Іх жыццёвы вопыт — прыклад для нашчадкаў

Ведай нашых


Па сумеснай ініцыятыве галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама ў гэтым годзе распачата работа па падрыхтоўцы да выдання кнігі аб працаўніках вёскі — Героях сацыялістычнай працы і ветэранах аграпрамысловага комплексу Гомельшчыны. У ліку тых, чые імёны ў хуткім часе з’явяцца на старонках гэтага выдання, ёсць і два прадстаўнікі Лоеўшчыны: даярка былога саўгаса імя Леніна (зараз КСУП “Ураджайны”) Людміла Прохараўна Новік і калішні дырэктар гэтай жа гаспадаркі Іван Прохаравіч Чарнушэвіч.


* * *
Пэўна, колькі б ні мінула гадоў, дзесяці- і нават стагоддзяў, як бы ні змяняў час людзей, іх звычкі, жыццёвыя прыярытэты і каштоўнасці, па-ранейшаму нязменым застанецца адно: тое, што шчыра запала ў чалавечую душу, з чым быў цесна звязаны яго лёс, не адпусціць ніколі: зноў і зноў будзе вяртацца ўспамінамі і марамі аб тым далёкім і беспаваротным, як магнітам, будзе вабіць і прыцягваць на тыя ходжаныя і пераходжаныя шляхі-дарогі. У тым, мабыць, сама сутнасць чалавечай душы. Менавіта так атрымалася і ў выпадку нашых герояў.


КІРАЎНІК — ГЭТА ЁСЦЬ ГАСПАДАР


1964 год. Менавіта тады малады студэнт факультэта механізацыі Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, ураджэнец Жыткавіцкага Іван Чарнушэвіч прыбыў на практыку ў Рэчыцкі раён ( у тыя часы ў яго склад уваходзіла і наша Лоеўшчына). Першай гаспадаркай, у якой практыканту належала набірацца вопыту, стаў калгас імя Карла Маркса (зараз КСУП “Малінаўка-Агра”).
— Старшынёй тут у тыя часы быў Аляксей Яфімавіч Мамстаў, — успамінае І. Чарнушэвіч. — Менавіта ён і “сасватаў” мяне на пасаду галоўнага інжынера. Застаўся і працаваў у гаспадарцы ажно да 1971 года.
Як акажацца пасля, гэтыя сем гадоў стануць толькі першай, і дарэчы, самай кароценькай прыступкай на доўгім працоўным шляху гэтага чалавека. Раённае кіраўніцтва ўазважыла маладога перспектыўнага спецыяліста, спачатку яго накіравалі ў акадэмію — на шасцімесячныя курсы кіраўнічых кадраў, а ўжо ў сакавіку 1971 г. 34-гадовы інжынер быў абраны старшынёй калгаса імя Леніна (у саўгас гаспадарка была рэарганізавана ў 1993 годзе пасля далучэння да яе калгаса “За радзіму”, в. Ліпнякі). Ужо гэтая кар’ерная прыступка аказалася больш працяглай і доўжылася звыш 22 гадоў.
Сёння Івану Прохаравічу ёсць пра што ўзгадаць з радасцю і шчырым пачуццём гонару. За час яго кіраўніцтва “вырасла” не адна змена талковых спецыялістаў вышэйшага і сярэдняга звяна, якіх спецыяльна накіроўвалі на вучобу, выплочвалі стыпендыі.
— Моладдзю ў нас быў цэлы інтэрнат заселены, — успамінае Іван Прохаравіч. — Працавала і гасцініца, і лазнева-пральны камбінат з мужчынскім і жаночым аддзяленнямі, парылкамі і г.д. Былі ўмовы, і людзі ахвотна заставаліся ў вёсцы, працавалі.
Нямала было ў тыя часы ў калгасе імёнаў, якія грымелі на ўсю краіну, і сярод радавых працаўнікоў гаспадаркі: даярак, хлебаробаў. Не без гонару называў прозвішчы гэтых людзей былы старшыня: Людміла Новік, Тамара Цвіль, Валянціна Даніленка, Фёдар Кажамяка, Мікалай Шылаў. Гаспадарка моцна стаяла на нагах, стабільна нарошчвала вытворчыя паказчыкі, неаднаразова выходзіла ў лік пераможцаў самых розных спаборніцтваў, таму і не дзіўна, што па выніках кожнай пяцігодкі старшыня заахвочваўся рознымі ўрадавымі ўзнагародамі: яшчэ ў 1971 годзе — Ленінскім юбілейным медалём, пасля — ордэнам “Знак Пашаны”, яшчэ праз 5 гадоў — Ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, затым — ордэнам Дружбы Народаў. Апошняй узнагародай стаў медаль “Ветэран працы”. Але лепшай сваёй узнагародай Іван Прохаравіч заўсёды лічыў тое, чым надорвала за старанне мясцовых працаўнікоў матухна-зямля.
— Надоі ў тыя часы ў параўнанні з сённяшнімі поспехамі гаспадаркі былі невысокія, — шчыра прызнаўся І. Чарнушэвіч, — на чатырохтысячны рубеж у цэлым па калгасу мы так і не выйшлі. А вось ураджайнасць збожжа была неблагая. Асабліва запомніўся 1986 год, калі з кожнага гектара сабралі па 36 цэнтнераў, а ўвогуле па гаспадарцы намалот склаў 7300 т зерня.
Нават пасля выхаду на пенсіі ветэран працы не здрадзіў свайму жыццёваму прызванню і зямлі. Разам з сынам узялі ў арэнду 100 га зямлі, стварылі сваю ўласную фермерскую гаспадарку. Спрабавалі гадаваць свіней, але пасля спыніліся на земляробстве: вырошчванні збожжа, бульбы, іншых сельгаскультур. У гэтым напрамку вядуць фермеры свае справы і па сённяшні дзень. І даволі неблага. А гэта заслугоўвае павагі.
Сваё ёсць сваё, але душа былога старшыні і па сённяшні дзень не застаецца абыякавай да лёсу роднай гаспадаркі.
— Саўгасу вельмі пашанцавала, што з 1947 года і амаль па сённяшні час яна знаходзілася ў руках толькі трох чалавек, — упэўнены Іван Прохаравіч. — Да мяне быў С. Баброў, пасля мяне — Р. Рызаеў. А вось зараз… Хутчэй бы знайшоўся добры гаспадар.
Так. Хутчэй бы.


ДУША НА ФЕРМУ ПРОСІЦЦА


І ў гэтым былая даярка, двойчы ардэнаносец (мае Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга і ордэн “Знак Пашаны”), ударнік камуністычнай працы розных гадоў, заслужаны працаўнік сельскай гаспадаркі БССР Людміла Новік прызнаецца па-простаму і непрыхавана. І гэта можна зразумець. Яшчэ змоладу лёс прывёў яе на ферму. Спачатку ў вёску Ястрабка, куды яна, ураджэнка Кармянскага раёна, выйшла замуж.
— Застала яшчэ тыя часы, калі каровак рукамі даілі, — сціпла ўсміхаецца жанчына. — 7 гадкоў на Ястрабскай ферме адпрацавала, а пасля далі нам з мужам дом на Уборку, перайшла працаваць на мясцовую ферму. Памятаю, брыгадзірам тады ў нас была Марыя Маркаўна Вашчанка. Гэта і была мая настаўніца, якая навучыла ўпраўляцца з даільнымі апаратамі, прыстасоўвацца на новых метадаў работы, новых парадкаў. Зараз іншыя часы — іншыя тэхналогіі і паказчыкі іншыя. Мы калісьці надойвалі ў год ад каровы па 3000-3500 кг малака, калі да чатырох тысяч дайшлі, я і на пенсію пайшла. А зараз у дзяўчат і па шэсць тысяч, і па сем… І нам некалі няпроста было, але і ім зараз не пазайздросціш — нагрузка вялікая, паспрабуй спраўся. Я вось дзяўчат нашых, з якімі працавала калісьці, падбіваю купіць цукерак ды ў госці схадзіць на новую ферму — паглядзець, як там у сучасных умовах працуецца. Ведаеце, душа просіцца. Столькі гадоў на ферме…


Тэкст і фота Вольгі КАЛЯДЗЕНКА.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK