
Юравіцкі манастыр
Манастыр у Юравічах — старажытная святыня праваслаўя і каталіцтва. У другой палове XVII стагоддзя ў Палескім сяле Юравічы на рацэ Прыпяць абгрунтаваліся манахі-езуіты. Яны прывезлі з сабой абраз Багародзіцы, перад якой пасля шчырых малітваў здзяйсняліся многія цуды. Паводле падання сама Маці Божая выбрала Юравічы месцам свайго знаходжання: калі малады ксёндз адправіўся з абразом у доўгі шлях, коні ўсталі як укапаныя, і нішто не магло прымусіць іх зрушыць з месца. Уражаны святар пачуў голас Божай Маці, якая сказала, што яе вобраз павінен застацца ў Юравічах.
Спачатку тут пабудавалі невялікую каплічку на гары. З таго дня цудатворная ікона Божай Маці лічыцца заступніцай Юравічаў і Мазырскага Палесся, яе аднолькава шануюць і каталікі, і праваслаўныя.
У пачатку ХVIII стагоддзя на месцы капліцы манахі-езуіты пабудавалі драўляны касцёл. Але ў выніку пажару ён быў пашкоджаны, і манахі вырашылі зрабіць новы храм з каменя. Пры манастыры былі музычная бурса, тэатр і бібліятэка, якая налічвала больш за дзвесце кніг XVI–XVIII стагоддзяў. Храм Нараджэння Дзевы Марыі — дамінанта Юравіцкага манастыра. Датуецца ён 1746 годам. У ХІХ стагоддзі манахі падтрымалі паўстанне, з-за чаго манастыр перадалі іншаму каталіцкаму ордэну. У 1865 годзе касцёл быў перададзены праваслаўным і асвечаны ў царкву Нараджэння Прасвятой Багародзіцы. Пасля яе асвячэння па праваслаўным звычаі цудатворны абраз працягваў тварыць цуды. Было вырашана яшчэ раз правесці рэканструкцыю храма ў псеўдарускім стылі, упрыгожыўшы яго 12 купаламі. Пасля рэвалюцыі царква была зачынена. Падчас нямецкай акупацыі комплекс з’яўляўся абаронным пунктам для нямецкага гарнізона, у будынку калегіума жыў нямецкі лекар. Пасля вайны ў манастыры арганізавалі дзіцячы дом. У 1958 годзе адзін з выхаванцаў зваліўся з манастырскай вежы, пасля чаго манастыр паспрабавалі разабраць на цэглу, але не змаглі – езуіты будавалі свае манастыры-крэпасці на стагоддзі. У 1993 годзе манастырскія руіны былі перададзены праваслаўнай царкве. Пачалася маштабная рэканструкцыя. Спачатку тут адкрылі жаночы манастыр, а ў 2005 годзе — мужчынскі манастыр. У 2022 годзе рэканструкцыя касцёла была завершана. У манастыры знаходзіцца спіс цудатворнай Юравіцкай іконы Божай Маці, які і па сённяшні дзень прыцягвае мноства паломнікаў.

Возера Чырвонае (Князь-возера)
Возера знаходзіцца на Палессі. Гэта самае вялікае возера ў Гомельскай вобласці. У глыбокай старажытнасці Князь-возера было часткай прэснага мора, якое займала значную тэрыторыю Палесся.
Гісторыя назвы легендарная. Лічаць, што яно названа з-за вялікай колькасці рыбы-чырвонапёркі, якая тут вадзілася. А ёсць іншая версія, якая сведчыць, што падчас вялікай бітвы многа было забіта волатаў. Ад іх крыві возера стала чырвонага колеру.
Зараз на дне возера знаходзяцца лячэбныя гразі, карысныя пры болях, ацёках, якія таксама паляпшаюць і кровазварот.

Ландшафтны заказнік “Стрэльскі”
Ландшафтны заказнік “Стрэльскі” — заказнік рэспубліканскага значэння. Ён размешчаны на тэрыторыі Мазырскага і Калінкавіцкага раёнаў Гомельшчыны. Заснавалі яго ў 1999 г. з мэтай захавання ўнікальнай прыроднай тэрыторыі. Плошча — больш за 12 тыс.га. Прыпяць падзяляе тэрыторыю заказніка на дзве часткі, дзе можна сустрэць практычна ўсе ландшафтныя комплексы беларускага Палесся. На ахоўнай тэрыторыі знаходзяцца такія азёры-старыцы як Стары, Берастава і інш. Рэльеф пераважна раўнінны, месцамі ўзгорысты. Вышыня мясцовасці над узроўнем мора 166 метраў. Прыродны раслінны покрыў займае каля 80 % тэрыторыі і прадстаўлены ў асноўным лясамі. Галоўнымі лесаўтваральнымі пародамі з’яўляюцца хвоя, елка і дуб. Радзей можна сустрэць чорнаальшаннікі і крапіўныя ясеннікі. Асаблівую прыродную каштоўнасць і тэрытарыяльную своеасаблівасць заказніку надаюць поймавыя ландшафты ракі Прыпяць з разнастайнымі травянымі супольнасцямі.
У флоры налічваецца больш за 500 відаў сасудзістых і 250 відаў ніжэйшых раслін, з іх 27 відаў уключаны ў Чырвоную кнігу Беларусі. Сярод іх: венерын чаравічак сапраўдны, воўчнік Баравы, Жаўтазель германскі, шпажнік чарапітчаты, сальвінія плаваючая і інш. Фаўна ўключае 264 віды, з іх 20 занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі: вусач, сцерлядзь, чарапаха балотная, барсук, вялікая і малая Бугай, малая чайка і інш.
Заказнік з’яўляецца аб’ектам экалагічнага турызму. Тут можна знайсці дубровы узростам звыш 80 гадоў.
