І ТЭМПЫ, І ЯКАСЦЬ — ВЫСОКІЯ

Ураджай-2010


— Як жніво ідзе? Ды так, убіраем паціху, — сціпла адказваў на пытанні галоўны аграном КСУП “Каўпень-Агра” А. Дылькоў. — Справа ў тым, што збожжа на ўчастках неаднолькава добра выспела, шмат яшчэ засталося зелянцоў. А ўвогуле працуем.


І ў той жа час менавіта хлебаробы гэтай гаспадаркі дэманструюць у раёне самыя высокія тэмпы на ўборцы ураджаю зерневых і зернебабовых культур. Звыш 50 працэнтаў плошчаў тут ужо вызвалена ад збожжа, поўнасцю ўбраны ўчасткі азімай пшаніцы, ячменю, трыцікале, рапсу — зараз на гэтых палях паўнапраўна гаспадараць прэспадборшчыкі. А камбайны накіраваліся далей — абмалочваюць жыта.


Добрай ураджайнасцю, на жаль, сёлета хлебаробам хваліцца не з рукі — падгарэла збожжа, не вытрымала выпрабавання амаль трапічнай спёкай. І не толькі ў гэтым сельгаспрадпрыемстве. І ўсё ж у КСУП “Каўпень-Агра” намалоты параўнальна неблагія — на сённяшні дзень разам з КСУП “Малінаўка-Агра” і СВК “Дняпровец” гаспадарка ўваходзіць у тройку раённых лідэраў па намалотах збожжа. Ураджайнасць рапсу, праўда, не вельмі парадавала мясцовых хлебаробаў — з кожнага гектара атрымалі ў сярэднім толькі па 17, 1 цэнтнера насення, затое некаторыя ўчасткі збожжавых аказаліся больш шчодрымі, асабліва аўсоў — 28 ц/га, а таксама пшаніцы. Увогуле ж ураджайнасць зерневых складае ў КСУП “Каўпень-Агра” 21,6 ц/га.


На сённяшні дзень ў гаспадарцы сабрана 257 т масланасення рапсу і 1363 т збожжа. Яго перапрацоўка ажыццяўляецца польскай сушылкай, якая працуе кругласутачна. Акрамя мясцовых працаўнікоў задзейнічаны работнікі Каўпенскай школы — настаўнікі і вартаўнік.


— Зерне паступае сухое, асаблівых праблем з яго дапрацоўкай няма, спраўляемся, — заўважыў аграном. — Больш непакоіць ураджайнасць, асабліва жыта, якое, на жаль, пацярпела ад засухі і спёкі асабліва моцна. Цэнтнераў па 17-18 на круг выходзіць, не больш.


Але і гэта патрэбна ўбраць — хутка і якасна. На гэта і напраўлены ўсе сілы і сродкі калектыву гаспадаркі. У дзень нашага наведвання КСУП засталі мясцовых хлебаробаў кіламетрах у двух за вёскай Каўпень, якраз ішла ўборка жыта. 7 камбайнаў працавала на полі, столькі ж адзінак тэхнікі выкарыстоўваецца штодня і для адвозкі намалочанага ад камбайнаў: аўтамабілі вадзіцеляў Алега і Андрэя Прымакоў, Аляксандра Латушкіна, Алега і Пятра Лёляў, а таксама трактары Васіля Латушкіна і Уладзіміра Андрэяўца.


Камбайны размерана рухаліся па полі. Усе, акрамя аднаго. КЗС-10 аднаго з лепшых экіпажаў гаспадаркі — Якава Гайдука і Івана Яромчыка — вымушаны быў на час спыніць працу з-за паломкі.


— Першы раз падвёў за ўсю ўборачную, — нявесела ўсміхнуўся старшы камбайнер. — Нічога, падкруцім крыху — і ў поле.


Прыцягальнасць залатога мора спелай збажыны для сапраўднага хлебароба ў гэтыя дні проста непераадольная. Кожны час, кожная хвіліна нават каштуюць зараз занадта дорага, каб марнаваць іх. Вось і намагаюцца людзі выкарыстаць яе на карысць справе. На рахунку Я. Гайдука і І. Яромчыка, напрыклад, — намалот у 318 т зерня. На другім месцы па гаспадарцы — Віктар Бяляеў і Мікалай Марозаў (296 т), на трэцім — Каміль Юсубаў і Васіль Рабус (271 т). Стараюцца не адставаць ад іх і іншыя экіпажы: Віктара і Ягора Гудкоўскіх, Аляксандра і Андрэя Даніленак, Васіля Чысціка і Івана Шалуханава, Аляксея Рэбянка і Дзмітрыя Мурашкі.


— Людзі працуюць на сумленне, падганяць нікога не даводзіцца, — адзначыў аграном.


Сама пара — гарачая і ў прамым, і ў пераносным сэнсе — падганяе. Сухое сонечнае надвор’е ў перыяд жніва для хлебаробаў, як дар божы: здавалася б, нішто не перашкаджае нарошчванню тэмпаў і якасці ўборкі вырашчанага ўраджаю. Але спёка… Нават у камбайнах, забяспечаных кандыцыянерамі, людзям не пазайздросціш. А што гаварыць пра КЗС-7 А. Рэбянка і Дз. Мурашкі, у якога ахалоджвальную сістэму своечасова не заправілі? Ці доўга вытрымаеш у накаленай на сонцы, як патэльня, металічнай кабіне? У бліжэйшыя дні гэты недахоп павінен быць ухілены. А ў астатнім да арганізацыі работы заўваг і скарг у хлебаробаў не знайшлося. Кормяць двойчы на дзень — сытна і смачна, усе пытанні вырашаюцца аператыўна. Так і павінна быць у такую адказную пару.


На здымку: Якаў Гайдук і Іван Яромчык.


Тэкст і фота Вольгі КАЛЯДЗЕНКА, “ЛК”.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK