Сустрэча

Да 65-годдзя вызвалення Беларусі

На правым беразе Дняпра, каля мемарыяльнага камня бліз вёскі Крупейкі, стаялі двое: мужчына, гадоў каля васьмідзесяці, і хлопчык, з чырвонаю зоркаю на белай сарочцы. Яны стаялі побач. Мужчына пільна ўглядаўся на другі бераг ракі. Худы, маршчыністы твар яго быў заклапочаны, рэдкія сівыя валасы развяваў вецер. Ён быў без адной нагі і апіраўся плячом на мыліцу. Хлопчык тузаў яго за руку і аб чымсьці прасіў.
Я падыйшоў бліжэй і ўбачыў на новенькім летніку ветэрана баявыя ўзнагароды. Ён быццам і не заўважаў мяне, працягваў гаварыць, затым прысеў на ўзвышша старой траншэі, закурыў…
Шырокія зялёныя ўкраінскія лугі, што люстра, ззялі затокамі, возерам, адбіваючы промні даволі яскравага восеньскага сонца. І гэтую чысціню, гэты шэдэўр блакіту можна было назіраць толькі з высокага, даволі крутога правабярэжжа беларускай зямлі.
Раптам ветэран неяк уздрыгануўся, паправіў мыліцу, позірк яго быў накіраваны ўніз, на нейкі прадмет, што ляжаў у яго каля нагі. Ён нязручна нагнуўся і падняў аўтаматную гільзу.
— Столькі гадоў прайшло, а гэта ляжыць! Фашысты! Нелюдзі! — ветэран з размаху кінуў яе пад гару. І зноў успаміны не давалі спакою. Перад ягонымі вачыма паўстала вайна і халодная восень сорак трэцяга года, калі ён быў у ліку тых, хто застаўся жывым з нямногіх байцоў 120 стралковага палка 65 арміі пад камандаваннем генерала-лейтэнанта П.І. Батава пры фарсіраванні ракі Днепр у раёне Лоева, адным з тых, хто першым вызваляў з нямецкага палону беларускіх людзей…
…Па мёрзлай зямлі ішоў чалавек. Пад цяжарам бервяна, якое нёс, ён згінаў спіну, каб аблегчыць сваю ношу і даць крыху адпачыць плячу. Чалавек цяжка дыхаў. Апрануты ён быў у салдацкую форму, па якой можна было здагадацца, што на вайне гэты чалавек не першы год. Гімнасцёрка на ім выцвіла, была запэцкана сасноваю карою і звычайным пяском. Салдат спяшаўся. Ён стараўся глядзець сабе пад ногі, каб не зачапіць што-небудзь і не ўпасці. Бервяно ўсё ж такі зачапілася за куст дрэнна абцярэбленым хлыстом. Мужчына зрабіў намаганне, каб вызваліць сваю ношу, ды не змог — кінуў яе на зямлю. Сеў на бервяно, закурыў.
Уздоўж затокі ішлі людзі. Яны таксама неслі бярвенні. Хвілін праз пяць да салдата падышоў сяржант.
— Чаму ты сядзіш, Мікола? — запытаў ён, утрымліваючы сваю ношу.
— Плячо нарэзаў, будзь яно няладна. Сядай, Валодзя, пакурым крыху.
Сяржант скінуў бервяно, сеў побач з Міколам і, зрабіўшы самакрутку, закурыў.
— Ты бачыў, што з Пазнапаламі немцы зрабілі? — запытаў Мікола.
— Дзе?
— Ды вунь, у двух кіламетрах адсюль вёска Пазнапалы была. Я там хлопцам калісьці з дзяўчатамі гуляў, — заўважыў Мікола. — З людзьмі спалілі.
— Фашысты паганыя! — Уладзімір сплюнуў.
— Я з гэтых мясцін, Валодзя. Там, за Дняпром, вёсачка мая, — Мікола ўздыхнуў. — Пераправімся, да мяне зойдзем, дзетак маіх пабачыш.
— Хай так будзе. Камандзір кажа: раніцою пачнецца, — заўважыў сяржант.
Мікола зацягнуўся самакруткай, потым кінуў яе, узняўся:
— Пайшлі. Хутчэй будзе, — ён узняў на плечы бервяно.
Цямнела. Па рэчышчы плылі плыты і лодкі з гарматамі, кулямётамі і боепрыпасамі.
Прыгажун-Дняпро, быццам узрадаванае дзіця, якое сустракала сваіх бацькоў, узнімаў хвалі і шчодра біў імі аб бераг.
— Пачакай крыху, хутка вызвалім цябе, сынок, — шаптаў Мікола.
Нястрымна, бы хвалі, гойдалася сэрца, адстукваючы хвіліны. Людзі ляжалі на падмерзлай зямлі і чакалі загаду. Пачало світаць. Моцныя выбухі ўскалыхнулі наваколле. Пачалася артпадрыхтоўка. Затым шэрая дымавая паласа павісла над ракою і паволі, быццам туман, папаўзла ўздоўж Дняпра. Гэта хімікі зрабілі дымавы заслон.
— Пара! — загадаў камандзір.
Людзі асцярожна ўзыходзілі на плыты, садзіліся ў лодкі і адплывалі.
— Асцярожней, браткі. Хутчэй грабіце. Там жа вёсачка мая. Сям’я мая там, — прасіў Мікола.
Салдацкая шапка яго з’ехала на бок, прамыя валасы звісалі на вочы. А ён быццам не заўважаў іх, прысеўшы на адно калена, гроб шастом што сілы. Крысо шыняля было ў вадзе, рамень з’ехаў на бок, толькі вінтоўка па-баявому выглядала з-за пляча штыком наперад. Твар яго быў мокры ад поту, і цяпер цяжка было даць яму ягоныя гады, ён здаваўся значна старэйшым.
Дымавая завеса знікла, і цяпер ужо выразна быў відаць бераг. Фашысты заўважылі байцоў і адкрылі агонь з усёй зброі, якая толькі ў іх была. Ад выбухаў і траскатні кулямётаў кіпела, быццам у распаленым катле, вада. З пераправачных сродкаў, якія былі бліжэй да берага, заракаталі кулямёты і аўтаматы, чутны былі і рэдкія стрэлы з вінтовак.
Яшчэ грабок, другі, трэці… Вялізны слуп вады ўзняўся каля суседняга плыта, затым плыт разляцеўся па вадзе разам з людзьмі.
— Хутчэй, хлопцы, хутчэй, родныя, — паўтараў Мікола. — Вось-вось будзе мелка, яшчэ крышачку. Вось і добра, — ён шастом дастаў камяністае дно.
Праз лічаныя хвіліны першы плыт уткнуўся ў бераг. Байцы саскоквалі з яго і беглі туды, адкуль нястрымна стралялі фашысты. Адзін з нашых байцоў разгарнуў сцяг. Гучна і працяжна панеслася — “Ура!”, падганяючы людзей, надаючы ім сілы. Мікола бачыў, як яны лезлі на крутую гару. І не вытрымаў, зняў вінтоўку і кінуўся ў ваду, уздагонку. Калі ўпаў на беразе і абярнуўся, то ўбачыў, што з яго пераправачнага сродку засталося толькі адно бервяно, а побач, коламі ўгару, ляжала гармата, барахталіся ў вадзе людзі.
—У, гады! — вырвалася з грудзей салдата.
Ён узняўся і пабег далей. Праз некалькі хвілін байцы былі ў варожай траншэі. Пачаўся рукапашны бой. Мікола бачыў, як беглі, пакідаючы свае пазіцыі, фашысты…
— Камандзір, там, злева, роў ёсць да вёскі, метраў сямсот. Мы спрытна абгонім іх, — выкрыкнуў Мікола.
— Крупейчанка, адкуль ты гэтыя мясціны ведаеш? На карце нічога няма! — крыкнуў камбат.
— Ды, я ж з гэтых мясцін. Не раз рыбу вудзіць хадзіў. Мая вёсачка там, дзеткі мае.
— Батальён, за мной! — скамандаваў капітан.
Ды ад батальёна таго засталося… чалавек, можа, дзесяць, не болей. Яны паўзком пад перастрэльным агнём адпаўзлі ў роў.
Родныя мясціны сагравалі сэрца, пахла вільгаццю ды марозцам. На каўняры шыняля сабіраўся сняжок, відаць, ад дыхання.
— Крышачку далей, справа, канава будзе і арэшнік, тут можна і пачакаць крыху. Не заўважаць.
— Ты што, Крупейчанка, з глузду з’ехаў? Якое пачакаць?! Загад Сталіна — наперад! А хто першы — той герой, — неяк стомлена сказаў камбат.
— Добра, добра! Зараз і вёска будзе, вунь відаць, — прашаптаў Мікола.
Адляжаўшыся крыху, байцы паўзком паўзлі ўздоўж раўчака, які сцякаў з вёскі ў Дняпро. Кулямётная чарга пачырыла слупы падмёрзлай зямлі каля іх, салдаты схілілі ў касках галовы.
— Валодзя Тарасенка, кулямёт — і наперад! — скамандаваў камбат.
Той папоўз у бок страляніны, змог узняцца на кручу і адтуль толькі застракатаў наш ручны кулямёт. Але не разлічылі байцы свае сілы, немцаў было больш.
— Куды ж цяпер, Мікола? — крычаў камбат.
— Да могілкаў трэба! Злева яны. Там нікога не павінна быць, — адазваўся стомлена Мікола. — Хаця да хаткі маёй далей будзе.
— Хатка, хатка! Пойдзем на могілкі, — скамандаваў капітан.
Байцы паўзком і перабежкамі прабіраліся туды, дзе ў хваёвым лесе, на ўскраіне, віднеліся крыжы і маленькая капліца. Праз гадзіну-дзве яны былі на месцы. Іх засталося ў жывых каля васьмі…
— Пачакаем цемры, — сказаў камбат. — Назад ісці нельга. Загад — толькі наперад!
Ракаталі кулямёты, чутна было, як рваліся недалёка снарады. Над вёскаю гарэла вогнішча. Цямнела. Вецер павярнуўся і дуў у бок вёскі.
— Рыхтуйся да бою, сынкі! — скамандаваў камбат.
Лязгнулі вінтоўкі, у месячным святле заззялі штыкі. З моцным гукам “Ура” байцы кінуліся ў вёску, страляючы неўпапад. Першым бег Крупейчанка. У гэткай мешаніне фашысты адышлі на іншую палову вёскі і зрабілі абарону па дарозе.
Мікола апамятаўся толькі ўжо ў вёсцы, калі яго дагнаў сяржант.
— Зайздрю я тобі, Мікола. Ріднэ село вызваляеш. Такэ раз у жыцці бувае, — сказаў ён, цяжка дыхаючы.
— Бачыш, як вёсачка гарыць? Як гарыць?! — Мікола моцна сціснуў вінтоўку… Вось і правулак, і хата… Але дзе яна?
Мікола спыніўся, прайшоў па паваленым плятні ў агарод. Замест хаты ён убачыў некалькі абгарэлых бярвенняў…
— Насця! — закрычаў Мікола, сэрца яго сціскалася, — Насця, Андрэй, Дунька, Алеся!
З ямы, у якой звычайна хавалі бульбу, вылез у запэцканай лахманіне хлопчык. Мікола не адразу пазнаў яго.
— Татка! Татачка! Даражэнькі мой! — хлапец у слязах падбег да бацькі, абхапіў яго за калені…
— Сынок! Сынок мой! — салдат абняў сына.
— Мамка, Дунька, Алеся дзе?
— Мамку з Алесяй, — Андрэйка плакаў, — немцы забілі. Дуньку ў нямеччыну пагналі!
— Што ж гэта супастаты робяць, сынок?
Мікола ўзяў на рукі сына, моцна прыціснуў да грудзей… Раптам ён уздрыгнуўся і паволі апусціўся на зямлю, каля вогнішча, што засталося ад хаты.
— Татка, родненькі! — закрычаў Андрэйка.
Моцны выбух ускалыхнуў наваколле. Гэта сержант кінуў гранату туды, адкуль стрэліў фашыст…
…Ветэран вынуў з кішэні хустку, абцёр пот на скронях, затым дадаў: “Вось такая горкая доля твайго дзеда, Максімка. А мы з ім разам вайну скончылі, пад Кёнігсбергам былі. З таго часу заўжды разам былі. А зараз і пахавалі яго на радзіме, дзе і прасіў. Зямля яму пухам. А вёсачка ягоная, Крупейкі, стаіць ды прыгажэе. Жыццё пройдзе, ты генералам будзеш. Радзіму любіць трэба! Яна адзіная ў нас, другой ніколі не будзе”.
Пятро Раманенка, жыхар г. Гомель.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK