Доктар Пячонка

Твае людзі, Лоеўчшына!


(Працяг. Пачатак у № 143).


У 1964 годзе У. Пячонку паступіла прапанова з аблздраўаддзела пераехаць працаваць у Гомель. Ён прыняў яе не адразу, вагаўся. Цяжка было пакідаць Лоеў, дзе стаў сапраўдным урачом, атрымаў прызнанне людзей, дзе пабудаваў новыя карпусы хірургічнага, радзільнага і тэрапеўтычнага аддзяленняў, аснасціў іх сучасным, па тых мерках, медыцынскім абсталяваннем. Але бачыў, што калектыў бальніцы, які стварыў, здольны ўжо эфектыўна працаваць і без яго. Побач з ім сфарміраваліся як асобы і сталі сапраўднымі прафесіяналамі ўрачы: К.Д. Белякова, В.Г. Вайцяшэнка, Н.Р. Долгіна, І.І. Драздоў, В.А. Мядзведзеў, В.К. Мілеўская, Л.І. Цёмкіна і іншыя. Ды і сам адчуваў, што ўжо даўно перарос узровень райбальніцы. Да таго ж, Лоеўскі раён у 1962 годзе быў скасаваны і большай сваёй часткай далучаны да Рэчыцкага раёна, а бальніца ў Лоеве атрымала статус участковай. Разумеў, што ў абласным цэнтры ў яго будуць большыя магчымасці ўдасканальваць свой прафесійны ўзровень і дапамагаць людзям. Падштурхоўвала да пераезду і жонка, якая жадала вярнуцца ў родны Гомель.
У снежні 1964 года Уладзімір Сцяпанавіч быў прызначаны на пасаду галоўнага ўрача паліклінікі № 6 горада Гомеля. Але працаваў на гэтай пасадзе нядоўга. У красавіку 1965 года аблздраўаддзел прызначыў яго галоўным урачом Гомельскага абласнога анкалагічнага дыспансера.
Тады анкалагічныя хваробы пачалі імкліва выходзіць на першае месца сярод іншых захворванняў. У.С. Пячонку давялося будаваць новы корпус анкадыспансера на вуліцы Цыялкоўскага, ствараць, па сутнасці, новы калектыў медустановы, вучыць і выхоўваць людзей. Тут, дарэчы, яму спатрэбіўся вопыт, набыты ў Лоеўскім раёне. Хутка быў створаны малады калектыў, здольны вырашаць самыя складаныя задачы. Сваім асабістым прыкладам Уладзімір Сцяпанавіч вёў яго наперад. І на пасадзе кіраўніка дыспансера ён бачыў сваё галоўнае прызванне ў служэнні людзям. Высокая пасада зусім не сапсавала яго. Пячонка заставаўся самім сабой: простым і даступным людзям, чулым да хворых, здольным па першай просьбе прыйсці на дапамогу. Ён і тут спалучаў сваю адміністрацыйную пасаду з працай хірурга. Паступова клініка Уладзіміра Пячонкі стала выходзіць на вядучыя пазіцыі ў Беларусі. Сюды на лячэнне імкнуліся трапіць хворыя не толькі з Гомельскай вобласці і Беларусі, але і з суседніх Браншчыны і Чарнігаўшчыны. Кіраўнік дыспансера і яго калектыў нікому не адмаўлялі ў дапамозе. Але ўсё ж пэўным прыярытэтам у гэтай клініцы карысталіся лаяўчане. Уладзімір Сцяпанавіч асабіста наведваў кожнага хворага з Лоеўшчыны, гутарыў з ім, цікавіўся справамі ў раёне.
Хутка і ў Гомелі праца Пячонкі знайшла шырокае прызнанне. Ужо ў 1970 годзе Уладзімір Сцяпанавіч быў узнагароджаны медалём “За доблесную працу” і знакам “Выдатнік аховы здароўя”. У жніўні 1971 года атрымаў ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, неаднаразова ўзнагароджваўся Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, Міністэрства аховы здароўя, савецкіх і партыйных органаў горада Гомеля і вобласці. Уладзімір Сцяпанавіч неаднаразова абіраўся дэпутатам Гомельскага гарадскога Савета, шмат рабіў для ўдасканалення сістэмы прафілактыкі і аховы здароўя ў вобласці. У канцы 1970-х гадоў Уладзімір Сцяпанавіч у сваёй клініцы паспяхова правёў некалькі унікальных аперацый, і з Міністэрства аховы здароўя яму паступіла прапанова рыхтаваць кандыдацкую дысертацыю. Але ён адказаў, што пакуль будзе лячыць людзей, а дысертацыяй займецца, калі дасягне пенсійнага ўзросту. Вядома таксама, што былі падрыхтаваны ўсе неабходныя дакументы для прысваення У.С. Пячонку звання “Заслужаны ўрач БССР”, але ён гэтае званне не паспеў атрымаць. 22 красавіка 1984 года, у першы дзень Вялікадня, Уладзімір Сцяпанавіч Пячонка раптоўна памёр — за сталом у сябе дома. Сэрца выдатнага хірурга і чалавека спынілася ад трамбозу.
Больш за 25 гадоў мінула з дня смерці У. С. Пячонкі. Светлую памяць аб ім захоўвае яго сям’я. Жонка, Ала Сямёнаўна, даўно ўжо на пенсіі і апошнім часам часта хварэе. Дачка, Ірына, працуе дацэнтам кафедры псіхалогіі Гомельскага універсітэта імя Ф.Скарыны. Другая дачка, Галіна, — бухгалтар адной з прыватных фірм Гомеля. Сын, Сяргей, — начальнік аддзела аховы працы фабрыкі «Гомельшпалеры». У Пячонкаў выраслі ўжо дзве ўнучкі і ўнук, нарадзіўся праўнук.
Добрую памяць пра Уладзіміра Сцяпанавіча захоўваюць яго былыя калегі і падначаленыя, шматлікія пацыенты, якім дапамагаў ён, не шкадуючы сябе, — усе хто ведаў яго. Эстафету памяці аб ім яны перадалі сваім дзецям і ўнукам. Час яшчэ больш абазначыў веліч постаці гэтага чалавека — гуманіста, выдатнага хірурга, жыццё якога, без перабольшвання, ёсць узорны прыклад служэння людзям і сваёй справе.


Мікалай Іваноў.

Добавить комментарий

Доктар Пячонка

Твае людзі, Лоеўшчына!


Упершыню пра доктара Пячонку я пачуў у раннім дзяцінстве ад свайго дзеда Касцея. Дзед прайшоў першую сусветную і грамадзянскую войны, аўстрыйскі палон і меў хворыя ногі. Аднойчы, калі хвароба асабліва прыхапіла і доўга не адпускала, дзед вырашыў дабірацца ў райцэнтр у бальніцу. Сваім жа цікаўным аднавяскоўцам тлумачыў: “Паеду ў Лоеў да доктара Пячонкі. Толькі ён зможа мне дапамагчы. Больш ніхто”. Аднавяскоўцы згаджаліся, бо аўтарытэт доктар меў сапраўды бясспрэчны. Памятаю, тады мая дзіцячая фантазія малявала ідылічную карціну медычнай дапамогі хворым на Лоеўшчыне: “Доктар Зуб лечыць зубы, доктар Сэрца — хворае сэрца і гэтак далей. Але галоўны над усімі — доктар Пячонка. Ён прыходзіць на дапамогу тады, калі іншыя ўрачы ўжо нічым не могуць дапамагчы”. Пазней, ужо дарослым, я даведаўся, што гэтая мая дзіцячая фантазія ў галоўным супадала з рэальнасцю. На самай справе доктар Пячонка ўдасканаліў у рэгіёне сістэму аховы здароўя, закладзеную тут на пачатку ХХ стагоддзя легендарным расійскім урачом Яўгенам Уладзіміравічам Клумавым, у аснове якой была гуманістычная ідэя павагі і клопату аб кожным хворым. Пад яго кіраўніцтвам сістэма медычнай дапамогі на Лоеўшчыне стала адной з лепшых у Гомельскай вобласці.
Уладзімір Сцяпанавіч Пячонка нарадзіўся 3 мая 1927 года ў вёсцы Пабокавічы Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1935 годзе пайшоў у школу. Ужо ў даваенныя гады пачаў праяўляць цікавасць да медыцыны. Гэтаму паспрыялі многія абставіны. Па-першае, тая павага, з якой ставіліся аднавяскоўцы і бацькі да прафесіі ўрача, тады, бадай, самай неабходнай прафесіі на вёсцы. Па-другое, выбар старэйшага брата Мікалая, які да Вялікай Айчыннай вайны паспеў скончыць медычнае вучылішча і фельчарам загінуў падчас баёў. Па-трэцяе, раптоўная смерць сястрычкі Ніны ў выніку ўрачэбнай памылкі. Пасля паспяховага заканчэння дзесяцігодкі ў 1947 годзе юнак адаслаў дакументы на паступленне ў Мінскі медінстытут. Але тут на яго шляху ўзнікла значная перашкода. У гэтым годзе быў вельмі вялікі конкурс сярод паступаючых, таму што на вучобу тады прымалі ўсіх былых франтавікоў. Уладзімір Пячонка добра здаў уступныя экзамены, але ў лік студэнтаў не трапіў, бо не прайшоў па конкурсе. Расчараваным юнак прыйшоў у прыёмную камісію, каб забраць свае дакументы. Там яму прапанавалі аднесці іх ў іншую ВНУ, дзе быў меншы конкурс і яго маглі без праблем залічыць студэнтам. Адказам было: “Я даўно зрабіў свой выбар і не бачу свайго жыцця без медыцыны. Буду паступаць, пакуль не паступлю”. Гэтыя словы юнака пачуў рэктар, які ў гэты час зайшоў па нейкай справе ў памяшканне прыёмнай камісіі. Ён быў узрушаны такім вялікім жаданнем вясковага хлопца стаць урачом і запрасіў яго да сябе ў кабінет на гутарку. Вынікам стала залічэнне Уладзіміра Пячонкі ў парадку выключэння кандыдатам у студэнты. Рэктар не памыліўся ў сваім выбары. Уладзімір Пячонка паспяхова здаў экзамены за першы семестр і стаў студэнтам медінстытута.
У 1953 годзе ён паспяхова закончыў інстытут, атрымаў спецыяльнасць урача-лячэбніка і быў накіраваны па размеркаванні ў Лоеў. Лоеўшчына тады яшчэ толькі “залечвала раны”, нанесеныя ёй вайной. Кругом панавалі голад і беднасць. Большасць насельніцтва толькі паспела перасяліцца з зямлянак у свае наспех пабудаваныя хаціны. Не хапала ўрачоў, сярэдняга медперсаналу. Памяшканні райбальніцы знаходзіліся ў розных прыстасаваных будынках. У гэтых умовах у жніўні 1953 года Уладзімір Пячонка быў прызначаны на пасаду загадчыка хірургічнага аддзялення. У Лоеўскай райбальніцы ён пазнаёміўся з вопытным фельчарам Іванам Іосіпавічам Багдановічам. Той працаваў тут яшчэ з 1914 года, калі Лоеўскую земскую бальніцу ўзначальваў знакаміты доктар Клумаў. Практычныя парады фельчара Багдановіча, расказы пра Клумава аказалі вялікі ўплыў на фарміраванне светапогляду маладога ўрача.
Усю адказнасць за лёс хворых маладому хірургу давялося адразу ж узяць на сябе, рабіць адну за адной складаныя аперацыі. Дапамагалі трывалыя веды, набытыя ў час вучобы ў інстытуце, і выключная працавітасць. Сваім калегам ён казаў тады: “Мы з вамі на апошнім рубяжы барацьбы за чалавека. Калі яму мы не дапаможам, ніхто за нас гэтага не зробіць”.
Уладзімір Пячонка быў прывабны і на дзіва яркі чалавек. Усіх ён здзіўляў сваёй прыроднай інтэлігентнасцю, мэтанакіраванасцю ў жыцці, актыўнасцю і працавітасцю. Уражвалі яго павага і любоў да людзей, уменне знайсці падыход да кожнага чалавека — ад малога да старога. Многія сведчаць, што ў яго былі тады закаханы ўсе лоеўскія дзяўчаты. Тут, у Лоеве, ён сустрэў і сваё сямейнае шчасце. У 1954 годзе Уладзімір Сцяпанавіч ажаніўся на прыгажуні-настаўніцы Але Сямёнаўне Муравіцкай, якая па размеркаванні працавала ў Лоеўскай школе пасля заканчэння Гомельскага педінстытута. Хутка ў іх адно за адным нарадзіліся дзве дачкі і сын.
Паспяховая праца маладога загадчыка хірургічнага аддзялення, яго ўменне наладжваць кантакт з людзьмі былі заўважаны. У лютым 1954 года Пячонка быў прызначаны на пасаду галоўнага ўрача Лоеўскага бальнічна-амбулаторнага аб’яднання, а праз год па сумяшчальніцтве стаў і загадчыкам Лоеўскага райздраўаддзела. Пачалася складаная праца па развіцці сістэмы аховы здароў’я ў рэгіёне. Найперш неабходна было неадкладна вырашаць праблему кадравага забеспячэння райбальніцы, участковых бальніц і фельчарска-акушэрскіх пунктаў. Для гэтага сам узначаліў профарыентацыйную работу ў раёне, запрашаў на працу здольных урачоў, клапаціўся аб выдзяленні медработнікам жылля. Важнай задачай стала таксама матэрыяльнае забеспячэнне медустаноў. Для гэтага прыйшлося прайсці шмат чыноўніцкіх кабінетаў, выкарыстаць свой інтэлект і асабістую абаяльнасць: даказваць, пераконваць, прасіць. Напрыканцы 1950-х гадоў распачалося будаўніцтва новых карпусоў райбальніцы.
Адначасова Уладзімір Сцяпанавіч заставаўся практыкуючым хірургам: вёў прыём хворых, ажыццяўляў самыя складаныя аперацыі. Ён валодаў рэдкім дарам — лячыць не толькі медычнымі сродкамі, але і словам. Гэта адчувалі людзі і цягнуліся да яго, а Пячонка нікому не адказваў у падтрымцы. Такіх жа адносін да кожнага чалавека ён патрабаваў і ад сваіх падначаленых.
Імкліва рос аўтарытэт маладога галоўнага ўрача і хутка прыйшло прызнанне. У сакавіку 1961 года У. С. Пячонка атрымаў першую сваю, але, бадай, самую важную для яго ўзнагароду — медаль “За працоўную доблесць”.


(Працяг у наступным нумары газеты)


Мікалай Іваноў.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK