БЫЛІ Ў БАЦЬКІ ТРЫ СЫНЫ

Да 65-годдзя вызвалення Беларусі


Да Кастрычніцкай рэвалюцыі і добры дзесятак гадоў пасля яе сяляне, якія мелі надзелы малаўрадлівай зямлі, звычайна пераязджалі туды, дзе маглі прыдбаць добрую. Такім чынам апынуўся ў нашай мясцовасці, на правабярэжжы Дняпра, і Фёдар Горленка. З Шарпілаўкі, над Сожам, спачатку пераехаў у Ліпнякі, а потым разам з іншымі сялянамі карчаваў былы панскі лес, дзе і ўзнікла вёска Вазон. Абжыўся селянін на новым месцы, паступова павялічыў гаспадарку. Сям’ю Фёдара вазонаўцы называлі больш мякка, з націскам на другім складзе — Гарленка, а гаспадыню — Гарленчыха. Нарадзіліся ў Фёдара і Пелагеі за гады сумеснага жыцця дванаццаць дзяцей. Але не ўсе яны пражылі доўгі век: прастуджваліся без добрай вопраткі, галадалі, значна сказваўся і недахоп своечасовай медыцынскай дапамогі. А тут яшчэ падаспела калектывізацыя. На бяду былі і ў той час нядобразычліўцы, якія злосна зайздросцілі працавітым сем’ям. У выніку сям’я Фёдара засталася без каня, кароў, амаль без зямлі. Праз некаторы час і гаспадар пайшоў з жыцця.
Засталіся ў сям’і маці і пяцёра дзяцей. У калгасную і дамашнюю працу яны ўкладвалі сваё старанне і ўменне. З маленства бацькі прывучалі дзяцей да нялёгкага сялянскага занятку, адказнасці, павагі да старэйшых. Гаўрылу, старэйшага хлопца, які пасвіў калгасных кароў, не раз летам накіроўвалі на торфапрадпрыемства ў Касцюкоўку, што за Гомелем. Сярэдні сын, Адам, пасвіў калгасных цялят. А малодшы, Іван, калі заканчваліся заняткі ў школе, выганяў на выпас коней, глядзеў за авечкамі, дапамагаў старэйшым акучваць бульбу. А маці даіла кароў на ферме.
Перад вайной калгаснікі сабралі нядрэнны ўраджай зерневых. На працадні кожная сям’я атрымала збожжа. Жыццё, здаецца, наладжвалася. Хіба ж думаў Гаўрыла, збіраючыся на вайсковую службу, што давядзецца доўгі час не здымаць з сябе вайсковае абмундзіраванне? Служыў у Мажайску. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся дадому. Праз некалькі дзён быў накіраваны на курсы камандзіраў. Вучыўся на зенітчыка, добра асвойваў вайсковую справу. А тут — 22 чэрвеня. Вайна.
Гаўрылу давялося адступаць з войскамі ў напрамку Варонежа. Не раз зенітчыкі перажывалі жудасныя моманты, калі на іх устаноўкі пікіравалі варожыя самалёты. Але страх і разгубленасць хутка змяняліся актыўнымі дзеяннямі, і нямецкая тэхніка апыналася пад прыцэльным агнём савецкіх салдатаў. Гаўрыла Горленка неаднаразова ўзнагароджваўся, быў паранены.
Якім бы чынам ні змяняліся напрамкі баёў, кожны салдат ведаў, што за яго плячамі засталіся самыя блізкія і вельмі дарагія сэрцу людзі, родная хата, вёска, краіна… Таму крывёю плацілі за кожны шматок зямлі, аддавалі жыцці ў барацьбе за свабоду свайго народа ад нямецкіх акупантаў. Ураджэнец Вазона дайшоў з баямі да ўкраінскага Львова і быў прызначаны вайсковым камендантам гэтага горада.
Пасля вайны Гаўрыла працаваў кіраўніком паляводчай брыгады ў роднай вёсцы, пэўны час узначальваў калгас у Ліпняках, а потым пераехаў у Гомель.
Сярэдні сын з сям’і Горленкаў, Адам, закончыў курсы шафёраў у Гомелі. Яшчэ да вайны пабываў у азёрным краі — Карэліі, на лесараспрацоўках. Потым вярнуўся дадому. Яму, як і Гаўрылу, малодшы брат прынёс павестку з ваенкамата. Адам асвоіў кіраванне магутнай машынай — танкам. У адным з баёў, калі нашы войскі адступалі аж да Сталінграда, Адам і загінуў. А перад гэтым наказаў земляку з Церабееўкі, Малчанаву: “Калі я загіну — перадасі звесткі маім родзічам, калі ты — паведамлю тваім бацькам або суседзям”. Атрымалася так, што аб апошніх днях жыцця танкіста сям’і Горленкаў расказаў Малчанаў.
Вазонаўцам, як і многім іншым, давялося перажыць нялёгкія гады акупацыі — пад страхам, кулямі і асколкамі снарадаў. Хата Горленкаў тады згарэла. Ад карнікаў даводзілася хавацца ў балоце аж пад вёскай Рудня Бурыцкая. А калі савецкія войскі вызвалілі Лоеўшчыну і суседні, Рэчыцкі, раён, дачка Горленкаў, Маруся, пайшла санітаркай у вайсковы шпіталь, каб дапамагаць цяжкапараненым байцам.
У канцы 1944 года быў прызваны ў армію і самы меншы сын — Іван. Іх, маладзейшых, без баявога вопыту, не накіроўвалі ў акопы пад смяротны агонь, часцей выкарыстоўвалі на розных работах. Спачатку Іван ахоўваў самалёты, што паступалі пасля рамонту на аэрадром у Сляпянцы, пад Мінскам. Акрамя таго, даводзілася выязджаць у Брэст, дзе на чыгуначныя платформы грузілі танкі і артылерыю — на Захадзе ўсё яшчэ ішлі цяжкія баі. Тысячы снарадаў перанесены на руках. Перажытыя выпрабаванні холадам, голадам, бытавымі нязручнасцямі.
Закончылася вайна, але не служба салдата Івана Горленкі. Не здымаў ён пагонаў аж доўгіх сем гадоў. Маці ў пісьмах з трывогай пыталася: “Сынок, ты, можа, падаўся ў заробкі, што не з’яўляешся дадому?”. А Івана лёс перакідваў у розныя мясціны Беларусі і раней вялікага Саюза, дзе вайскоўцы ўмацоўвалі граніцы, будавалі аэрадромы, пракладвалі дарогі да іх. Спраў будаўнічаму батальёну хапала кожны дзень.
Пасля заканчэння службы Іван падаўся ў Гомель. Вучыўся на Гомсельмашы на токара, займаўся адгрузкай тэхнікі — сеялак, веялак. А вечарамі дарма часу не траціў — хадзіў на курсы ў аўташколу, каб стаць шафёрам. І гэта было пачаткам галоўнай справы яго жыцця. Ажаніўся з дзяўчынай Феняй, якая была родам з Буда-Кашалёўскага раёна, працавала на млынкамбінаце. А потым сям’я пераехала ў Лоеў.
Іван Фёдаравіч працаваў шафёрам у сетцы кінафікацыі, а потым у сістэме спажывецкай кааперацыі. Але там, каб даставіць тавары ў розныя месцы раёна, даводзілася працаваць і начамі, і без выхадных. А трэба ж было яшчэ будаваць уласнае жыллё. Давялося змяніць месца работы. І. Ф. Горленка падаўся ў райсельгастэхніку, з якой потым адгалінавалася Днепра-Сожскае аддзяленне сельгасхіміі. Вазіў паліва па гаспадарках, а потым яму даверылі самазвальную машыну, якой дастаўляліся ў калгасы і саўгасы мінеральныя ўгнаенні.
Працаваў старанна, сведчанне таму — шматлікія падзякі і граматы ад кіраўніцтва. Быў удзельнікам ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС — займаўся вывазкай жывёлы з розных раёнаў у больш чыстыя ад радыяцыі мясцовасці. А жонка працавала на камбінаце будаўнічых матэрыялаў, на вытворчасці цэглы, і некаторы час — у швейным філіяле “Гамяльчанка”. У сям’і вырасла чацвёра дачок. На жаль, адна з іх заўчасна памёрла. Люба, якая жыве і працуе ў Маладзечна, літаральна кожны дзень тэлефануе бацькам, цікавіцца, як іх здароўе. А Людміла і Валя жывуць на далёкай Поўначы, у горадзе здабытчыкаў нафты. Падняўшы на ногі дзяцей, муж і жонка, абодва пенсіянеры, дапамагаюць ужо і ўнукам.
Асабіста я не раз быў сведкам таго, як Іван Фёдаравіч не цураўся грамадскай работы — быў засядальнікам у судзе, народным дружыннікам па ахове парадку і інш. Такія людзі, вядома, заслугоўваюць на павагу і прызнанне.
Я бачыў, як нялёгка было сведку жудаснай вайны расказваць пра гады ліхалецця. З сярэдняй па памеру вёскі — 62 двары — больш 20 вазонаўцаў загінулі тады на франтах, у партызанскіх атрадах. На вачах састарэлага чалавека з’яўляліся слёзы пры ўспамінах аб перажытым горы, ад усведамлення тых незваротных страт, якія панесла яго родная мясцовасць і ўся Савецкая краіна ў цэлым. Мы павінны заўсёды памятаць аб гэтым, каб ніколі не дапусціць новых ваенных дзействаў.


М. Мельнічэнка, жыхар гарпасёлка.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK