Спрадвек лічыцца , што неабсяжны Сусвет ў стане дапамагчы нам ажыццявіць самыя запаветныя мары, асабліва тыя, што выпеставаны гадамі ля сэрца. Аднак, лічу, пры гэтым не трэба забываць і мудрыя ўрокі вялікага байкапісца Івана Крылова: “Марай таксама трэба кіраваць, а то яе, як карабель без руля, занясе невядома ў якім накірунку…”
Многія з нас шмат разоў чулі і пра “амерыканскую мару”. Аднак так добра і не ўцяміўшы, не ўсвядоміўшы, што ж гэта за такое. Новаспечаныя наіўныя тэарэтыкі амаль аднадушна вырашылі: гэта там, дзе долары льюцца ракой, дзе валяюцца багацці прама пад нагамі. Толькі не палянуйся, сагніся – і паднімі! І ехалі розныя дзівакі ды й дзівачкі, несусветныя валацугі ў розныя часіны і стагоддзі ў гэты зямны рай. У чарадзейнае царства з маладзільнымі яблычкамі, птушыным малачком і водарным мядком. Імчаліся з усіх ног у ЗША, каб іншыя не перахапілі. А там… ужо ляжалі, чакаючы новых гаспадароў ды гаспадынек з усяго свету, на сметніках амаль харошыя халадзільнікі, трошкі сапсаваныя мікрахвалёўкі, спраўныя пральныя машыны, нават дзіва-дзіўнае — машыны для мыцця посуду…
Заўважым, што само паняцце “амерыканская мара” ўпершыню з’яўляецца ў 1931 годзе ў гістарычным трактаце Джэймса Адамса «Эпіка Амерыкі». Гэтую магнетычную МАРУ вызначылі так: «мара пра зямлю, дзе жыццё кожнага чалавека будзе лепшым, больш багатым і поўным, дзе кожны будзе мець магчымасць атрымаць тое, што ён заслугоўвае і чаго дасягнуў». Канешне ж, трохі незразумела ды туманна. Ды й карані той заакіянскай мары ляжаць несумненна значна глыбей, у старазапаветных міфах-легендах пра Залатое стагоддзе, што з’яўляліся ў іншых народаў. У тым ліку, і ў старажытных грэкаў, і ў біблейскім паданні пра страчаны рай. Аднак толькі адкрыццё Амерыкі, яе законаў, загадак і таямніц здолела напоўніць усе гэтыя міфы новым, арыгінальным, больш зразумелым сэнсам. З’явіліся ж адразу нават унікальныя творы — мастацкія і філасофскія, што ўслаўлялі прыродную прастату і натуральны лад тамтэйшага жыцця. Тут трэба вялікае дзякуй сказаць французскаму філосафу Жану-Жаку Русо. Стала хутка зразумелым: калі немагчыма пабудаваць рай у асобна ўзятай Еўропе, яго можна пабудаваць у новых землях. І ў Амерыку рушыў натоўп перасяленцаў, сярод іх — англічане-пурытане, якія шукалі ў Новым Свеце «зямлю абяцаную». Амерыканская мара робіцца спачатку часткай еўрапейскай культурнай традыцыі. Напрыклад, пісьменніца Айн Рэнд, руская паводле паходжання, стала яскравым прадстаўніцай гэтага.
І новаспечаныя абарыгены ўжо пачалі настаўляць: у Амерыцы ты павінен пастаянна праяўляць цікавасць да таго, да чаго імкнешся. Тады будуць і грошы, і прапановы-сувязі, і настрой, і шчасце… Як і мары маленства, і юнацтва, і сталага жыцця абавязкова спраўдзяцца. Амерыканцы тут жа палюбілі вялікія машыны, канкрэтыку, упэўненасць у сабе і энергічны лад жыцця. Таму многія і спяшаліся ў Амерыку за няспраўджанымі ў іншых краінах марамі. Канешне, тут усё нашмат прасцей і, адначасова, усё больш складана. І пытанне, дарэчы, не толькі ў вечназялёных доларах, якія і восенню не жаўцеюць. (Нават сучаснікі ўжо ў апошнія гады імкнуліся адмяніць долары як валюту, але воз і цяпер там…). ЗША валодаюць агромністай эканомікай у свеце, з’яўляюцца зайздросным лідарам у сусветным гандлі, прамысловай і ваеннай вытворчасці, выпуску велізарнай лінейкі прадукцыі. Тут знаходзяцца ажно чатыры самыя загружаныя аэрапорты свету. На тэрыторыі ЗША пракладзена самая працяглая сетка аўтамагістралей — больш за 6,5 млн км. Агульная працягласць чыгункі — таксама самая вялікая ў свеце — 293 тысячы км. Тут больш, чым у любой іншай краіне, уладальнікаў аўтамабіляў, іншых статусных рэчаў. У сярэднім кожны амерыканец ужывае розных рэсурсаў у 32 разы больш, чым, напрыклад, жыхар Кеніі.
Дарэчы, амерыканцы больш за ўсіх укладваюць у турызм і атрымліваюць ад яго, канешне ж, самы велізарны прыбытак. Для амерыканцаў памер заўсёды мае значэнне. Для чаго Дональд Трамп увесь час заключае ўсё новыя і новыя здзелкі? Каб яшчэ больш павялічць магутнасць Амерыкі, каб яшчэ больш уславіць сваё імя ў гісторыі. Каб хоць фэйкава, але быць Першым…
Апавядаюць, што амерыканцы — цікавыя і цікаўныя. Адразу многім турыстам кідаецца ў вочы, што абсалютна незнаёмыя люзі паўсюль добразычліва вітаюцца: у гатэлі, у краме, калі проста ідзеш па вуліцы. Нехта можа запярэчць — гэта дзяжурна-казённая ўсмешка. Магчыма. Аднак гэта прыемна, асабліва для чужынца, які ўпершыню ў Амерыцы, вельмі важна. Гэта вам не “гасцінная” Прыбалтыка, дзе на запытанне “Як прайсці ў бібліятэку?”, пакажуць вам на адваротны бок…
Усяго амерыканцаў — каля 335 мільёнаў. Насельніцтва размеркавана па тэрыторыі нераўнамерна. Больш за 50% амерыканцаў пражывае ўсяго ў 9 штатах: Каліфорніі, Цяхасе, Фларыдзе, Нью-Ёрку, Пенсільваніі, Ілінойсе, Агаё, Джорджыі, Паўночнай Караліне. Пры гэтым у гарадах — больш 82% усяго насельніцтва. Самы маленькі сярод 50-ці штат Род-Айленд, самы вялізны Аляска. Плошча ЗША — 9883517 км². Гэта трэцяя па памеры плошча ў свеце пасля Расіі і Канады (праўда, Канада толькі трошкі большая, чым ЗША). Так што мроі-мары Дональда Трампа пра далучэнне Канады да ЗША, як бачым, — не нейкія пустыя, а грандыёзныя. Толькі хто аддасць?! Мроіць, марыць не забаронена нават у Амерыцы. І нават прэзідэнтам-мільярдэрам. Нават другі раз абраным. Нават маючым цэлую галерэю каханак, жонак, дзяцей і ўнукаў. Дональд займеў чатыры жонкі і пяць дзяцей. Як жа не стаць шматдзетным?!
Дарэчы, ЗША з’яўляюцца сусветным лідарам па колькасці тых, хто панаехалі… Сёння ў штатах іх налічваеца больш за 45 млн чалавек.Так, у Нью-Ёрку больш 85% таксістаў з’яўляюца мігрантамі. А ў Чайна-Таўне пражывае больш кітайцаў, чым ў любым іншым рэгіёне заходняга паўшар’я. Сёння доля беласкурага насельніцтва складае каля 58%, лацінаамерыканцаў — да 20%, цёмнаскурых — 12%, азіятаў — 6%.
І ў ХХІ стагоддзі існуе каля 560 плямёнаў індзейцаў, што пражываюць у невялікіх рэзервацыях. Усяго мясціны іх рассялення займаюць да 2,3% тэрыторыі. Індзейцы падначальваюцца як уласным законам, так і законам ЗША, маюць ва ўласнасці зямлю, абавязаны плаціць шэраг налогаў, аднак іх колькасць сёння хутка зніжаецца з-за паўсюднай урбанізацыі і высокай смяротнасці.
Адной са знакавых мясцін з’яўляецца Гранд-Каньён, па дне якога працякае рака Каларада. Даўжыня каньёна дасягае 446 км, а глыбіня — 1857 метраў. Дзіўна, аднак на тэрыторыі каньёна да нашага часу жывуць паўночна-амерыканскія індзейцы — плямёны хавасупаі, наваха і валапай. Праўда, дабрацца да непасрэднага месца іх пражывання можна толькі верталётам, ці здзейсніўшы з правадніком складаны шлях па вельмі вузеньскіх сцяжынках.
Сотні мільёнаў долараў ў Амерыцы ахвяруюцца багатымі людзьмі на дабрачыннасць, каб зрабіць жыццё другіх лепшым, больш светлым і больш утульным. За гэтыя грошы будуюцца цэрквы, прытулкі, аказваецца гуманітарная дапамога ва ўсім свеце. За гэта зніжаюць падаткі. Не менш 70% амерыканцаў лічаць сябе веруючымі, каля 47% — хрысціянамі. Большасць наведвае перыядычна тую ці іншую царкву. Аднак рэлігійнасць не перашкаджае 42% жыхарам ЗША верыць у прывідаў, 25% — у ведзьмароў, а 24% — у рэінкарнацыю.
Афіцыйная і адзіная дзяржаўная мова ў ЗША адсутнічае. У большасці штатаў, канешне, размаўляюць пераважна па-англійску (прычым у амерыканскай англійскай мове шмат адрозненняў — куды там Англіі да ЗША?!!). Я б здзівіўся, калі б “элітная” нацыя не прыдумала сабе гэтыя адрозненні… І англійская, дарэчы, зусім не замацавана ў якасці асноўнай федэральнымі ўладамі. Другая па ступені распаўсюджанасці — іспанская. Далей ідуць кітайская і французская (маўляў, “ворагаў-сяброў” трэба ведаць у твар, трэба ведаць іх мовы!) Усяго ж у ЗША размаўляюць ажно больш чым на 230 мовах.
Нават больш за ўсё скелетаў дыназаўраў ў свеце знаходзяць менавіта ў ЗША. Пытанне, чаму менавіта ў Амерыцы вадзілася больш за ўсё старажытных амфібій і рэптылій, застаецца загадкай і ў ХХІ стагоддзі. Дарэчы, і сярод сучаснікаў вар’яцка-кланіраваныя ідэі ідуць чамусьці найперш таксама з гэтых краёў… Задумаемся? Амерыка — гэта краіна, дзе пражываюць 42 тысячы Джонаў Смітаў. Дзе — 5 тысяч чалавек носяць аднолькавыя імя і прозвішча: Джэк Джэк, Томас Томас…
І усё ж хоць нечым неабсяжнай Амерыцы не пашанцавала: штогод у ЗША адбываецца не менш 800 магутных тарнада, якія наносяць каласальныя наступствы эканоміцы і прыродзе. Такую колькасць катаклізмаў тутэйшыя вучоныя тлумачаць няўдалым геаграфічным становішчам краіны. Ці, мо, Бог усё бачыць?!
Многія беларусы ў розныя часіны гісторыі таксама пабывалі ў Амерыцы. Пабываць за акіянам — мара для многіх і сёння. Часы, калі лічылася, што Амерыка — “загніваючы Захад”— даўно ўжо прайшлі. Аднак і сёння можна яшчэ пачуць: амерыканцы — не надта разумны, наіўны народ. Не пагаджуся. Іх надта многа, а ў любой нацыі шмат і добрых, і дрэнных, разумных і дурных. Хоць у савецкія часы ехаць у Амерыку было забаронена, ды й сёння многія бацькі адгаворваюць сваіх дзяцей ехаць туды — у “оплот империализма”.
Аднак эмігранты рознага кшталту ўжо традыцыйна шукаюць шчасце за акіянам. Хочуць, як кажуць, на сваім карку пераканацца пра недахопы Амерыкі, чым жа небяспечная і чым велічная гэтая краіна? І зараз, асабліва ад пажылых, можна пачуць, што Амерыка — нешта кепскае, небяспечнае, нават амаральнае. Амерыка — проста іншая. Зусім іншая цывілізацыя, — гэта мне даводзілася чуць ад многіх, хто там пабываў.
Беларусы ЗША, беларускія амерыканцы — так нас там называюць. Маюцца перш за ўсё тыя, чые продкі нарадзілісяў Беларусі. Агульная ацэнка імігрантаў ў ЗША складае — да 750 тысяч чалавек. Дакладную колькасць цяжка назваць: іміграцыйная статыстыка працяглы час не прызнавала беларусаў у якасці асобнай катэгорыі. Многія былі зарэгістраваны як рускія ці палякі, у залежнасці ад рэгіёна, дзе нарадзіліся. Значную частку імігрантаў складалі беларускія габрэі. Адзначым, самыя высокія канцэнтрацыі беларусаў — у Нью-Ёркскай агламерацыі, Нью-Джэрсі, Кліўлендзе і яго прыгарадах, Чыкага, Лос-Анджэлесе, Сіэтле, Маямі, Дэтройце. Тут нават зямляцтвы нашых суайчыннікаў ёсць! Так што ёсць з кім сустрэцца турыстам і гасцям з Сінявокай!
Паэт Янка Сіпакоў у свой час пабываў у Амерыцы. Сярод уражанняў было і такое рэзюмэ: “Можа, таму і памірае ад настальгіі чалавек, які пры жывой радзіме топча чужыя травы, лашчыць чужыя кветкі, чуе чужую мову сваіх дзяцей”. Задумаемся?!
З павагай, Канстанцін КАРНЯЛЮК.
