ФЕСТЫВАЛЬ ДЗІЦЯЧАЙ ТВОРЧАСЦІ адкрывае новыя таленты

Нашы дзеці


Гэтых самых талентаў, як аказалася, у дзіцячых садках гарпасёлка не злічыць… І іх не лічылі, а проста далі магчымасць паказаць, наколькі яркімі і шчырымі могуць быць трох-, чатырох-, пяці-, шасцігадовыя хлопчыкі і дзяўчынкі ў сваім непераадольным жаданні падабацца нам, дарослым, захапляць, здзіўляць, зачароўваць. Менавіта гэтымі сваімі здольнасцямі і намагаліся ўразіць прысутных нашы дашкольнікі на фестывалі дзіцячай творчасці, які прайшоў 12 мая ў актавай зале дзіцячага сада № 1. Прычым даволі ўдала — ніводны глядач не мог застацца абыякавым да старанняў маленькіх артыстаў — спевакоў, танцораў, модніц, акцёраў. Нельга было не заўважыць, як яны хваляваліся, як радаваліся кожнай усмешцы сваіх удзячных гледачоў, кожнаму ўсплеску іх шчодрых апладысментаў. І, разам з тым, намагаліся трымацца на “сцэне” ўпэўнена, як сапраўдныя артысты.
Арыгінальныя касцюмы, цікавыя пастаноўкі, вершы, песні — усё было прыгожа і на ўзроўні. І гледзячы на гэтыя шчаслівыя тварыкі, на гарэзлівае зіхаценне дзіцячых вачэй, можна было ўпэўніцца: стараліся недарма — стварылі сапраўднае свята і для сябе, і для тых, хто хваляваўся за маленькіх артыстаў у зале.


Тэкст і фота Вольгі КАЛЯДЗЕНКА, “ЛК”.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK