БЕССМЯРОТНАГА ПОДЗВІГУ СТАРОНКІ

За гады вайны наш земляк, Герой Савецкага Саюза, славуты лётчык Аляксей Казлоў 248 разоў падымаўся на баявыя заданні ў неба, збіў 14 самалётаў праціўніка, патапіў нямецкі марскі транспарт, разграміў штаб гітлераўскага егерскага корпуса, бамбіў варожыя парты і склады са зброяй і боепрыпасамі, вёў блізкую і далёкую разведку.

Аляксея Васільевіча Казлова называлі ”беларускім Марэсьевым”. Лёс, нанёсшы кожнаму з іх аднолькава жорсткі ўдар, паставіў побач імёны гэтых двух герояў, неардынарных асоб. Абодва змаглі яго пераадолець, выстаяць, застацца ў страі.

 

Нарадзіўся Аляксей Казлоў 25 лютага 1913 г. у горадзе Кацярынаслаў (зараз г. Днепр — Украіна), дзе тады жыла яго сям’я. Але дзіцячыя і юнацкія гады юнака прайшлі ў Лоеве, куды яго бацькі вярнуліся на пастаяннае жыхарства. Тут Аляксей скончыў сямігодку. У мястэчку на Дняпры, месцы з дзіўнай, непаўторнай прыродай, узрасталі два будучых Героі Савецкага Саюза: стрыечныя браты Рыгор Сяргеевіч Пінчук і Аляксей Васільевіч Казлоў. Бацька Рыгора — Сяргей Гаўрылавіч Пінчук і маці Аляксея — Лукер’я Гаўрылаўна Пінчук (у замужжы Казлова) — родныя брат і сястра. Верагодна, ген геройства быў у крыві ў сям’і Пінчукоў. Братоў, нягледзячы на знешнюю непадобнасць і непадабенства характараў, аб’ядноўвала любоў да роднай зямлі, гатоўнасць да самаахвяравання дзеля яе. Па ўспамінах стрыечнай сястры герояў Алены Цімафееўны Пінчук: “Рыгор быў невысокага росту, каржакаваты, спакойны, ураўнаважаны. Аляксей жа — высокі, стройны, энергічны, хуткі, як агонь”.

У 1932 г. пасля заканчэння Днепрапятроўскага чыгуначнага тэхнікума Аляксей Казлоў быў прызваны на Чарнаморскі флот. Скончыў школу тарпедыстаў у Севастопалі, служыў на флагманскім мінаносцы ”Шаумян”. Але ўсё ж яго настойліва клікала да сябе неба. Скончыўшы Севастопальскае лётнае вучылішча ў 1934 г., Аляксей становіцца лётчыкам-назіральнікам марской авіяцыі. Па заканчэнні вайсковай службы працаваў тэхнікам у горадзе Лепель на Віцебшчыне.

Распачатая ў 1939 г. савецка-фінская вайна, спыніла яго мірную працу. Аляксей Казлоў удзельнічае ў баявых дзеяннях, атрымлівае ў небе сваё баявое хрышчэнне. За некалькі месяцаў вайны (1939-1940 гг.) ён на сваім самалёце «Р-5» здзейсніў 57 вылетаў.

У гады Вялікай Айчыннай вайны наш зямляк ваяваў у складзе 118-й асобнай далёкай разведвальнай авіяэскадрыллі 7-й паветранай арміі. Змагаўся з ворагам у небе Балтыкі, Карэліі, Запаляр’я. Яму часта даводзілася весці разведку ў глыбокім тыле ворага, трапляць на тэрыторыю праціўніка на глыбіню да 500 км, лётаць над ахоўваемымі варожымі аб’ектамі. Такія палёты былі спалучаныя са смяротнай рызыкай, кожны мог стаць апошнім. Тры разы немцы збівалі самалёт Аляксея Казлова, тройчы лётчык быў цяжка паранены. Але выбіраўся, здавалася б, з безнадзейных сітуацый і зноў станавіўся ў баявыя строй. Дапамагалі яму моцная загартоўка, жыццеўстойлівасць, сіла духу, прыроджаны аптымізм. Адзін такі выпадак, калі лётчык ледзь не загінуў, адбыўся ў жніўні 1942 г. Падчас бамбёжкі порта Кемі самалёт Аляксея Казлова быў падбіты. Штурман і стралок-радыст загінулі, сам жа паранены лётчык патрапіў у ваду Батнічнага заліва. Перамагаючы боль у параненай назе, амаль 2 км ён плыў у халоднай вадзе да берага, затым на працягу 11 сутак дабіраўся праз усю Фінляндыю да сваіх. І дабраўся. У верасні ўжо зноў лётаў.

Наш зямляк асвоіў многія тыпы самалётаў, у дасканаласці валодаў лётным майстэрствам. Рознай была дзейнасць лётчыка на вайне. Сумяшчаў разведку з бамбардзіроўкай варожых аб’ектаў, бо быў загад стаўкі: ”Ніводнага вылету без бомбаў”. У кастрычніку 1942 г. А. Казлоў патапіў у Батнічным заліве буйны нямецкі марскі транспарт, які вёз снарады і авіябомбы. Камандуючы групай нямецкіх армій “Поўнач” генерал Дзітль дакладваў у Берлін: “…два палка бамбавікоў Саветаў патапілі транспарт Рэйха з мірнымі грузамі”. Гэтым “палком” стаў Аляксей Казлоў, самалёт якога адзін у той дзень знаходзіўся на заданні над залівам. У баявым актыве лётчыка таксама разгром штаба нямецкага горна-егерскага корпуса ў фінскім мястэчку Маятала паблізу нарвежскай мяжы. Дзве 250-кілаграмовыя фугасныя бомбы ўпалі з яго самалёта на будынак штаба корпуса якраз у той момант, калі там ішла раздача жалавання. 252 нямецкія афіцэры, у тым ліку тры генералы, былі знішчаны. За гэтую аперацыю камандаванне арміі аб’явіла А. В. Казлову падзяку з уручэннем імяннога гадзінніка.

У 1942 г. за выдатнае выкананне заданняў камандавання наш зямляк быў узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга і Айчыннай вайны 2-ой ступені, а 20 лістапада 1943 г. прадстаўлены да звання Героя Савецкага Саюза. У рапарце камандзіра гаварылася: “Валодаючы высокімі валявымі якасцямі, адвагай і знаходлівасцю, тактычнай граматнасцю, паспяхова выканаў шэраг найцяжэйшых баявых задач”. 4 лютага 1944 г. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР старшаму лейтэнанту А. В. Казлову было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з узнагароджаннем ордэнам Леніна і медалём «Залатая Зорка» за нумарам 3130.

3 сакавіка 1944 г., лётчык здзейсніў свой апошні баявы вылет. У гэты дзень ён разбамбіў варожыя аўтарамонтныя майстэрні ў раёне невялікай чыгуначнай станцыі Юнтусранта. Вось як успамінае пра гэта сам Аляксей Васільевіч: “Ішоў сакавік 1944 года… Лячу над варожай тэрыторыяй на невялікай вышыні. На ўскраіне населенага пункта, што вынырнуў з-пад крыла самалёта, бачу збудаванні, каля якіх стаяць танкі. Скідаю бомбы. Аўтарамонтныя майстэрні ўспыхнулі агнём. Вяртаючыся назад, я трапіў пад зенітны абстрэл. Адзін снарад трапіў у самалёт. Асколкам прабіла кабіну, пашкоджаны матор і правая плоскасць. Ударыла і апаліла галаву. Кроў заліла вочы. Сціснуўшы зубы, спрабую дацягнуць скалечаную машыну да сваёй тэрыторыі. Не памятаю, як мне ўдалося здзейсніць пасадку. Гэта было на нашым баку, непадалёк ад лініі фронту. Знайшлі мяне на шостыя суткі ў некалькіх сотнях метраў ад лініі фронту. То губляў прытомнасць, то прыходзіў у сябе і поўз, з цяжарам пераадольваючы кожны метр. Стаяў моцны мароз. Ступні абедзвюх ног былі абмарожанымі.” У шпіталі пры аперацыі хірургі вымушаны былі ампутаваць абмарожаныя пальцы і большую частку ступняў ног. Толькі на дваццатыя суткі прыйшоў Аляксей у прытомнасць. Можна сабе ўявіць, што ён адчуў, калі зразумеў, што адбылося. У гэтым баі лётчык таксама атрымаў цяжкую траўму галавы з пераломам асновы чэрапа і лобнай часткі. Амаль цалкам прапаў зрок. Пазней, у Цэнтральным авіяцыйным шпіталі ў Маскве, дзе далечваўся Аляксей Казлоў, у яго з галавы выцягнулі асколкі. Зрок удалося аднавіць. Праз паўгода цяжкапаранены лётчык стаў зноўку вучыцца хадзіць, спачатку на мыліцах, потым без іх. З вялікай цяжкасцю даваўся яму кожны крок. Але Аляксею было толькі 30 гадоў, і ён не збіраўся здавацца і з неверагоднай упартасцю трэніраваўся хадзіць зноў і зноў. Праз дзевяць месяцаў А. Казлоў з’явіўся на пасяджэнне медкамісіі і папрасіў адправіць яго на фронт. Пасля грунтоўнай праверкі лекары вынеслі прысуд: “Накіраваць на выкладчыцкую працу ў авіяцыйнае вучылішча”. Аляксей Васільевіч стаў працаваць інструктарам у Краснадарскай школе пілотаў, рыхтаваў для авіяцыі маладых лётчыкаў. Спачатку мала хто ў вучылішчы ведаў, што ў новага інструктара моцна пашкоджаны ступні абедзвюх ног — так па-майстэрску лётаў ён на вучэбна-трэніровачным самалёце.

У 1947 г. А.В. Казлоў у званні капітана быў дэмабілізаваны з авіяцыі па стану здароўя і вярнуўся ў Лоеў. Ажаніўся, пабудаваў дом. Але дзейная душа не дазваляла сядзець без справы. Арганізаваў у Лоеве дзіцячую бібліятэку, стаў яе дырэктарам. Аляксей Васільевіч вельмі любіў дзяцей. Гэта дзеля іх, за іх будучыню праліваў ён кроў на вайне, змагаўся з жорсткім ворагам. Ён быў частым госцем у Лоеўскай школе і педвучылішчы, дзе хлопцы і дзяўчаты, заўсёды затаіўшы дыханне, слухалі апавяданні былога лётчыка аб паветраных сутычках з фашыстамі. Аляксей Васілевіч разам з жонкай Валянцінай Аляксееўнай, таксама ўдзельніцай вайны, выхавалі траіх дзяцей — двух сыноў і дачку. Бацька заўсёды быў для іх сябрам і дарадцам. З вялікай цеплынёй успамінае пра стрыечнага брата Алена Цімафееўна Пінчук: Аляксей быў вялікім веселуном, балакам. Ведаў мноства небыліц, анекдотаў, жартаў. З яго з’яўленнем у нашым доме адразу ўзнікала ажыўленне, весялосць”. Як чалавек, які шмат выпакутаваў і перанёс цяжкасці ў жыцці, Аляксей Васілевіч заўсёды быў гатовы адгукнуцца на чужое гора, прыйсці на дапамогу.

Вайна працягвала нагадваць аб сабе. Хадзіў ён на пятках, абапіраючыся на кій, і вельмі пакутаваў ад болю ў нагах. Цяжкія выпрабаванні, выпаўшыя на долю А. В. Казлова, не прайшлі бясследна. Здароўе яго было моцна падарвана. У чэрвені 1976 г. ва ўзросце 63 гады яго не стала. Ва ўшанаванне памяці аб славутым земляку яго імя носіць сярэдняя школа, ў яго гонар названа адна з вуліц райцэнтра.

У 2015 г. падчас стварэння Алеі Герояў-землякоў у г. п. Лоеве Казлову А. В. быў усталяваны помнік.