ЖЫЦЦЁ І ПОДЗВІГ ДОКТАРА КЛУМАВА

Ён працаваў на Лоеўшчыне


На пачатку ХХ стагоддзя імя доктара Яўгена Уладзіміравіча Клумава ведалі на Лоеўшчыне літаральна ў кожным населеным пункце, у кожным доме, кожнай сялянскай хаціне. На прыём да “доктара з Масквы” імкнуліся трапіць жыхары не толькі Холмечскай і Лоеўскай валасцей тагачаснай Мінскай губерні, але і жыхары больш далёкіх валасцей і мястэчкаў. І сёння, праз 100 гадоў, аб працы і жыцці гэтага выдатнага чалавека і ўрача людзі расказваюць легенды. Дарэчы, жыццё і подзвіг яго паслужылі падставай для стварэння вобраза доктара Савіча — героя рамана Івана Шамякіна «Сэрца на далоні». Хто ж ён — доктар Клумаў?


Яўген Уладзіміравіч Клумаў нарадзіўся 16 снежня 1876 года ў Маскве ў рускай сям’і адваката. Акрамя Яўгена ў сям’і было яшчэ 5 дзяцей: два браты і тры сястры.


У юначыя гады Яўген Клумаў атрымаў выдатную рознабаковую адукацыю. Вялікім захапленнем Яўгена з дзяцінства былі музыка і спевы, творчасць Дастаеўскага і Лермантава. Яшчэ ў гімназіі Яўген Клумаў дасканала авалодаў лацінскай і грэчаскай мовамі, ведаў на памяць «Іліяду» Гамера. Цікавасць да вывучэння моў у Клумава захавалася на ўсё жыццё, і ў вольныя хвіліны ён удасканальваў свае веды ў нямецкай, французскай і беларускай мовах.


Але не музыка і мовы былі сапраўдным прызваннем Яўгена Клумава. Пасля заканчэння ў 1895 годзе 1¬ай Маскоўскай класічнай гімназіі ён паступіў на медыцынскі факультэт Маскоўскага ўніверсітэта, дзе вучыўся паспяхова. У 1902 годзе, пасля заканчэння ўстановы, Клумаў стажыруецца ў клініцы знакамітага маскоўскага прафесара Мартынава.


Усіх ён здзіўляў сваёй акуратнасцю, мэтанакіраванасцю ў жыцці і працы, актыўнасцю і працавітасцю. У тыя гады многія не сумняваліся, што маладога чалавека чакае бліскучая кар’ера медыка ў Маскве.


Але ў 1904 годзе пачалася руска­японская вайна, і Яўген Клумаў дабраахвотна адпраўляецца на Далёкі Усход, дзе працуе спачатку ваенным урачом Прыамурскай ваеннай акругі, а затым — у крэпасці Уладзівасток. На перадавой лініі фронту Я. Клумаў праявіў бясстрашнасць і мужнасць, суткамі прастойваў над аперацыйным сталом, рабіў аперацыю за аперацыяй, выратоўваючы раненых. Хірургаў не хапала, і ён працаваў да знямогі. Моцны ад прыроды, Клумаў вымушаны быў, каб захаваць працаздольнасць, сістэматычна ў кароткіх перапынках паміж аперацыямі займацца гімнастыкай.


24 красавіка 1906 года Я.У. Клумаў дэмабілізаваўся з арміі і вярнуўся ў Маскву, дзе хутка справіў вяселле з Галінай Мікалаеўнай Андрэевай, дачкой ганаровага міравога суддзі Масквы, пляменніцай пісьменніка Уладзіміра Караленкі. Уласная кватэра ў Маскве, рэкамендацыя прафесара Мартынава ў адну з маскоўскіх клінік, дзе былі цудоўныя магчымасці для практычнай і навуковай працы. Здавалася б, чаго яшчэ жадаць?


Але Клумаў зноў робіць рэзкі паварот у сваім жыцці і едзе працаваць у бальніцу вёскі Суткоў былой Холмецкай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні. Што падштурхнула Яўгена Уладзіміравіча на гэты неардынарны крок? Ёсць сведчанні, што яго запрасіла сюды ўладальніца Суткоўскага памесця Кацярына Васільеўна Бараноўская, старэйшая сястра яго сяброў з дзяцінства — маскоўскіх кнігавыдаўцоў Міхаіла і Сяргея Сабашнікавых. Але, безумоўна, вырашальным у гэтым выбары стала імкненне дапамагаць простым людзям, якія ў тыя часы часта былі пазбаўлены элементарнай медыцынскай дапамогі.


Працаваць Я. Клумаву ў Суткове давялося ў вельмі складаных умовах. Бальніца на 10 ложкаў размяшчалася ў маленькім памяшканні, абсалютна непрыстасаваным для лячэння хворых, не гаворачы ўжо пра аперацыі. Але Клумаў як доктар, які меў вопыт працы ў ваенных умовах і талент хірурга, лячыў і хваробы сэрца, і сухоты, і інш. Вядома, што ў 1910 годзе Клумаў зрабіў 65 аперацый, у 1911-м — 142, у 1912-м — 145.


Менавіта ў Суткоўскай бальніцы ён у 1913 годзе прааперыраваў студэнта з раненнем сэрца. У тыя гады гэта быў адзін з першых выпадкаў паспяховага ажыццяўлення такой аперацыі.


Колькасць хворых, якія імкнуліся лячыцца ў Клумава, пастаянна ўзрастала. З раніцы да ночы каля бальніцы стаялі чэргі хворых сялян, каб трапіць на прыём да доктара. Клумаў і сам адклікаўся на просьбы хворых — абхадзіў пешшу і аб’ездзіў на кані ўсе навакольныя вёскі за 10 гадоў працы на Лоеўшчыне.


20 мая 1914 года Я. Клумава пераводзяць на працу ў Лоеўскую земскую бальніцу таго ж Рэчыцкага павета. Ёсць сведчанні, што і ў Лоеве Клумаў вельмі хутка знайшоў агульную мову з жыхарамі, любіў весці з імі задушэўныя гутаркі. Асабліва вялікае задавальненне Клумаву прыносілі шчырыя гутаркі з «дзядамі», як ён называў старых сялян. Не аднойчы ён казаў: «Ну як можна не любіць беларусаў? Як можна быць абыякавым да іх пасталоў, тулупаў з заплаткамі, да іх гаротнага лёсу? Высакародныя, сумленныя людзі, шчырыя працаўнікі… Яны маюць права на лепшае жыццё, і мы павінны дапамагчы ім у гэтым». І дапамагаў, чым мог. Акрамя ўрачэбнай і асветніцкай дзейнасці Клумаў дапамагаў сялянам і па гаспадарцы. Вядома, што ён на свае сродкі закупіў і прывёз на Лоеўшчыну пародзістых парасят і кныра і падарыў сялянскім сем’ям.


Да таго ж, Клумаў цешыўся нашымі цудоўнымі дняпроўскімі краявідамі і быў у захапленні ад беларускай прыроды. Паходы ў лес і збіранне грыбоў ён лічыў найлепшым адпачынкам і быў вялікім майстрам у саленні і марынаванні грыбоў.


Клумава паважалі і любілі ўсе, і ён самаахвярна працаваў, выратоўваў, уздымаў на ногі, вяртаў да жыцця і працы. Бадай, ён ніколі не адчуваў сябе настолькі патрэбным людзям, як на Лоеўшчыне. Не паспеў бы ён на дапамогу — і ніхто б не выратаваў адзінае дзіця, маладую маці або кармільца сям’і. Менавіта самаадданая праца на Лоеўшчыне дазволіла Я. Клумаву стаць выдатным хірургам¬клініцыстам, за што 21 студзеня 1916 года Мінскае губернскае праўленне прысвоіла яму званне тытулярнага саветніка.


Але вось новы паварот лёсу. Першая сусветная вайна зноў паклікала Клумава да армейскага аперацыйнага стала. Зноў аперацыя за аперацыяй, барацьба ў складанейшых палявых умовах за жыццё раненых. За выдатную службу на Заходнім фронце ён быў узнагароджаны ордэнам Святой Ганны 3¬яй ступені.


На фронце Яўген Уладзіміравіч сустрэў Лютаўскую, а затым і Кастрычніцкую рэвалюцыю. Паверыўшы ў бальшавіцкую ідэю, ён паступае на службу ў Чырвоную Армію, працуе хірургам у армейскіх шпіталях у Талачыне і Мінску ў час грамадзянскай вайны.


 З 1921 года Я.У. Клумаў пачаў працаваць у медыцынскіх установах Мінска. Тут яго практычная і навуковая дзейнасць была звязана з 1-й Савецкай бальніцай (зараз — 3¬яй клінічнай), дзе Клумаў працаваў 20 гадоў і прайшоў шлях ад радавога хірурга да прафесара. Да таго ж Яўген Уладзіміравіч удзельнічаў у стварэнні Мінскага медыцынскага інстытута, працаваў у ім, падрыхтаваў шмат выдатных спецыялістаў.


У 1934 годзе Клумаў абараніў дысертацыю і атрымаў званне кандыдата медыцынскіх навук, а ў 1938 годзе стаў доктарам навук і прафесарам. У гэтыя часы Яўген Уладзіміравіч валодаў вялікімі ведамі ў галіне гінекалогіі і хірургіі і, безумоўна, з’яўляўся зоркай беларускай медыцыны першай велічыні. Ён належаў да тых выдатных урачоў, якія ўмелі лячыць хворага чалавека ўвогуле, а не асобнае яго захворванне, быў, што называецца, «хірургам ад Бога». Заўсёды ўнутрана сканцэнтраваны, Клумаў у любой неардынарнай сітуацыі ўмеў знайсці правільны выхад, праявіць мудрасць і мужнасць. Заўсёды турбаваўся аб хворых людзях і калегах. Вось як успамінае аб ім кандыдат медыцынскіх навук А.Н.Пузанава, якая працавала з 1936 па 1941 год у прафесара Клумава ардынатарам хірургічнай клінікі: » З Клумавым было прыемна працаваць нават пры самых працяглых аперацыях — ні вокрыкаў, ні сярдзітага погляду; спакойная роўная праца, цішыня ў аперацыйнай. Пасля аперацыі прафесар заўсёды дзякаваў за асістыраванне, ніколі не пакідаў аперацыйную перш, чым пакладуць хворага на насілкі, а ў сур’ёзных выпадках ішоў побач з насілкамі да палаты». Вядома, што ў Яўгена Уладзіміравіча і Ганны Мікалаеўны не было сваіх дзяцей, але яны ніколі не былі ў адзіноце. У іх доме заўсёды нехта знаходзіўся на выхаванні: то пляменнікі ці пляменніцы, то чужыя маладыя людзі, да якіх Клумавы ставіліся, як да родных. Яны выдзялялі ўласныя сродкі для ўсіх, хто, на іх думку, «падаваў надзею» і па іх патрабаванні паступаў на вучобу. Людзі сведчылі, што Клумавы многім у тыя часы «далі пуцёўку ў жыццё».


У пачатку Вялікай Айчыннай вайны Клумавы не змаглі эвакуіравацца ў тыл Чырвонай Арміі і вымушаны былі застацца ў Мінску. Яўген Уладзіміравіч, якому было ўжо 65 гадоў, становіцца актыўным удзельнікам Мінскага антыфашысцкага падполля (меў падпольны псеўданім Самарын). Працуючы ўрачом 1-й клінічнай бальніцы Мінска, Клумаў дапамагаў раненым ваеннапалонным і падпольшчыкам, абсталяваў два палявыя шпіталі для партызан Міншчыны і забяспечваў іх медыкаментамі і хірургічнымі інструментамі.


Але ў кастрычніку 1943 года Клумава і яго жонку высачыла і схапіла гестапа. Пачаліся допыты і катаванні, але зламаць патрыётаў ворагі не змаглі. 10 лютага 1944 года фашысты атруцілі прафесара разам з жонкай у душагубцы лагера смерці Трасцянец.


У 1965 годзе Яўгену Уладзіміравічу Клумаву было пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. У Мінску, у памяць аб мужным патрыёце Беларусі, яго імем названа вуліца, дзе ён жыў, і трэцяя клінічная бальніца.


Мікалай АНІСАВЕЦ, настаўнік гіісторыі Каўпенскай базавай школы.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK