НАБЯРЫ Ж І ТЫ ВАДЫ, ГАЛУБКА

Замалёўкі з натуры


Нагасцяваўшыся напярэдадні на дні нараджэння ў сваёй старой сяброўкі, цётка Нэля вырашыла назаўтра здзівіць свайго мужа і прыгатаваць на вячэру салату, якую вельмі ж упадабалі абодва ў Ганны. Тая абяцала прадыктаваць рэцэпт, вось гаспадыня і ўселася з паперынай і алоўкам каля тэлефона. Слова за слова — прывітанні, навіны, дайшла размова нарэшце і да салаты.
— Дык колькі, ты кажаш, цыбулін скрышыць? Пяць-шэсць? Дык гэта ж слязьмі ўмыешся. Ты ў сваім розуме, Ганна? — ад шчырага абурэння цётка Нэля гатова была шпурнуць у сяброўку тэлефонную трубку. — Ды мне з такімі ахвярамі твая салата і дарам не патрэбна.
— Вось табе і маеш, — разгубілася тая. — Ці не табе ж больш за ўсіх спадабаўся ўчора мой “Цыбуліч”? Колькі хваліла, рэцэпт клянчыла, а тут на табе, слёз сваіх пашкадавала, вады салёнай. Не хочаш, не гатуй. А ў мяне, між іншым, ніколі ў жыцці ніводная цыбулінка слязы не выціснула, ні калі чышчу, ні калі крышу, ні калі, нават, на тарцы здрабняю.
— Як гэта? Здзекуешся ты, ці што? — не паверыла Нэля.
— І не думала зусім, даражэнькая, — засмяялася сяброўка. — А ты ў наступны раз, калі крышыць цыбульку збярэшся, проста набяры вады ў рот і трымай, пакуль справу не скончыш.
— Вады? І ўсё?
— Вады, звычайнюсенькай вады — водаправоднай, калодзежнай, розніцы ніякай, — працягвала весяліцца Ганна і, разу-меючы, што сяброўка ўсё яшчэ намагаецца знайсці нейкі падвох у яе парадзе, дадала:
— Я ж не жабу глытаць цябе прымушаю, ты паспрабуй, — а затым тонам, які папярэджваў, што на пустыя размовы часу ў яе няма, Ганна дадыктавала рэцэпт салаты і паклала трубку.
Усё яшчэ з недаверам цётка Нэля набрала ў рот вады і ўзялася чысціць, а пасля і крышыць адну цыбуліну, затым другую, вось ужо і пятая, здробненая, у місцы, і шостая, а, і праўда, ніводная слязінка не змачыла яе шчок. Дзіва, дый годзе. Без меры збітая з толку і ўражаная такім простым, але фенаменальным адкрыццём, цётка Нэля тут жа кінулася да тэлефона. Спачатку пазваніла Ганне, падзякавала за добрую параду, а потым па чарзе стала абзвоньваць усіх сваіх шматлікіх родзічак, суседак, сябровак і проста знаёмых, каб падзяліцца такім карысным сакрэтам.
— Марыля, ты чула раней?..
— Нінка, што раскажу табе зараз…
Тым часам і муж цёткі Нэлі, Васіль, з работы прыйшоў. Зазірнуў на кухню — гатовай вячэрай нідзе і не пахне, толькі бульба начышчана да накрышаная цыбуля ў місцы ляжыць.
“Што ж, — падумаў, — я пакуль тэлевізар пагляджу, якраз футбол пачынаецца. Павячэраем і пазней”. А тэлефонныя дэбаты, як аказалася, тым часам толькі-толькі набіралі абароты. Увайшоўшы ў нязвычны нават для яе, цёткі Нэлі, кураж, “тэлефонная тэрарыстка” забылася пра ўсё на свеце. Яе голас гучаў то з інтрыгуючай загадкавасцю, то ледзь не з істэрычным трыумфам:
— Ну што?!! Паспрабавала?! Упэўнілася?! А я што казала?! Фама ты няверуючая! Ведай, хто параду дае!
Яе зычны голас хутка напоўніў ледзь не ўсю іх невялічкую аднапакаёвую кватэрку. Дзядзька Васіль ужо і дзверы ў вітальню прыкрыў, і тэлевізар амаль на ўсю гучнасць уключыў, ды дзе там — жончын лямант і абуранае бурчанне яго галоднага страўніка не давалі няшчаснаму магчымасці насалоджвацца баталіямі, што разгарнуліся на футбольным полі.
— Насцечка? Ты гэта? Добры дзень, даражэнькая! — як ні ў чым не бывала, працягвала тэлефоннае наступленне цётка Нэля, на гэты раз ужо на суседку. — Што раскажу табе зараз — упадзеш. Ты ведаеш, як цыбулю без слёз накрышыць?..
У дзядзькі Васіля тым часам цярпенне ўжо канчалася. Ён выйшаў у вітальню, наблізіўся да жонкі і асцярожна крануў яе за руку:
— Нэля, ты доўга яшчэ?..
Але тая толькі нецярпліва варухнула плячом і працягвала размову:
— Над якой такой парай? Каля якога агню? Лухту ты кажаш, Насцечка, дый годзе! Вось у мяне парада дык парада — усім сакрэтам сакрэт!
— Нэля, нам ужо і павячэраць было б не грэх, восем гадзін хутка, дый крыку нарабіла на ўвесь пакой, у мяне аж галава разбалелася…
Але жанчына бы й не заўважала мужа, працягваючы інтрыгаваць суседку:
— Ды пачакай ты, Насця, паслухай, што я табе зараз скажу.
— Нэля! — ужо з пагрозай у голасе запатрабаваў увагі да сябе дзядзька Васіль.
Але і гэта на жонку ніяк не падзейнічала:
— Ніякага агню, — смяялася яна ў трубку, — ніякага алею не патрэбна. Проста…
— Набяры ж ужо і ты ў рот вады, галубка. І марш на кухню — вячэру гатаваць, — ціха, але з пагрозлівай упартасцю прасіпеў дзядзька Васіль, рашуча націснуўшы на рычаг тэлефона, а затым і ўвогуле выключыў апарат з разеткі…
…Як ні прыкра было, але пра таямнічы сакрэт цыбулі і вады суседка Настасся змагла даведацца толькі на наступны дзень.


Вольга КАЛЯДЗЕНКА.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK