ЛІЧБЫ Ў СЭРЦЫ

22, 1943, 3, 6, 149, 75, 649, 186, 2023… Гэта не лічбы галаваломкі, а лічбы Хатыні, якія ў сэрцы кожнага беларуса. Хатынь — наш нястомны боль. Гэта адзін з тысяч фактаў, якія сведчаць аб мэтанакіраванай палітыцы генацыду фашысцкай Германіі ў адносінах да насельніцтва Беларусі, якую нацысты ажыццяўлялі на акупаванай тэрыторыі. Гэта я ведаю са школы і ніякія заходнія правакатары не ўпэўняць мяне ў зваротным.

 

22 сакавіка 1943 года застаўся толькі попел ад некалі ціхай і ветлівай беларускай вёсачкі. 22 сакавіка гэтага года споўнілася 80 гадоў з дня гэтай жудаснай трагедыі Вялікай Айчыннай вайны. 149 жыхароў загінула ў агні, 75 з іх былі дзеці, 6-ці — удалося выратавацца, 3-м — выжыць у аб’ятым полымем хляве. Усяго ў выніку палітыкі генацыду фашысцкай Германіі на Беларусі было спалена 649 вёсак, 186 умоўных магіл размешчаны ў мемарыяльным комплексе “Хатынь”.

З кожным годам усё далей і далей ад нас гераічныя і трагічныя гады Вялікай Айчыннай вайны. Сёння можна з упэўненасцю сказаць, што ў гісторыі Хатынскай трагедыі больш няма белых плям. Гэта даказаны гістарычны факт, падмацаваны як матэрыяламі крымінальных спраў мінулых гадоў і архіўнымі дакументамі, так і вынікамі расследавання Генеральнай пракуратуры генацыда беларускага народа, як бы не гераізавалі нацыстаў у краінах-апанентах.

Уласна мяне абурае тое, што гэтая тэма становіцца мішэнню для фэйкаў і здагадак. Таму любыя спробы вынасу на абмеркаванне грамадскасці правакацыйных пытанняў, якія ставяць пад сумненне хатынскую трагедыю, неабходна рашуча спыняць, паколькі гэта робіцца з мэтай зганьбіць нашу гісторыю і падарваць годнасць беларускай нацыі. Нашы продкі зрабілі ўсё магчымае, нават коштам свайго жыцця, каб іх нашчадкі жылі пад мірным небам. Наш абавязак — яго захаваць, перадаваць памяць аб гэтым подзвігу, стойкасці, мужнасці, самаахвярнай любові да сваёй Айчыны з пакалення ў пакаленне. І ведаючы аб тым, што адбывалася на нашай зямлі падчас Вялікай Айчыннай, мы павінны шанаваць нашу незалежную суверэнную рэспубліку, паважаць сваю гісторыю, шанаваць тое, што ў нас ёсць. Бо без праўдзівага прошлага — няма будучага.

Пацярпела ад генацыду і лоеўская зямля. Шмат вёсак нашага раёна былі спалены дашчэнту, многія — часткова. У пачатку чэрвеня 1943 г. нямецка-фашысцкія акупанты здзейснілі масавую расправу над жыхарамі вёсак Хаткі, Рудня Удалеўская і Рудня Бурыцкая. Вёска Рудня-Пясочная стала пабрацімам Хатыні. Пасля заканчэння вайны яна так і не аднавілася. Па пасляваенных звестках ахвярамі варварскага тэрору, накіраванага супраць слабых і безабаронных мірных жыхароў, сталі больш за паўтары тысячы жанчын, старых і дзяцей Лоеўшчыны. Больш за семсот чалавек загінулі падчас акупацыі, больш за дзве тысячы працаздольных жыхароў былі сагнаныя ў Германію.

У Беларусі няма месца забыццю і рэвізіі гісторыі. Беларускі народ даў прынцыповую ацэнку злачынствам гітлераўцаў і здраднікаў Радзімы. З боку нашай дзяржавы надаецца вялікая ўвага ўшанаванню памяці ахвяр палітыкі генацыду ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У 2021 годзе на тэрыторыі Гомельскай вобласці быў адкрыты мемарыяльны комплекс «Ала», узведзены на месцы вёскі Ала, якая падзяліла лёс Хатыні. Ні на адной геаграфічнай карце свету няма населенага пункта з такой назвай, але пра яго ведаюць у многіх кутках нашай планеты. У 2022 годзе завяршылі рэканструкцыю ваенна-гістарычнага комплексу «Партызанская крынічка». Сёлета стартаваў збор сродкаў на рэканструкцыю мемарыяльнага комплексу “Азарычы». Лаяўчане з энтузіязмам падключыліся да грамадскай ініцыятывы, бо ў гарпасёлку яшчэ дагэтуль жывыя відавочцы тых страшных падзей вясны 1944 года — Ганна Дзянісаўна Пятрэнка і Ганна Фёдараўна Даніловіч.

Такімі ўчынкамі мы, беларусы, даем адказ тым, хто зносіць помнікі, гераізуе зраднікаў, падтрымлівае фашызм ва ўсіх яго праявах, усё далей падштурхоўвае Украіну на шляху самазнішчэння, забяспечвае яе зброяй, імкнучыся развіваць украінскі канфлікт, а не сесці за стол перамоў.

Таму цяпер, як ніколі, важна памятаць урокі вайны, не даць фашызму зноў падняць галаву. Мы павінны цвёрда засвоіць: толькі мір і згода, узаемадзеянне і ўзаемадапамога служаць надзейным падмуркам дабрабыту любой краіны. Усе мы павінны ўнесці свой уклад у захаванне і ўмацаванне нашай галоўнай каштоўнасці — міру, адзінства і згуртаванасці народа.

Святлана Ягорава, «ЛК».

Instagram
Telegram
VK
VK
OK