
Сінілаў (Сініла) Рыгор Карпавіч (03.11.1923 г. – 2015 г.)
З даўніх часоў беларускі фактар меў важнае значэнне ў жыцці Расійскага дзяржавы. Многія пакаленні беларусаў з розных прычын ўладкоўвалі Расею, будавалі гарады, палацы, саборы і кляштары, спрыялі яе эканамічнаму і культурнаму развіццю. Здаралася, што выхадцы з Беларусі займалі важныя пасады ў Расіі ў сістэме саюзнага і пазней расійскага дзяржаўнага кіравання. Адным з іх быў доктар юрыдычных навук Рыгор Карпавіч (Сініла) Сінілаў, якому на днях спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння.
Сініла Рыгор Карпавіч нарадзіўся 3 лістапада 1923 г. у вёсцы Бывалькі Лоеўскай воласці Гомельскай губерні у сялянскай сям’і, якая насіла прозвішча Сініла. У 1938 г. пасля заканчэння сямігадовай школы Рыгор паступіў у Рэчыцкае педагагічнае вучылішча, якое скончыў у 1941 г. У жніўні таго ж года быў прызваны ў войска. Р. К. Сініла з’яўляўся ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гг. З 1942 г. служыў у войсках органаў унутраных спраў.
З чэрвеня 1945 г. па 1948 г. ён ужо як Сінілаў Р.К. служыў оперупаўнаважаным, старэйшым оперупаўнаважаным і начальнікам аддзялення УУС савецкай ваеннай адміністрацыі ў Германіі. З ліпеня 1948 г. працаваў старэйшым оперупаўнаважаным, намеснікам начальніка аддзялення і начальнікам аддзела ўпраўлення БХСС УУС Масгарвыканкама. У 1955 г. скончыў Усесаюзны завочны юрыдычны інстытут. Без адрыву ад практычнай службовай дзейнасці падрыхтаваў і ў сакавіку 1965 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю ў Вышэйшай школе МУС СССР на тэму: “Методыка расследавання і прадухілення падману пакупнікоў”.
У красавіку 1965 г. Р. К. Сінілаў быў прызначаны на пасаду старэйшага навуковага супрацоўніка 1-га аддзела Усесаюзнага навукова-даследчага інстытута аховы грамадскага парадку пры Маскоўскай акадэміі грамадскага парадку РСФСР. На працягу 11 гадоў ён паспяхова кіраваў аўтарскімі калектывамі, якія распрацоўвалі прававыя, арганізацыйныя і тактычныя асновы аператыўна-вышуковай дзейнасці органаў унутраных спраў у барацьбе са злачыннасцю. У 1976 г. быў прызначаны намеснікам начальніка, а затым начальнікам новай навуковай установы – Цэнтральнай навукова-даследчай лабараторыі эканоміка-прававых праблем аховы дзяржаўнай уласнасці (ЦНДЛ) МУС СССР. Дзякуючы сваім арганізатарскім і творчым якасцям Р. К. Сінілаў здолеў за кароткі час сфармаваць шырокую сетку рэгіянальных пададзелаў ва ўсіх эканамічных раёнах СССР, якія даследавалі крыміналагічныя праблемы замахаў на дзяржаўную ўласнасць на стыку эканомікі і права, ва ўзаемадзеянні праваахоўнай і гаспадарчай функцый дзяржавы.
У 1983 г. у Савеце Акадэміі МУС СССР Р. К. Сінілаў абараніў дысертацыю на прысваенне вучонай ступені доктара юрыдычных навук па тэме “ Прававыя, інфармацыйныя і тактычныя асновы аператыўна-вышуковай дзейнасці савецкай міліцыі”. Асноўная вобласць яго навуковых даследаванняў – тэорыя аператыўна-вышуковай дзейнасці органаў унутраных спраў; барацьба з эканамічнай і арганізаванай злачыннасцю. У 1983 г. ЦНДЛ МУС СССР была скасаваная, а частка яе штатаў перададзена у навукова-даследчую лабараторыю па даследаванні крыміналагічных і аператыўна-вышуковых праблем барацьбы з эканамічнымі злачынствамі ВНДІ МУС СССР, якую Р. К. Сінілаў узначальваў да 1994 г.
У 1987 г. яму было прысвоена званне прафесара, а ў 1991 г. – ганаровае званне “Заслужаны дзеяч навукі Расійскай Федэрацыі”. У сакавіку 1994 г. пры наяўнасці выслугі 59 гадоў у званні палкоўніка міліцыі і ўзросце 70 гадоў ён сышоў у адстаўку і перайшоў на працу ў юрыдычны інстытут МУС Расіі ў якасці прафесара кафедры аператыўна-вышуковай дзейнасці па вольным найме. Р. К. Сінілаў з’яўляецца аўтарам, суаўтарам і навуковым рэдактарам звыш 160 навуковых прац (у тым ліку 10 манаграфій, 14 раздзелаў падручнікаў, 19 дапаможнікаў). Яго навуковыя працы выдаваліся ў краінах СНД і шэрагу усходне-еўрапейскіх дзяржаў. Пад кіраўніцтвам Р. К. Сінілава паспяхова абаранілі дысертацыі каля 50 кандыдатаў і сем дактароў юрыдычных навук. Створаная ім навуковая школа карыстаецца прызнаннем у сістэме органаў унутраных спраў, сярод спецыялістаў іншых расійскіх праваахоўных органаў і спецслужбаў, а таксама сярод юрыдычнай грамадскасці Расіі.
Ён неаднаразова кіраваў аўтарскімі калектывамі і прымаў удзел у рабочых камісіях па падрыхтоўцы законапраектаў і ведамасных нарматыўных прававых актаў, якія рэгламентуюць адміністрацыйную, арганізацыйную і аператыўна-вышуковую дзейнасць органаў унутраных спраў, у тым ліку законапраектаў ”Аб міліцыі РФ” і ”Аб аператыўна-вышуковай дзейнасці ў РФ”. Прафесар Р. К. Сінілаў быў абраны акадэмікам Акадэміі бяспекі, абароны і правапарадку Расіі (2003 г.), узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, 17 медалямі «За перамогу над Германіяй”, “За баявыя заслугі”, ”50 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945 гг.”, ”За выдатную службу па ахове грамадскага парадку” і інш.), а таксама ганаровым знакам “Заслужаны работнік МУС СССР”. Памёр Сінілаў Р.К. ў 2015 г. і пахаваны ў Маскве.
Ульян Касцееў
