У аснове поспеху Гомельскай вобласці ляжаць праца, талент і дасягненні кожнага яе жыхара. Пра гэта заявіў старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік на ўрачыстым сходзе з нагоды 80-годдзя з дня ўтварэння рэгіёна.
«За 80 гадоў Гомельская вобласць прайшла няпросты шлях, амаль уся яе гісторыя звязана з ростам прамысловай моцы, працай заводаў-гігантаў, рэкордамі хлебаробаў і механізатараў. Ратны і працоўны подзвіг рэгіёну ацэнены па вартасці: у 1967 годзе вобласць была ўзнагароджана ордэнам Леніна, — падкрэсліў Уладзімір Дворнік. — Малая радзіма заўсёды зараджала нашых людзей на вялікія справы. У аснове поспеху роднай зямлі ляжаць праца, талент і дасягненні кожнага яе жыхара».
Старшыня аблвыканкама адзначыў, што рэгіён паспяхова развіваецца і на сучасным этапе. Гэта пацвярджаецца тым, што за апошнія 17 гадоў аб’ём прамысловай вытворчасці сельгаспрадукцыі павялічаны ў два разы, рознічнага тавараабароту — у пяць разоў, інвестыцый у асноўны капітал — у тры разы. У 2017 годзе ў разліку на аднаго жыхара выраблена прадукцыі на 12 тысяч рублёў. На ўрачыстым сходзе прысутнічалі Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў, члены Савета Рэспублікі, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і ветэраны працы, перадавікі вытворчасці, прадстаўнікі працоўных калектываў, творчай інтэлігенцыі, студэнцтва, грамадскіх арганізацый, кіраўнікі мясцовых органаў дзяржаўнага кіравання, дэлегацыі Бранскай і Чарнігаўскай абласцей.
***
Прыемна, што Лоеўшчына на працягу 80 гадоў уносіла свой уклад у развіццё Гомельскай вобласці. Наша зямля заўсёды славілася таленавітымі і працавітымі людзьмі, для якіх цяжкасці — не нагода адступіць ад дасягнення пастаўленай мэты. Гісторыя нашага краю памятае і вялікія ўзнагароды нашых землякоў, і ўручэнне сельгаспрадпрыемствам за працоўныя дасягненні пераходзячага Чырвонага сцяга, і ўдзел у Выставе дасягненняў народнай гаспадаркі СССР. Сведкамі тых часоў былі таксама ўдзельнікі ўрачыстага мерапрыемства, арганізаванага ў абласным цэнтры. Лоеўскі раён прадстаўлялі Іван Аляксандравіч Носка, старшыня райвыканкама з 1974 па 1978 г., Павел Сяргеевіч Лычкоўскі, старшыня райвыканкама з 1981 па 1983 г., Іван Пятровіч Кузьміч, старшыня райвыканкама з 1994 па 2000 г., Рыгор Іванавіч Патачыц, першы сакратар райкама Камуністычнай партыі Беларусі з 1979 па 1982 г., Адам Барысавіч Казачок, першы сакратар райкама Камуністычнай партыі Беларусі з 1985 па 1991 г. Разам з дзеючым старшынёй раённага выканаўчага камітэту Веранікай Анатольеўнай Байковай яны з задавальненнем абмеркавалі некаторыя надзённыя пытанні, выказалі ёй свае пажаданні аптымізму, крэатыўных ідэй, рашучых дзеянняў, каб рэгіён дасягнуў новых вышынь развіцця.
