Для кожнай газеты каштоўнымі з’яўляюцца ўласнае меркаванне і павага чытачоў. Захаваць іх інтарэс — асноўная мэта работы калектыву нашай рэдакцыі. У век развітых інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій друкаваным выданням складана вытрымліваць канкурэнцыю з інтэрнэт-блогерамі, віртуальнымі часопісамі, перанасычанымі неправеранай інфармацыяй і яркімі фотаздымкамі. Таму мы разумеем, што адданымі нашымі чытачамі застаюцца людзі, якія шануюць друкаванае слова, любяць патрымаць у руках газету, перавярнуць яе старонкі і адчуць пах друкарскай фарбы.
Жыхар вёскі Мохаў Станіслаў Масюкевіч (на здымку) пераехаў на Лоеўшчыну з в. Пецькаўшчына Брагінскага раёна ў 1987 годзе разам з бацькамі неўзабаве пасля выбуху на Чарнобыльскай АЭС. Тут мужчына і пусціў свае карані. Працаваць уладкаваўся ў мясцовую гаспадарку — спачатку трактарыстам, а потым жывёлаводам. Ён выгадоўвае маладняк ад 300 да 500 кг. На падыходзе — сёмы дзясятак, але мужчына спраўляецца са сваімі абавязкамі не толькі на жывёлагадоўчым комплексе, але і на ўласным падвор’і працуе: разам з жонкай ён трымае курэй, парасят, садзіць агарод. Сельскія жыхары звыклі, каб усё сваё было, натуральнае. Станіслаў Альфонсавіч нават кошыкі з лазы вырабляе ўласнымі рукамі. Гэтым старадаўнім рамяством продкаў мой суразмоўца валодае майстэрскі.
Станіслаў Масюкевіч чытае газету “Лоеўскі край” з першай старонкі да апошняй вось ужо некалькі дзясяткаў гадоў. Сказаць, што ён проста любіць быць у курсе падзей, было б, напэўна, няправільна. Будучы заўзятым прыхільнікам публіцыстычнага слова, кожны тыдзень ён з нецярпеннем чакае пятніцы і перачытвае газету да апошняй літары. З усіх перыядычных выданняў Станіслаў Аліфонсавіч аддае перавагу менавіта раёнцы. Чаму? Вось што ён расказвае: “Цікава даведацца пра навіны Лоеўшчыны, асабліва пра сельскую гаспадарку. Дзе, як не ў роднай раёнцы, я магу знайсці весткі з палёў і жывёлагадоўчых ферм. Дзякуючы газеце і я парадуюся дасягненням мясцовых аграрыяў, даведаюся аб працаўніках вёскі, дзейнасці прадпрыемстваў і арганізацый рэгіёна. А яшчэ тут можна знайсці неабходны нумар тэлефона для дыялогу з уладай. Акрамя гэтага, звярнуўшыся ў рэдакцыю, магу разлічваць на дапамогу ў вырашэнні набалелага пытання. Таму сваю любімую газету рэкамендую ўсім родным, сябрам і знаёмым”.
Вось такі адданы чытач і сябр ёсць у раённай газеты! Будзем разам!
