Сваё ці чужое

Зачапіла


Як і твар чалавека, дом можа вельмі многае расказаць пра свайго ўладальніка. Для адных гэта сапраўды самы дарагі на зямлі куточак, прыгожы, зручны, утульны, і менавіта такім бачаць яго самі гаспадары і іх суседзі, госці, бо ў гэта ўкладзены не толькі сродкі, а і праца, і душа. Для іншых жа іх дом — так сабе, абы дах над галавой. Тут вы ні хараства асаблівага не ўбачыце, ні парадку. І калі пра тых, хто набыў гэты самы “дах” за свае, як кажуць, кроўныя грошы ці ў крэдыт, размова адна, то пра людзей, якім новенькія, з усімі выгодамі домікі дасталіся па прэзідэнцкай праграме, — зусім іншая. Прычым, па многіх прычынах.


На гэтых здымках вы бачыце два домікі. Прызнайцеся, не кожны з вас з першага погляду змог разгледзець, што звонку яны вельмі падобныя, бо сапраўды былі пабудаваны па тыпавых праектах, прыкладна ў адзін і той жа час. Чаму? Адказ на гэтае пытанне адзін — гэта “твары” людзей, якія ўсяліліся сюды, наклалі свой адбітак на знешні выгляд і стан гэтых яшчэ параўнальна новенькіх збудаванняў. Адны, увайшоўшы сюды гаспадарамі, менавіта імі сябе і адчулі — паціху пачалі абжываць гэты дом, уладкоўваць свой побыт: прыбудавалі гараж, паставілі прыгожую агароджу, пасадзілі вінаграднік, кветкі. Для іх ён стаў СВАІМ — і няважна, выкупілі яны яго ў гаспадаркі, прыватызавалі ці не. Яны тут жывуць, тут растуць іх дзеткі, вучачыся ў бацькоў іх працавітасці і гаспадарлівасці.


Іншыя ж, нават тое, што дасталося ім, выбачайце, на дарэмшчыну, зберагчы не маглі — пастаўленая некалі яшчэ будаўнікамі агароджа месцамі “вышчарбілася” і пахілілася, двор зарос пустазеллем. І гэта толькі тое, што бачна звонку, як кажуць, няўзброеным вокам. А што робіцца іншы раз у самім доме?..


Я наўмысна не стала называць у гэтым артыкуле ні канкрэтных адрасоў, ні прозвішчаў гаспадароў гэтых домікаў, бо прыкладаў такіх можна назбіраць у многіх населеных пунктах раёна — Лоеве, аграгарадках і вёсках. Хтосьці, атрымаўшы такі дарагі падарунак ад дзяржавы, змог ацаніць яго, як належыць, а хтосьці за лічаныя дні, месяцы, гады ператварыў прыгожыя дабротныя дамы ў немаведама што, не баючыся, відаць, ні пакарання, ні сораму.


Ведаеце, у гэтым сэнсе добрым прыкладам, я б сказала, узорам для некаторых іншых гаспадароў маглі б паслужыць жыхары новенькіх домікаў вёскі Малінаўка. Калі будзе ў вас такая нагода, звярніце на іх ўвагу. У пераважнай большасці выпадкаў вы пабачыце адну і тую ж карціну: побач ледзь не з кожным домікам — дабротная агароджа (і не толькі там, дзе яны “бюджэтныя”, з бетону), у двары — мноства пабудоў: хлеўчукі, павеці, дрывотні… І гаспадары іх не алігархі нейкія, не вялікія начальнікі — звычайныя людзі, працаўнікі, якія, жывуць з капейкі, з раніцы і да ночы шчыруюць у полі, на ферме, на сваіх падворках, але знаходзяць і час, і магчымасць, каб добраўпарадкаваць прадастаўленае ім дзяржавай жыллё. Бо яно для іх таксама СВАЁ. А што сказаць пра іншых? Тых, хто зарос брудам і пустазеллем? Якое яно для іх — сваё ці чужое? Адказы на гэтыя пытанні навідавоку, варта толькі азірнуцца…


Вольга КАЛЯДЗЕНКА, “ЛК”. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Instagram
VK
VK
OK