Сусветныя навіны

Навасны блок.

МАЛДОВА. Энергакрызіс працягвае паглынаць Еўропу. У Малдове зноў загасілі Вечны агонь у мэтах эканоміі блакітнага паліва. На гэты раз газ берагуць за кошт мемарыяла ў горадзе Кагул. Раней Вечны агонь ужо адключалі ў Кішынёве, аднак пасля абурэння гараджан полымя запалілі зноў. Кіраўнік Россупрацоўніцтва Яўген Прымакоў ужо заяўляў, што ведамства гатова аплаціць газ для Вечнага агню ў Малдове, калі дзяржава сама не ў стане выконваць свой абавязак перад загінуўшымі пераможцамі фашызму.

ВЯЛІКАБРЫТАНІЯ. У Брайтане пратэстуюць вадзіцелі камунальнай тэхнікі. Вуліцы горада зараз больш падобныя на звалку. Адходы тут не вывозяць ужо больш за 2 тыдні. Смецце ўсюды: каля жылых дамоў, на прыпынках і ля магазінаў. Супрацоўнікі незадаволены нізкім узроўнем аплаты працы. Прафсаюзы ўжо вядуць перагаворы па гэтым пытанні. Улады ж знайшлі свой метад вырашэння праблемы. Яны прапануюць аплаціць вываз адходаў прыватным арганізацыям.

ГЕРМАНІІ пагражае дэфіцыт дальнабойшчыкаў. Па стане на верасень вакансій у краіне ўжо больш як на шэсць з паловай тысяч больш, чым афіцыйных беспрацоўных. Раней праблему вырашалі за кошт выхадцаў з усходнееўрапейскіх краін, аднак падчас пандэміі прайшла хваля скарачэнняў. Гэта істотна знізіла прывабнасць прафесіі. Эксперты папярэджваюць, што без канкрэтных мер, такіх як павышэнне зарплат і паляпшэнне ўмоў працы, дэфіцыт кадраў папоўніць не атрымаецца.

ПОЛЬШЧА. Польскія пагранічнікі набылі законную падставу для выправаджэння мігрантаў. У краіне ўступілі ў сілу папраўкі да закона аб замежніках.
Яны даюць магчымасць адразу пасля нелегальнага перасячэння граніцы адпраўляць мігрантаў назад, а таксама пакінуць запыт аб прадастаўленні прыстанішча без разгляду. Нелегальнаму мігранту таксама будзе забаронены ўезд у Польшчу і краіны Шэнгенскай зоны тэрмінам да трох гадоў. Таксама ўводзяцца штрафы і магчымасць турэмнага зняволення за разбурэнне прыгранічнай інфраструктуры. Парушальнікам пагражае да 5 гадоў турмы. Для непаўналетніх прадугледжаны штрафы. Папраўкі набываюць моц на фоне крытыкі праваабарончых арганізацый, якія абвінавачваюць Польшчу ў жаданні легалізаваць выцясненне замежнікаў з краіны.

Ва УКРАІНЕ колькасць нарказалежных можа дасягаць паўтара мільёна чалавек, гэты паказчык штогод павялічваецца на 8-10%. Аб гэтым заявіла генеральны пракурор Украіны, падкрэсліўшы, што тэмпы росту наркаманіі ў краіне з’яўляюцца аднымі з самых высокіх у свеце. Больш за ўсё злачынстваў, звязаных з распаўсюджваннем наркотыкаў, зафіксавана ў Харкаўскай, Днепрапятроўскай, Адэскай і Данецкай абласцях, а таксама ў Кіеве.
АЎСТРАЛІЯ. Не паспелі жыхары аўстралійскага Мельбурна адсвяткаваць завяршэнне самага зацяжнога лакдаўна (ён доўжыўся больш за 260 дзён), як з’явілася інфармацыя аб планах кіраўніцтва штата Вікторыя зноў узмацніць абмежаванні. Дзясяткі грамадзян прыйшлі да будынка парламента з патрабаваннем, у прыватнасці, дазволіць ім выязджаць за межы штата наведваць сваякоў. Пры гэтым захоўваецца і забарона на калектыўныя сходы, пакуль не будзе прышчэплена 80% насельніцтва, заявілі ўлады.

Урад ЯПОНІІ мае намер абмежаваць доступ замежных студэнтаў, якія навучаюцца на тэрыторыі краіны, да тэхналогій, якія могуць мець абароннае значэнне або быць звязанымі з забеспячэннем нацыянальнай бяспекі.
Адзначаецца, што японскія ўніверсітэты павінны будуць атрымліваць дазвол ад Міністэрства прамысловасці перад тым, як даць доступ замежным студэнтам да адукацыйных праграм, звязаных з тымі ці іншымі важнымі для краіны тэхналогіямі.
У той жа час падкрэсліваецца, што ўзмацненне правіл закране замежных студэнтаў, якія могуць знаходзіцца пад прамым або ўскосным дзяржаўным уплывам іншых краін — у прыватнасці, у тым выпадку, калі больш за 25% даходу студэнта паступае ад замежнага ўрада.
Чакаецца, што папраўкі ў заканадаўства будуць унесены ўжо да канца гэтага года.

Аксана Шамела, “ЛК”.

Добавить комментарий

Instagram
VK
VK
OK