Дарога да роднага слова

Традыцыйна ў першую нядзелю верасня ў нашай краіне праходзіць нацыянальнае свята — Дзень беларускага пісьменства. У шэрагу тых, хто садзейнічае папулярызацыі літаратурнай спадчыны, клапоціцца аб развіцці цікавасці да беларускай кнігі і роднай мовы — библіятэкары.
Напярэдадні свята мы пацікавіліся, як у іх будзе адзначацца Дзень беларускага пісьменства. Дырэктар цэнтральнай раённай бібліятэкі Тамара Навуменка паведаміла, што цыкл мерапрыемстваў, прысвечаных гэтай тэме, праходзіць на працягу ўсяго года.
— Культурна-асветніцкая дзейнасць бібліятэк ажыццяўляецца праз разнастайныя формы і метады работы. Тут рыхтуюцца святы кнігі, прэзентацыі, вечарыны, творчыя сустрэчы; афармляюцца цыклы кніжных выставак, прагляды літаратуры, тэматычныя экспазіцыі; праходзяць пасяджэнні аматарскіх аб’яднанняў, літаратурныя гадзіны, гасцёўні, брэйн-рынгі, віктарыны і г.д. Зразумела, што іх тэматыка адпавядае падзеям грамадскага жыцця краіны, таксама вывучаюцца патрэбы саміх наведвальнікаў.
Эфектыўная праца бібліятэкі па пытаннях папулярызацыі беларускай літаратуры і мовы і далучэнню да гэтай патрэбнай справы дзяцей і падлеткаў была б немагчымай без добра падрыхтаванага калектыву прафесіяналаў. Супрацоўнікі бібліятэк — актыўныя, творчыя, ініцыятыўныя асобы, якія знаходзяцца ў пастаянным пошуку інавацыйных форм работы з чытачамі. Выкарыстоўваюць магчымасці сучасных тэхналогій для прапаганды літаратурных здабыткаў класікаў і сучаснікаў. Можна з упэўненасцю сцвярджаць, што на сённяшні дзень яны з’яўляюцца сапраўднымі прыхільнікамі беларускага слова, спадвіжнікамі творчасці беларускіх аўтараў, літаратараў-землякоў.
Каб данесці да кожнага чытача найважнейшыя каштоўнасці роднай мовы і паказаць яе прыгажосць, самабытнасць і непаўторнасць, бібліятэкары на працягу года запрашалі чытачоў на гадзіны далучэння да паэзіі, гадзіны-разважанні, роздуму, літаратурнага апавядання, падарожжы па літаратурных мясцінах, літаратурныя замалёўкі, агляды беларускіх перыядычных выданняў, доля якіх значна павялічылася ў фондзе бібліятэкі.
Кніжныя выставы — адна з самых эфектыўных форм прыцягнення ўвагі чытачоў. Відовішчная інфармацыя добра ўспрымаецца аўдыторыяй, павялічвае прыток карыстальнікаў, падахвочвае многіх людзей звяртацца да літаратурных першакрыніц, здольна палепшыць імідж бібліятэкі. Для прыкладу можна нагадаць некалькі такіх кніжных выстаў, самыя неардынарныя з якіх: выстава-аўтограф “З добрымі пажаданнямі ад аўтараў Лоеўшчыны” і рэтра-кніг “Шукайце сярод кніг толькі добрых сяброў” і г.д.
Папулярнай формай работы можна назваць сустрэчы з цікавымі і знакамітымі людзьмі, пісьменнікамі і паэтамі. Гэта заўжды ўрокі любові да роднай мовы і літаратуры. А каб яны праходзілі ў цёплай, нетрадыцыйнай форме, мы арганізоўваем літаратурныя гасцёўні. У выніку супрацоўніцтва з пісьменнікамі-землякамі, іх родзічамі, мясцовымі краязнаўцамі і чытачамі ў бібліятэцы сабрана мноства звестак, дакументаў і матэрыялаў па літаратурнаму краязнаўству.
Клуб аматараў паэзіі “Гучальнае слова” аб’ядноўвае не адно пакаленне непрафесійных паэтаў. Мы, жыхары Лоеўскага раёна, з поўным правам можам ганарыцца сваімі землякамі — аматарамі прыгожага пісьменства. Гэта нашыя мясцовыя паэты — Алесь Кукара, Іван Лямешка, Мікола Мельнічэнка, Галіна Сусла, Галіна Петруненка, Аляксандр Мельнік, Уладзімір Бабраўнічы, Тамара Татарынава, Лідзія Долбікава і інш, якія з’яўляюцца для бібліятэкі сапраўднымі сябрамі і аднадумцамі, садзейнічаюць распаўсюджванню беларускай кнігі не толькі напісаннем твораў, але і актыўным удзелам у масавай рабоце бібліятэк, не абмяжоўваюцца зносінамі паміж сабой, а выязджаюць з творчымі вечарамі, прэзентацыямі зборнікаў у сельскія бібліятэкі, школы, арганізуюць сустрэчы з творчымі асобамі суседніх раёнаў.
Наперадзе ў нас плённая праца, шмат цікавых задумак, скіраваных на тое, каб да беларускамоўнай кнігі вярнуць цікавасць чытачоў, каб гучала беларуская мова не толькі ў сценах бібліятэкі, каб беларуская літаратура заняла пачэснае месца ў чытацкіх фармулярах. А калегам, бібліятэкарам і чытачам хочацца пажадаць, каб цікавіліся, рэкламавалі і чыталі беларускую літаратуру — яна наша родная і самая лепшая ў свеце!
Таццяна Бялова, “ЛК”.

Добавить комментарий

Instagram
VK
VK
OK