Навасны блок
У ВЯЛІКАБРЫТАНІІ з’явілася і ўжо актыўна распаўсюджваецца новая небяспечная варыяцыя каранавіруса — AY.4.2. Гаворка ідзе пра варыяцыі так званага “дэльта”-штамма COVID-19, тым не менш ён валодае значна большай заразнасцю, чым зыходны варыянт, — мінімум на 10-15%.
Так, дырэктар Інстытута генетыкі Лонданскага ўніверсітэта Франсуа Балу папярэдзіў, што AY.4.2 можа апынуцца самай заразнай версіяй інфекцыі, якую выявілі з пачатку пандэміі. Паводле яго слоў, ён фіксуецца пакуль толькі выключна на тэрыторыі Злучанага Каралеўства, на яго прыпадае каля 10% выпадкаў заражэнняў у краіне. Разам з тым Балу дапусціў, што распаўсюджванне новай формы можа быць не больш як “выпадковай дэмаграфічнай падзеяй”.
Жорсткія затрыманні непаўналетніх у ЗША, у тым ліку маленькіх дзяцей, сталі прадметам журналісцкага расследавання агенцтва Associated Press. Аўтары прааналізавалі дадзеныя прыкладна аб 3 тысячах выпадкаў прымянення сілы паліцыяй супраць дзяцей да 16 гадоў за апошнія 11 гадоў у 17 штатах. Дзяцей кідалі на зямлю, білі, накіроўвалі на іх агнястрэльную зброю, апраналі кайданкі, ужывалі электрашокеры. Пры гэтым у некаторых выпадках непаўналетнім было не больш за 6 гадоў. Справа ў тым, што ў ЗША не забаронена прымяненне паліцыяй гвалту ў дачыненні да дзяцей. Няма такога закону.
У ТУРЦЫІ чэргі на заправачных станцыях. Пасля аб’явы аб павышэнні цэн на бензін туркі імкнуцца ўдосталь назапасіцца палівам. На АЗС — калоны машын. Бесперапынны рост замежных валют прымусіў турэцкіх імпарцёраў нафты, а ўслед за імі і нафтаперапрацоўшчыкаў перагледзець кошты на паліва.
ГЕРМАНІЯ. Экстрэмальныя цэны на газ прымушаюць прадпрыемствы прастойваць без працы. Кампаніі проста не могуць закупляць блакітнае паліва па завоблачных цэнах. Націск газавага голаду не вытрымала энергетычная кампанія Германіі. Брандэнбургская Otima Energie пачала працэдуру банкруцтва і спыніла пастаўкі газу і электрычнасці.
ЛІТВА. У Вільнюсе работнікі грамадскага транспарту рыхтуюцца да бестэрміновай забастоўкі. Яна пачнецца з 8 лістапада. Людзі патрабуюць павялічыць зарплату і палепшыць умовы працы, напрыклад, даць час для абедзеннага перапынку. Мэр літоўскай сталіцы назваў забастоўку палітычнай акцыяй.
УКРАІНА. Украінскі рынак зацікавіўся курынымі яйкамі беларускай вытворчасці. Тое, што гэты тавар прыцягнуў увагу, нядзіўна — свае птушкафабрыкі ва Украіне скарацілі вытворчасць яек з пачатку года на чвэрць. На фоне дарагавізны збожжа прадпрыемствы альбо рэзка скарачаюць пагалоўе курэй, альбо наогул зачыняюцца. У выніку краіна ўпершыню за гады незалежнасці імпартуе яйкі з Беларусі.
У МАНГОЛІІ зафіксавана ўспышка яшчуру ў буйной рагатай жывёлы, уведзены карантын. Яшчур — вострае віруснае захворванне жывёл. Чалавек можа ім заразіцца яшчурам, ужываючы сырое малако хворых жывёл і прадукты яго перапрацоўкі, радзей — спажыўшы мяса.
КІТАЙ. Алімпійскі агонь Гульняў 2022 года дастаўлены з Афін у Пекін. Самалёт з дэлегацыяй аргкамітэта прызямліўся 20 кастрычніка ў міжнародным аэрапорце кітайскай сталіцы. Затым каля нацыянальнага стадыёна была праведзена ўрачыстая цырымонія сустрэчы агню.
Алімпіяда ў Пекіне пройдзе з 4 па 20 лютага, Паралімпіяда — з 4 па 13 сакавіка.
Такім чынам, кітайская сталіца ўвойдзе ў гісторыю як першы горад, які прымаў як летнюю, так і зімовую Алімпіяду.
