Навіны
ВЯЛІКАБРЫТАНІЯ. Сусветны рынак пластыка можа страціць частку сваіх спажыўцоў, а дакладней пераарыентаваць іх на новы прадукт. Бясшкодны пластык для планеты стварылі брытанскія навукоўцы. Пры раскладанні ён ператвараецца ў воск. Эксперыменты паказалі, што навінка ў выглядзе тонкага пакавальнага матэрыялу раскладаецца ўсяго за 226 дзён, у той час як звычайны пластыкавы пакет каля тысячы гадоў. Акрамя таго, такія прадукты можна выкарыстоўваць паўторна. Гэтыя тэхналогіі ўжо папулярныя ў Азіі.
У ІНДЫІ зноў пратэстуюць фермеры. Яны заблакавалі дарогі, патрабуючы адмены зямельнай рэформы. Нагадаем, акцыі аграрыяў у краіне працягваюцца з лістапада мінулага года — удзельнікі патрабуюць адмяніць папраўкі ў закон аб сельскай гаспадарцы. Фермеры мяркуюць, што новаўвядзенні даюць вялікую ўладу перакупнікам і прывядуць да адмены гарантаванай мінімальнай закупачнай цаны на сельгаспрадукцыю.
ЕМЕН ахапіла хваля пратэстаў на фоне эканамічнага крызісу. Людзі выйшлі на вуліцы з-за рэзкага падзення курсу нацыянальнай валюты, на фоне якога зачынілася большасць крам. Дэманстранты перакрывалі дарогі і падпальвалі шыны. Для разгону паліцыя спачатку адкрыла стральбу ў паветра. У ход таксама пайшлі і гумовыя дубінкі.
Па дадзеных ААН, з 30-мільённага насельніцтва краіны больш за 20 мільёнаў маюць патрэбу ў гуманітарнай дапамозе.
Абавязковую вакцынацыю медперсаналу абвясціў урад ЛАТВІІ. Патрабаванне закране таксама выкладчыкаў навучальных устаноў, выхавацеляў дзіцячых садкоў, а таксама ўсіх сацыяльных работнікаў. Мера ўступае ў сілу з 15 лістапада. З гэтага дня дзяржава перастане аплачваць COVID-тэсты.
АФГАНІСТАН. Прызначаны радыкальным рухам “Талібан” новы рэктар Кабульскага ўніверсітэта абвясціў, што жанчынам цяпер забаронена выкладаць ці вучыцца ў гэтай установе, пакуль не будзе ўсталяваны “сапраўдны ісламскі парадак”.
Такая палітыка галоўнай ВНУ Афганістана ўзгадняецца з ранейшымі правіламі, усталяванымі “Талібанам” ў перыяд знаходжання ва ўладзе з 1996-га па 2001 год, у адпаведнасці з якімі жанчын не пускалі ў грамадскія месцы без суправаджэння сваяка-мужчыны, білі за непадпарадкаванне і не дапускалі да адукацыі.
Раней новы ўрад аб’явіў, што студэнткі ў Афганістане могуць вучыцца ва ўніверсітэтах, але асобна ад студэнтаў-мужчын і з нашэннем “мусульманскага адзення для жанчын”.
УКРАІНА. Будучай зімой базавая цана газу для бюджэтных устаноў у краіне павялічыцца амаль у тры разы. Як справяцца з ацяпленнем бальніцы, школы, дзіцячыя сады?
Узляцеўшыя цэны на газ пагражаюць не толькі здароўю людзей, яны ўбіваюць украінскую эканоміку. Вытворчасці губляюць канкурэнтаздольнасць і руйнуюцца.
Мясцовыя эксперты не раз казалі пра наступствы гэтых схем уладам Украіны, але пагібельны працэс рухаецца сямімільнымі крокамі.
Урад ФІНЛЯНДЫІ мае намер падоўжыць да канца 2021 года дзеянне патрабаванняў да ўезду ў краіну, уведзеных ва ўмовах пандэміі каранавіруса.
Кабмін накіраваў парламенту прапанову аб прадаўжэнні дзеяння адпаведных палажэнняў закона аб інфекцыйных захворваннях. Такім чынам, да канца года ад прыязджаючых у Фінляндыю грамадзян, якія нарадзіліся ў 2005 годзе і раней, будуць патрабаваць сертыфікат аб перанесеным захворванні або вакцынацыі прызнанымі ў краіне прэпаратамі або адмоўны тэст на COVID-19.
