Абудзі міласэрнасць у сабе

Міласэрнасць


Міласэрнасць — які вялікі сэнс у гэтым, на першы погляд, простым і звычным слове. Аднак толькі чалавек, надзелены гэтым пачуццём, нягледзячы ні на што, гатовы заўсёды прыйсці на дапамогу іншаму, ён спачувае не на словах, а на справе. Згадзіцеся, дабрыню, здольнасць суперажываць трэба выхоўваць з дзяцінства, і не галаслоўна, а на пэўных прыкладах, уласнымі паводзінамі, нейкімі адпаведнымі справамі. Менавіта на гэта быў накіраваны раённы конкурс сярод вучняў устаноў адукацыі. Яго падрыхтавалі і правялі раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва сумесна з аддзелам адукацыі райвыканкама. Загадзя была вызначана тэма: “Абудзі міласэрнасць у сабе”. Свае работы рабяты прадстаўлялі ў тэрытарыяльны цэнтр. Выкананы яны былі ў розных жанрах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Можна было пабачыць малюнкі і плакаты, цестапластыку, салома- і бісерапляценне. Акрамя гэтага, прыслалі на конкурс і матэрыялы валанцёрскага атрада, а таксама метадычныя распрацоўкі.
І вось журы падвяло вынікі. Былі адзначаны вучні сярэдняй школы імя А.В. Казлова Ірына Шыцікава і Галіна Канцавенка, а таксама Анастасія Анцімонік з Чаплінскай сярэдняй школы.
А вось лепшымі сталі работы вучня Каўпенскай базавай школы, выхаванца гуртка выяўленчага мастацтва Мікалая Крывалапа, Улады Ахрэменка з раённай гімназіі, якая наведвае гурток Дома дзіцячай творчасці, і Іллі Ганчара, вучня СШ імя А.В. Казлова. Яны атрымалі пісьмы з падзякай і салодкія падарункі.


Святлана Місачэнка.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK