АБЫ НАДВОР’Е НЕ ПЕРАШКАДЖАЛА

Ураджай-2012

Жніво ў раёне сёлета пачалося раней, чым у мінулыя гады. Здавалася б, і ўбраць збожжа да гэтага часу павінны былі б больш, чым летась, але… У чарговы раз перашкодай для хлебаробаў стала неспрыяльнае надвор’е.

— Літаральна ніводнага дня не папрацавалі яшчэ як след, — скардзіліся нам падчас нядаўняй сустрэчы хлебаробы ПСУП “Лоеў-Агра”. — Не ўдзень, дык ноччу лле дождж. Хочаш не хочаш, а даводзіцца прыпыняць работу.

І такое становішча не можа не засмучаць працаўнікоў гаспадаркі. Сёлета ўбіраць ураджай тут будуць толькі чатыры камбайны — два КЗС-12-18 і два КЗС-7. Нагрузка на кожны не вышэйшая, чым у сярэднім па раёне, і тым не менш папрацаваць мясцовым камбайнерам давядзецца ў больш напружаным рэжыме, чым многім іншым іх калегам. І перш за ўсё, па прычыне недахопу рабочых рук.

— Кожны з іх будзе працаваць адзін, без памочніка, — расказвае галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Віктар Парфёнаў. — Разумеем, што гэта няпроста, з раніцы і да вечара ў кабіне, без падмены, спіну разагнуць не будзе калі. Але іншага выйсця няма. Людзей сапраўды не хапае. Адзіны плюс — зарабіць нашы хлебаробы змогуць больш. За адсутнасць памочнікаў кожны камбайнер атрымае даплату ў памеры 70 працэнтаў. Спадзяёмся, гэта нейкім чынам кампенсуе нязручнасці.

Сітуацыя няпростая, але людзі разумеюць: так ці інакш, а хлеб у полі не пакінеш, таму згодны і на такія ўмовы. Тым больш, што ўсе яны ў гэтай справе не навічкі. Для самага маладзейшага, Юрыя Петруненкі, гэта ўжо трэцяе жніво (дарэчы, менавіта яму і камбайн даверылі самы новы, толькі сёлета набыты гаспадаркай), для аднаго з найбольш вопытных, Алега Сцепаненкі, — 25-е. Можна сказаць, юбілейнае. Ды і астатнія мясцовыя камбайнеры — Міхаіл Музычэнка і Пётр Даніленка — хлебаробы са стажам. Як, дарэчы, і механізатары, занятыя на адвозцы збожжа ад камбайнаў. Уладзімір Хімічаў, напрыклад, у мінулыя гады таксама ўбіраў хлеб, на самых розных работах давялося пашчыраваць і Мікалаю Цыбульніку, Пятру Нікіценку. Мікалай Мельнікаў забяспечвае супрацьпажарную ахову падчас выканання работ.

У дзень нашага наведвання гаспадаркі механізатараў якраз кармілі. На наша пытанне, ці задаволены людзі якасцю абедаў, пачулі наступнае: “Сёння, здаецца, нядрэнна, а вось учора боршч быў не надта смачны — пуставаты, мяса, чамусьці, у першыя стравы ніколі не кладуць”. Гатуюць ім, дарэчы, у цэнтральнай сталовай гарпасёлка. Па прычыне неспрыяльнага надвор’я (ніводнага дня папрацаваць поўны дзень хлебаробам не ўдалося) іх і кармілі толькі адзін раз.

— Не будзе дажджоў — пачнём карміць двойчы, — зазначыў В. Парфёнаў, а наконт якасці абедаў паабяцаў праінфармаваць кіраўніка гаспадаркі і пракантраляваць гэтую справу.

І сапраўды, праблему патрэбна рашаць. Жніво, можна сказаць, толькі на старце, папрацаваць людзям давядзецца многа, дык і пра іх паклапаціцца таксама патрэбна. На сённяшні дзень у гаспадарцы абмалочана толькі 20 працэнтаў усіх збожжавых. У прыватнасці, жыта ўбралі 100 га (з 305-ці), намалацілі 222 т. Пшаніцу — з 48 га (усяго ў гаспадарцы 130 га), сабралі 130 т. Трыцікале — з 16 га (усяго 167 га), намалацілі 35 т. Рапс — са 140 га, намалацілі 249 т. Акрамя вышэй названых культур у гаспадарцы засталося ўбраць яшчэ 24 га аўсу, 180 га зернебабовых, 80 га ячменю.

Першыя намалоты паказалі, што ўраджай выспявае неблагі. Напрыклад, на ўбраных участках жыта атрымалі ўраджайнасць звыш 22 ц/га, пшаніцы — 27,7 ц/га. Якім жа будзе канчатковы вынік — залежыць цяпер ад адносінаў да справы людзей, якім даверана ўбіраць хлеб.

— Калі так, то ўсё будзе выканана, як належыць, людзі ў нас сумленныя, стараюцца, — усміхаецца галоўны аграном, а пасля, кінуўшы погляд у неба, дадае: — Абы надвор’е наладзілася, не перашкаджала, і ўсё будзе добра. Справімся.

І няхай бы так яно і было.

На здымку: Міхаіл Музычэнка, Юрый Петруненка, Алег Сцепаненка — старшыя камбайнеры ПСУП «Лоеў-Агра».

Тэкст і фота Вольгі КАЛЯДЗЕНКА, “ЛК”.

Добавить комментарий

Instagram
VK
VK
OK