ДОКТАР НАВУК РОДАМ З РУЧАЁЎКІ

Будучы вучоны-эканаміст, палітэканом Пятро Сяргеевіч Лямешчанка нарадзіўся 2 верасня 1953 г. у вёсцы Ручаёўка Лоеўскага раёна. Пасля заканчэння 8 класаў  мясцовай сярэдняй школы ў 1968 г. паступіў у Лоеўскае педагагічнае вучылішча. Пасля заканчэння, працаваў па размеркаванню па спецыяльнасці. Праходзіў тэрміновую службу ў шэрагах Савецкай арміі. А потым паступіў вучыцца ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (БДУ) на аддзяленне палітычнай эканоміі, які скончыў з адзнакай, атрымаўшы спецыяльнасць эканаміста і выкладчыка палітычнай эканоміі.

Далейшы яго прафесійны  шлях быў непарыўна звязаны з Беларускім дзяржаўным універсітэтам, у якім навуковец пачаў працаваць у 1981 г. выкладчыкам кафедры палітычнай эканоміі. Скончыў аспірантуру БДУ, у 1985 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю, а ў наступны годзе атрымаў навуковую ступень кандыдата эканамічных навук і званне дацэнта. Яго навуковыя інтарэсы: эканоміка развіцця; інстытуцыянальная эканоміка; новая палітэканомія.

Акрамя выкладчыцкай дзейнасці і арганізацыйнай работы ў сферы вышэйшай адукацыі Беларусі Пятро Лямешчанка ў 1992 г. па сумяшчальніцтве працаваў у Дзяржаўным камітэце Рэспублікі Беларусь па прыватызацыі і раздзяржаўленні, пазней — фінансавым аналітыкам беларускай страхавой кампаніі Белдзяржстрах, а таксама кансультантам-экспертам кансалтынгавай фірмы «Agiplan» (Германія).

З мэтай павышэння прафесійнага ўзроўню і развіцця навыкаў эканаміста-вучонага ён прайшоў навучанне на курсах павышэння кваліфікацыі ў сістэме вышэйшай школы (пры БДУ, МДУ імя М. В. Ламаносава, СПбДУ), стажыраваўся ў сферы дзяржаўнага кіравання на курсах пры Дзяржаўным камітэце па каштоўных паперах Рэспублікі Беларусь на прадмет дыпламаванай кваліфікацыі для працы на фондавым рынку (1993 г.) і ў міжнародных структурах на курсах Сусветнага банка па эканоміцы, а таксама ў сектары прадпрыемстваў розных формаў уласнасці Беларусі, Расіі, Германіі. 

З 1980 г. пастаянна запрашаўся і ўдзельнічаў у міжнародных навуковых і навукова-практычных канферэнцыях, сімпозіумах, семінарах і іншых мерапрыемствах, у тым ліку ў ролі арганізатара мерапрыемстваў і дакладчыка па актуальных праблемах развіцця эканамічнай навукі і практыкі гаспадарання ў краінах постсавецкай прасторы (Беларусі, Расіі і іншых).                                                                                                                                         

Наш зямляк прыняў актыўны ўдзел у заснаванні эканамічнага факультэта БДУ, а ў 1997 г. стаў ініцыятарам стварэння і загадчыкам  кафедры тэарэтычнай і інстытуцыйнай эканомікі. Шматгадовае эвалюцыйнае развіццё ў якасці вучонага-эканаміста і практыка эканамічных даследаванняў прывялі яго да паступлення ў дактарантуру Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава і абароны ў 2005 г. доктарскай дысертацыі па тэме “Развіццё прадмета і метадалогіі эканамічнай навукі ў кантэксце сучасных інстытуцыйных зменаў”, атрымання вучоных званняў доктара эканамічных навук (2006 г.) і прафесара (2007 г.).

За гады навукова-педагагічнай дзейнасці ім падрыхтавана і надрукавана звыш 120 асноўных публікацый, у тым ліку 22 манаграфіі, 13 вучэбных дапаможнікаў, а таксама раздзелы ў шэраг кніг і брашур.  Пятром Лямешчанка распрацаваны і чытаюцца курсы: “Метадалогія, метады і інструменты эканамічнага даследавання”, “Інстытуцыянальная эканоміка”, “Прыкладны інстытуцыянальны аналіз”, “Эвалюцыйная эканоміка” і ”Тэорыя мікраэканамічнай палітыкі”. Ажыццяўляецца пастаяннае кіраўніцтва дыпломнымі, магістарскімі і курсавымі працамі, студэнцкімі навуковымі працамі, падрыхтоўка аспірантаў і дактарантаў.

П. Лямешчанка абраны віцэ-прэзідэнтам Міжнароднага саюза эканамістаў, членам Міжнароднай асацыяцыі інстытуцыйных даследаванняў і прызначаны намеснікам старшыні Камітэта па тэхналагічным развіцці Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі на грамадскіх пачатках. У 2010 г. яму было прысвоена званне акадэміка Акадэміі філасофіі гаспадаркі Маскоўскага дзяржаўнага універсітэта імя М. В. Ламаносава. Таксама ён з’яўляецца намеснікам старшыні спецыялізаванага вучонага савета па абароне дысертацый у БДУ, членам вучонага савета эканамічнага факультэта БДУ. Ён уваходзіць у склад рэдкалегій шэрагу часопісаў: “Вышэйшая школа”,”Веснік БДУ” (Беларусь), “Журнал институциональных исследований”, “Вопросы политической экономии”, “Проблемы современной экономики”, “Журнал экономической теории”, “Философия хозяйства” (Расія) і некаторых іншых навуковых выданняў вышэйшай школы Беларусі і Расіі.

За гады працы Лямешчанка П.С. быў уганараваны нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”(2010 г.), узнагароджаны граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь,  ганаровымі граматай БДУ і МДУ.

Ульян Касцееў.

Instagram
VK
VK
OK