
Да дому, на работу паштальён звычайна кожны дзень прыносіць не адну газету, а некалькі. У дадатак — і часопісы. Але, прызнацца, узяўшы ў рукі пошту, заўсёды шукаеш «Лоеўскі край». І, канешне, такое — невыпадковасць: гэта ж наша газета! Амаль кожнага, пра каго пішуць у раёнцы, ведаеш асабіста. А знаёмства з вытворчымі справамі гаспадарак і прадпрыемстваў раёна — дык гэта ж проста неабходнасць для кожнага больш-менш дасведчанага чалавека. Раённая газета з’яўляецца сапраўды пастаяннай крыніцай мясцовай інфармацыі.
І вось сёння мы бяром у рукі 10000-ы нумар! Гэта своеасаблівае свята не толькі мясцовых журналістаў, а ўсіх чытачоў «Лоеўскага краю». Амаль 93 гады раённая газета сваім палымяным словам кліча, натхняе працаўнікоў раёна на паспяховае выкананне пастаўленых задач. Мы заўсёды знаходзім матэрыялы, у якіх расказваецца аб працоўных поспехах, культурным адпачынку, тарговым абслугоўванні насельніцтва. З асаблівай увагай чытаю артыкулы пад рубрыкамі «Чалавек і закон», «3 любоўю да прыроды», «Літаратурная старонка», «Пыталіся? Адказваем» і іншыя.
У гэты святочны дзень хочацца пажадаць калектыву рэдакцыі, каб і надалей радавалі нас цікавай і змястоўнай газетай.
Андрэй Сяргеенка,
загадчык сектара
культуры райвыканкама.
Матэрыялы паласы падрыхтавалі Святлана Маторная і Святлана Кулеш, «ЛК».
