ў нафтаправод «Дружба». 1 мая пачалася прамысловая здабыча нафты. Такім чынам, у краіне ўзнікла новая і важная галіна.

 

Падарунак нябёсаў

Часам музейныя калекцыі краіны папаўняюцца тым, што дораць нябёсы. Жамчужына калекцыі Брагінскага краязнаўчага музея метэарыт «Брагін». Ён адносіцца да рэдкага тыпу жалезна-каменных метэарытаў — паласітаў, і належыць да групы мас рознай па вазе, але аднолькавай па складзе і структуры. Першая знаходка была зроблена, як мяркуецца, ў 1807 годзе. Агульная іх вага — больш за 800 кг. Метэарыт, які знаходзіцца ў Брагіне, важыць 38 кг.

 

Па слядах герояў рускіх былін

Існуе легенда аб паходжанні назвы вёскі Каўпень (цяпер аграгарадок) Лоеўскага раёна: маўляў, менавіта тут змагаліся Ілля Мурамец і Салавей-разбойнік. Адзін выкарыстаў кол, іншы абараняўся пнём, як вынік — назва населеннага пункта.

Instagram
Telegram
VK
VK
OK