Мы родны край свой песняй праслаўляем!

У песень, як і ў людзей, свае лёсы. Адны, стаўшы папулярнымі на час, бясследна знікаюць, іншым жа прыгатавана доўгае жыццё, і яны пераходзяць ад аднаго пакалення да другога, застаючыся своеасаблівым залатым запасам нашай культуры. Менавіта ім быў прысвечаны агляд-конкурс мастацкай самадзейнасці. “Песні юнацтва нашых бацькоў і дзядоў”. Пад такой назвай 15, 18 і 19 лютага праходзіў раённы конкурс патрыятычнай песні сярод клубных устаноў культуры раёна, у якім прымалі ўдзел харавыя, вакальныя калектывы аматарскай мастацкай творчасці, калектывы са званнем “народны” і асобныя выканаўцы. Праводзіўся конкурс у гонар 65-годдзя вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а мэтай яго было павышэнне сацыяльнай ролі народнай творчасці, яе ўплыву на развіццё грамадскай актыўнасці жыхароў раёна.
Асноўныя задачы, якія ставілі перад сабой арганізатары конкурсу, заключаліся ў тым, каб садзейнічаць аднаўленню і пераемнасці мастацкіх традыцый рэгіянальнай народнай творчасці, абагачэнню рэпертуару самадзейных калектываў лепшымі творамі беларускай нацыянальнай культуры, павышэнню ўзроўню выканаўчага майстэрства і сцэнічнай культуры мастацкіх калектываў і асобных выканаўцаў. Несумненна, такія мерапрыемствы ўносяць пэўны ўклад у патрыятычнае выхаванне моладзі.
Кіраўнікі ўстаноў культуры пастараліся на славу — былі тут прадстаўлены і вакальныя ансамблі, і дуэты, і асобныя выканаўцы. Многія выступленні былі яркімі, артыстычнымі, запамінальнымі. Але ўсё ж са ўсіх можна выдзеліць нумары, якія былі прадстаўлены на суд журы ўдзельнікамі мастацкай самадзейнасці Уборкаўскага, Бывалькаўскага і Страдубскага сельскіх Дамоў культуры.
Удзельнікі вакальнага калектыву “Алеся” з Бывалек выканалі песню «Ой ты солнце ясное», вакальны ансамбль “Кумушки” з Уборак і яго салістка Наталля Блізнец парадавалі песняй “Ой туманы мои растуманы”, выканаўцы са Страдубкі — песняй “Мой край Беларускі”. З асаблівым захапленнем успрыймаліся выступленні Віктара Янцэна, Веранікі Сіраж, Аксаны Гаўрык, Наталлі Пікас з Бывалек, Тацяны Шапаравай са Страдубкі, Ніны Малой і Ніны Палявой з Сяўкоў, Ганны Кузьменка, Раісы Калацэй, Тацяны Чапега з Малінаўкі.
Несумненна кранулі кожную душу песні ў выкананні народнага ансамбля “Лутава”, народнага хора “Світанак”, народнага ансамбля “Пралеска”, удзельнікаў вакальнага калектыву клуба аматараў песні ветэранаў вайны і працы “У кого душа бодра — не стареет никогда” Мікалая Грэчанка, Уладзіміра Казулі, Міхаіла Максіменкі, Эдуарда Пархоменкі, Надзеі Амелінай і інш.
Выступленні ацэньвала журы ў склад якога ўвайшлі: А. Б. Шумігай, начальнік аддзела культуры райвыканкама, Ю. Ф. Файзуліна, начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама, М. І. Шумігай, дырэктар раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці, Л. М. Фёдарыва, мастацкі кіраўнік Лоеўскага раённага Дома культуры, Г. С. Марчанка, кіраўнік народнага хора “Світанак” РДК. Да ўвагі браліся разнастайнасць прадстаўленых у праграме песень, мастацка-выразнае рашэнне нумара, захаванне традыцый і асаблівасцей выканання твораў, якія бытуюць у рэгіёне, артыстызм і інш. Напэўна, патрэбна адзначыць, што пераможцы вызначаліся не адразу. За кожны нумар выстаўляліся балы. Найбольш удалыя нумары выканаўцы прадэманструюць у заключным гала-канцэрце, які адбудзецца 9 мая на цэнтральнай плошчы райцэнтра, у гэты ж час будуць падведзены вынікі і ўзнагароджаны лепшыя.
Р.S. Арганізатары гэтага конкурсу выказваюць словы глыбокай удзячнасці начальніку аддзела па справах моладзі райвыканкама Ю. Ф. Файзулінай за аказаную падтрымку.


Алена Кукса.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK