Гісторыя кахання, расказаная праз дзесяцігоддзі

Лёсы людскія

Усе рэчы маюць уласцівасць з’яўляцца і знікаць, і толькі людская памяць здольна існаваць вечна. Менавіта яна захоўвае і дае магчымасць людзям ведаць гісторыю свайго краю, свайго народа, сваёй сям’і. Толькі памяць дае магчымасць чалавеку згадваць свой жыццёвы шлях, радавацца і засмучацца, рабіць высновы і даваць парады, у сталым узросце адчуваць сябе маладым.
Расказ пастаяннай нашай чытачкі, якая пажадала застацца невядомай, яшчэ раз гэта пацвердзіў. Яна паведала нам аб тым, як стала сведкай гутаркі людзей двух пакаленняў — маладога і больш старэйшага. Гэта была не проста размова, а ўспаміны, якія, нібы ў кінастужцы, адматалі час у мінулае на некалькі дзесяткаў гадоў.
…Бабуля згадвала пра сваю маладосць, пра сваё першае каханне — пачуццё, якое дало ёй магчымасць пражыць разам з каханым чалавекам пяцьдзесят шчаслівых гадоў, выхаваць дзяцей, дачакацца ўнукаў і працягваць жыць далей, калі самы родны чалавек пайшоў з жыцця.
— Ці памятаю я пра сваё першае каханне? — пытаннем на пытанне адказала бабуля. — Хіба пра такое, унучак, можна забыцца?
Твар жанчыны спачатку спахмурнеў, а потым вочы неяк па-асабліваму дзіўна заззялі і ў куточках з’явіліся непрыкметныя слязінкі.
— Бабуля, чаму ты плачаш? Тваё першае каханне было такім няшчасным?
— Не, яно, наадварот, было прыгожым і светлым. І чым больш жывеш на гэтым свеце, тым больш разумееш кошт такіх рэчаў. Табе пакуль што гэтага не зразумець, ты яшчэ малады. У вас, моладзі, усё сёння проста: кожны дзень новае каханне. Сходзіцеся — разыходзіцеся, жэніцеся — разводзіцеся. І ўсё гэта, кажаце, адбываецца праз каханне. У наш час усё было па-іншаму.
— А як было ў ваш час?
Бабуля задумалася. Напэўна, у той момант у яе памяці праімчаліся шчаслівыя гады маладосці, таму што прама на вачах яна ажыла, засвяцілася радасцю, нават, здавалася, на яе твары разгладзіліся маршчынкі.
— Маё дзяцінства прыпала на цяжкі час. Памятаю, як разам са сваёй сяброўкай бегалі на луг за шчаўем, з суседскімі дзецьмі — на рэчку купацца. А потым пачалася вайна. Акрамя працы і страху з таго часу нічога больш і не згадаю… Як толькі немцаў выгналі з нашага горада, усе хлопцы, з якімі мы сябравалі ў дзяцінстве, пайшлі ў армію, ім якраз па 17-18 гадоў споўнілася. Я ўладкавалася на фабрыку. Спачатку была вучаніцай, потым самастойна стала працаваць. Бегалі з сяброўкай на танцы ў гарадскі парк. Завіхаліся вакол мяне і кавалеры, праводзілі дадому. Я была дзяўчынай бойкай і на язык «вострай», многія, нават, і пабойваліся маіх слоў.
Бабуля крыху памаўчала, апусціла вочы, нібы настройвала сябе, каб сказаць нешта важнае, а потым прадоўжыла свой расказ.
— А сваё каханне я сустрэла ўжо пасля вайны. Гэта быў 1951 год, напярэдадні свята Кастрычніцкай рэвалюцыі. Я збіралася на танцы. Хуценька прыбралася, пакруцілася каля люстэрка і пабегла да сяброўкі, каб разам пайсці ў клуб. Адкрыла дзверы яе хаты і сутыкнулася са статным, прывабным маладым чалавекам у ваеннай форме. На яго гімнасцёрцы паблісквалі медалі. Я не адразу прызнала ў ім брата маёй сяброўкі, з якім некалі ў дзяцінстве бесклапотна бегалі па вуліцах, хадзілі на раку, на луг. Мы абодва разгубіліся і здзіўлена паглядалі адзін на аднаго. Ты ўжо, унучак, напэўна, зразумеў, што гэта і быў твой дзед.
Бабуля замоўкла, і слёзы самі паліліся з яе вачэй.
— Прабач, што прымусіў цябе ўспамінаць пра мінулае, — супакойваў жанчыну ўнук.
— Не вінаваць сябе. Проста чалавек часта не разумее свайго шчасця. Калісьці і мы іншы раз сварыліся, спрачаліся, а вось зараз, калі ўжо побач няма самага дарагога чалавека, разумею, наколькі я была нецярплівая і колькі ўсяго непрыемнага можна было пазбегнуць у жыцці. А мае слёзы — гэта слёзы прыемных успамінаў. Пасля той сустрэчы мы разам пайшлі ў клуб, разам пратанцавалі ўвесь вечар. Твой дзед быў выдатным танцорам. А як ён іграў на гітары! Як спяваў! Я магла слухаць яго гадзінамі. Таму і згадзілася выйсці за яго замуж. Першыя гады жыцця былі вельмі цяжкія: не было свайго кутка, не хапала грошай. Але каханне нам дапамагала. Мы шмат часу праводзілі разам: хадзілі на вечары адпачынку, гулялі ў парку. А пасля нараджэння дачушкі, каб зарабіць грошай, дзед твой паехаў уздымаць цаліну. Праз некаторы час і я паехала да яго. Жылі ў палатках, нават не адной сям’ёй. Таму, калі нам, у ліку першых, далі пакой у новым пабудаваным доме, для нас гэта было вялікім шчасцем. Там нарадзіўся твой бацька. Нялёгкім было наша сямейнае жыццё, але мы ўмелі радавацца кожнай простай рэчы. Шмат працавалі, самі зараблялі на хлеб. Гэта зараз бацькі дапамагаюць сваім дзецям падняцца на ногі, трывала замацавацца ў жыцці…
Бабуля зноў спыніла свой расказ і ражком хусцінкі пачала змахваць з вачэй слёзы. Каб неяк згладзіць становішча, унук ціхенька прысеў каля бабулі, узяў яе зморшчаныя рукі ў свае далоні і прапанаваў:
— А давай зараз паедзем на магілку да дзеда…
Ні для каго з родных не сакрэт, што такія «сумныя» паездкі для яе заўсёды былі ў радасць. Жанчына тут жа нібы ажыла, пачала збірацца, з хваляваннем мітусілася па кватэры. Яна спяшалася, нібы на спатканне.
Вось, напэўна, у гэтым і крыецца таямніца кахання: кахаюць не за што-небудзь, а проста таму, што кахаюць.


Запісала Ала ГОЛІК.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK