ЦЯЖКІЯ ДУМКІ ДЗЕДА ПІЛІПА

Апавяданне


— А вас і ў сельсавеце не любяць! — злосна кінула суседка ў цырульні.
— Правільна. А навошта ж мяне любіць? Стары я ўжо, — знайшоўся ў адказ дзед Піліп. — А калі старшыні мясцовай улады чым не дагадзіў, дык няхай у лес лесніком ідзе працаваць — там з людзьмі не будзе праблем і клопатаў.
Некаторыя сведкі гэтай размовы моўчкі паглядалі ў падлогу. Некаторыя ціхім гоманам падтрымлівалі дзеда, маўляў, не ўсе людзі, аказваецца, роўныя перад уладай; чым гэта адны падабаюцца, а іншыя — не.
Доўга ішоў дзед Піліп дадому. Зашчаміла знянацку сэрца, а з галавы ўсё не ішлі словы суседкі. “Чым жа так не дагадзіў роднай вёсцы?”— ніяк не хацела пакідаць гэтая думка душу старога чалавека. На памяць прыйшлі першыя пасляваенныя гады, калі даводзілася падымаць сваімі рукамі, тады яшчэ маладога і руплівага мужчыны, родны калгас, у якім нарадзіўся, дзе жылі і працавалі бацькі. Рабіць даводзілася ўсё — і араць, і сеяць, і сена нарыхтоўваць, і ўраджай які-небудзь збіраць, і калаціцца над кожным зярняткам, каб прарасло і дала жменю іншых. Краіне ў той час патрэбна было выбірацца з разбурэння.
Працавалі вяскоўцы не дзеля грошай, а дзеля таго, каб выжыць і падняцца на ногі пасля фашысцкай навалы. Ніхто не глядзеў — свята на двары ці выхадны — працавалі з самага світанку і да цемры, а калі прыціскала, дык і круглыя суткі.
Тут жа, у калгасе, і лёс свой знайшоў. Хто б мог сказаць, што тая дзяўчына ў белай сукенцы і мужчынскіх ботах з суседняй вуліцы стане самым блізкім чалавекам. А вось і па сённяшні дзень побач, падтрымлівае, як можа. Дзеці неяк хутка выраслі, паляцелі з роднай хаты, нібы птушаняты ў вырай. Усе ж клопаты на Дар’ю лажыліся. Калі было займацца імі? Калгасныя справы адпачынку не пакідалі ні на хвіліну. Жонка ж ніколі ні словам не папракнула, ні поглядам.
Дапрацаваўся. Усё жыццё ў калгасе стараўся, узнагароды атрымліваў, прэміі за пачэснае выкананне даручанай справы. А стары стаў, дык і патрэбы ніякай — каму ж неабходны клопаты пра інваліда? Няма сілы больш працаваць у калгасе, хаця б яшчэ крыху дзецям дапамагчы па меры сіл. А там і дамавіну хутка давядзецца гатаваць.
Гэта ж трэба! Ад суседзяў спакою няма. Каб свае вяскоўцы былі, дык і гора б не ведаў, бо адзін перад адным як на далоні. А то ж прынесла нячыстая гэтых перасяленцаў. У калгасе ніводнай гадзіны не працавалі, як кажуць, не ведаюць, чым глеба пахне, а кватэру побач атрымалі. Яно, быццам, і нічога — ці мала якое гора людзей з месца зрывае ды на чужбіну накіроўвае. Дык на старыкоўскі розум патрэбна ж людзьмі заставацца ўсюды. Надакучыла ўжо штодзень слухаць нецэнзурныя лаянкі, ды паглядаць, як свае ж вяскоўцы сцежку добрую пратапталі за самагонкай. Цягнуць з хаты ўсё: сала, бульбу, малако, яйкі, нават, бялізнай не грэбуюць. Вечарам у двор выйсці нельга, бо ад п’янага не ведаеш, чаго чакаць: адзін вып’е і смірны, як тое цялятка, а іншы ж вар’ятам становіцца. А “гаспадарам” да лямпачкі — чым больш пакупнікоў, тым лепш — менш галава балець будзе, дзе што набыць, нідзе не працаваўшы.
А ўлада? Ды што яна можа! Вунь участковаму паскардзіўся. Хіба што-небудзь змянілася? Ну, пагаварыў ён з суседкай маладой, пасмяяліся разам, як галубкі, ды і пайшоў сваёй дарогай. Што ж, кожнаму жыць неяк патрэбна, але ж і сорам мець неабходна. Хаця б нейкая кропля сумлення павінна заставацца. Няма яе, гэтай кроплі. Страцілі. Калі б ведаць, дзе і калі, магчыма, і паправіць усё ўдалося б. Эх, жыццё!
А вясной яшчэ “лепш” было. Пасадзілі з Дар’яй жыта. Яно ўжо і зазелянела. Прыгожа — душа радавалася. Ды нядоўга яна спявала, суседзі проста па ім мяжу правялі, перааралі. Ні рука не дрыганула, ні сэрца ў іх не зашчаміла. Паспрабавала баба слова поперак сказаць, дык ледзь на вілы не трапіла. Каб побач не з’явіўся, невядома, чым і скончылася б тая лаянка. А зараз і сельсавет рады даць не можа. Не разбяруцца, дзе чыя мяжа праходзіць. Ды, відаць, і не будуць доўга спрачацца, калі суседка так упэўнена пры ўсіх пра нелюбоў сказала. Дзе шукаць той праўды? Да каго кінуцца?…
Дзед Піліп доўга сядзеў на лаўцы. Адна за другой выкурваліся цыгарэты. Спачатку стары не звяртаў на гэта ўвагі, бо цяжкія думкі запаланілі ўсё нутро. Потым схамянуўся ад глухога болю ў горле і лёгкіх. Глянуў — а ў пачцы засталося ўсяго нічога.
— Піліп, ну што ж ты дамоў не ідзеш? Я ўжо падумала, што нешта здарылася. — Дар’я падыйшла да старога. — Задумаўся? Ці то на дзяўчат маладых заглядзеўся?
На вуснах жонкі іграла ўсмешка, а ў вачах — боль і спагада. Прысела побач на лаўку, узяла ў свае цёплыя далоні яго руку. Хвілін колькі маўчалі, а потым Дар’я сказала: “Ведаю я ўсё. Сяброўка Люба расказала. Не звяртай увагі. Ты ў мяне самы лепшы і дарагі. А яны няхай яшчэ паспрабуюць у такой згодзе пражыць, як мы. — Памаўчала, цяжка ўздыхнула. — Хадзем, Піліпка, дамоў, вячэра стыне, ды хутка ўнукі прыедуць, я табе і сказаць забылася. Сын ледзь дазваніўся ды папярэдзіў: яны ўсёй сям’ёй сёння завітаюць, адпачыць ад горада хочуць».


Людміла Краўцова.

Добавить комментарий

Instagram
VK
VK
OK