Міхалёўцам разам весялей

Як добра, калі ёсць святы, якія збіраюць разам не проста адну сям’ю, а ўсю вёску. У прызначаны дзень як пералётныя птушкі вясной спяшаюцца ў родны край сыны і дочкі, вылецеўшыя калісьці з бацькавай хаты. Яны пасталелі, памужнелі, жывуць у розных гарадах і краінах, але заўсёды ўспамінаюць мілы сэрцу куток — вёсачку, дзе прайшло басаногае бесклапотнае дзяцінства.

У першую нядзелю жніўня напаўняецца гоманам і смехам в. Міхалёўка. Тут усе: ад немаўлятаў да жыхароў самага шаноўнага ўзросту, хто вырас у гэтых краях, і хто далучыўся да вялікай дружнай кампаніі, звязаўшы лёс з выхадцам тутэйшых мясцін.

З самай раніцы гаспадыні завіхаюцца на кухні, гатуючы розныя смачнасці: блінцы, пірагі, салаты, заліўное, запечаную птушку, вяленае мяса, смажаную рыбку. У кожнай свой рэцэпт і, мабыць, асаблівы сакрэт, таму што ад стала са стравамі цяжка адысці. Які водар! Якая смачняціна! Расстаўляюцца сталы, лаўкі, арганізуецца міні-сцэна, побач — бітон з гарачай шурпой. Без кароннай стравы міхалёўцам ніяк, бо ўсеагульныя вячоркі калісьці пачыналіся са свята пачатку палявання. Паступова звычка паляўнічых з’язджацца ў лесе перарасла ў неабходнасць арганізоўваць сустрэчы аднавяскоўцаў, аднадумцаў, выпускнікоў школы. Цяпер падчас Дня вёскі ўдзельнікі не проста сядзяць за доўгімі сталамі, распавядаючы пра сваё жыццё, дзелячыся добрымі навінамі. Тут ўсмешкамі вітаюць усіх гасцей, чытаюць новыя вершаваныя оды ў гонар малой радзімы і яе жыхароў, ставяць невялікія тэатральныя п’есы, спяваюць песні, танчаць пад гармонік і сучасную музыку і, безумоўна, успамінаюць …

Колькі б ні прайшло гадоў, ім ёсць пра што пагаварыць, што распавесці адзін аднаму. І гэта выдатна!

У гэтым годзе мясцовым жыхарам дапамагалі падтрымліваць святочную атмасферу старшыня РА ГА «Маці супраць наркотыкаў» А. Грабянок, старшыня РА ГА Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Х. Мірзікян, дырэктар Каўпенскага ЦКВЧ С. Анісавец, В. Усцянок, П. Краўчанка, Л. Барадзіна і іншыя.

Людміла Краўцова, «ЛК».

Фота ўдзельнікаў свята.

Добавить комментарий

Instagram
VK
VK
OK