ЛЮБОЎ ДА РОДНАЙ МОВЫ ПРАЗ УСЁ ЖЫЦЦЁ

Мова — гэта тое, без чаго не можа жыць ніводны чалавек. Для Марыі Крупейчанка, вопытнага педагога вышэйшай катэгорыі сярэдняй школы імя А.В. Казлова, самая найлепшая мова на свеце — беларуская.

Марыя КРУПЕЙЧАНКА

Данесці да вучняў неабходныя веды і ўменні можа толькі той, хто сам ўпэўнена валодае прадметам, мае жаданне вучыць і сапраўды любіць дзяцей. Гэта пра Марыю Уладзіміраўну. Больш за 40 гадоў яна кожны ўрок дзеліцца з падрастаючым пакаленнем лаяўчан назапашанымі ведамі, імкнецца выхаваць у іх любоў да роднай мовы, павагу да сваёй краіны. Яна, быццам садоўнік, прарошчвае, палівае і аберагае парасткі пасеянага ім насення, бо спелы і карысны плод магчыма выгадаваць толькі ў тым выпадку, калі ён вырашчаны з любоўю і клопатам. Вучняў Марыі Уладзіміраўны ведаюць як пераможцаў чацвёртага і трэцяга этапаў рэспубліканскай алімпіяды, абласных конкурсаў рытарычнага майстэрства «Гавары са мной па-беларуску», «Ведай родную мову». Сапраўды багатым на ўзнагароды за плённую працу для настаўніка стаў 2022/2023 навучальны год. 

Радавацца спачатку поспехам іншых, а затым ужо сваім — жыццёвая ўстаноўка М. Крупейчанка. Творчымі справамі адрозніваецца і сама настаўніца — актыўны ўдзельнік і пераможца інтэлектуальных прафесійных спабортніцваў.  На працягу ўсёй сваёй выдатнай працы педагог з’яўляецца для дзяцей станоўчым прыкладам маральных якасцяў.  З года ў год адносіны да яе школьнікаў змяняюцца. Спачатку яна здаецца ім строгай і патрабавальнай, справядлівай і мудрай, але па меры сталення яны пазнаюць усю глыбіню і шчырасць душы Марыі Уладзіміраўны, за што нярэдка яна чуе ад іх сардэчнае дзякуй.

Instagram
Telegram
VK
VK
OK