МАЛЫЯ БЛАКІТНЫЯ ВОЧЫ ЗЯМЛІ

Як ніякая іншая мясцовасць, багата наша Лоеўшчына на вадаёмы. І тым не менш, далёка не ўсе вёскі раёна ўтульна размясціліся каля Дняпра, Сожа, Песачанкі, Брагінкі. І сяляне з даўніх часоў знаходзілі выйсце, каб жыць побач з вадой. У маёй памяці застаўся той момант, калі мае аднавяскоўцы, жыхары вёскі Барэц, вырашылі самі падкапаць і паглыбіць сажалку на выгане, якая засталася тут яшчэ з даваенных часоў. Звычайнымі рыдлёўкамі секлі яны глей, непадатлівую гліну, але закончыць справу так і не паспелі — неадкладныя справы на палях і пакосах адцягнулі іх увагу і час. Але для нас, падлеткаў, нават гэтая не да канца зробленая справа была ў радасць. У паніжэннях сажалкі пасля дажджоў збіралася вада, і мы вучыліся там плаваць.


Скажу, што раней невялікія рукатворныя вадаёмы мелі і практычнае значэнне ў жыцці сялян. Яны выкарыстоўваліся, каб напаіць статкі кароў у летнюю спёку, для тушэння пажараў ці нават каб памыць бялізну, хоць гэта і не вельмі ўсхвалялася многімі. А колькі забаў ладзілася зімою на пакрытых лёдам вадаёмчыках! Адна з іх называлася ў нас “колеса” (з націскам на першы склад). Яшчэ летам падлеткі зацягвалі ў сажалку заднюю частку ад паламанага воза, ставілі яе вертыкальна — так, што над вадой тырчала толькі адно кола, а зімой, калі на радасць нам усім мароз прыхопліваў паверхню вады, да кола прымацоўвалі жэрдку, да яе прывязвалі лёгкія саначкі — і карусель гатова. Прымітыўны, але ж які вясёлы вясковы атракцыён! Каля кола станавілася двое мацнейшых хлопцаў, устаўлялі паміж спіцамі драўляныя дручкі і раскручвалі, а шчасліўчык, дачакаўшыся сваёй чаргі, садзіўся ў саначкі і літаральна насіўся па крузе.


Паступова роля сажалак, копанак, стаўкоў звялася хіба толькі да таго, каб, узброіўшыся вудамі, пасядзець на беразе і выцягнуць з вады дзесятак-другі карасікаў. І з цягам часу яны сталі заглейвацца, зарастаць травой і кустарнікамі. Нядаўна я наведаў вёску Казярогі. Раней па ініцыятыве былога старшыні калгаса П. Вароніна там каля малочнатаварнай фермы выкапалі сажалку. Гаспадарлівы быў чалавек Пятро Міхайлавіч, ва ўсё актыўна ўнікаў, стараўся прадугледжваць усё наперад. І яшчэ адну задумку ажыццявіў. Крыху вышэй па ручаі Вітач, за Казярогамі, была зроблена земляная запруда, нават рыбка там завялася, але цяпер гэтыя вадаёмы недагледжаныя, каля Казярожскай МТФ сажалка абмялела, моцна зарасла рагозам. Нехта з мясцовых жыхароў нават сцягнуў сюды нейкі металалом. А падкапаць бы крыху дно, убраць непатрэбную расліннасць, паставіць пару лавачак, неяк добраў-парадкаваць — глядзіш бы, той-сёй з вяскоўцаў і пасядзеў бы тут хвіліну над вадой, добрым словам узгадаў тых, хто ўмее рабіць добрыя справы.


Расказвалі мне, што і ў КСУП “Ураджайны” сажалкі, адна ва Уборку, другая ў са-дзе, таксама знаходзяцца ў непрыглядным стане. А падыйсці б да іх па-гаспадарску, ачысціць, развесці рыбу. Вада б тут трымалася круглы год, і дарослым бы погляд вадаёмы цешылі, і дзецям была б забава, ды і ў перыяд засух больш вільгаці паступала б у паветра, клімат быў бы больш мяккім. Ды і пра магчымасць тушэння пажараў патрэбна памятаць. Праўда, сёння для гэтых мэтаў выратавальнікі выкарыстоўваюць гідранты, але ж яны ёсць далёка не ў кожнай вёсцы, я ўжо не кажу пра тарфянікі і лясы. Рукатворныя сажалкі і копанкі былі б удалым рашэннем гэтай праблемы. Тым больш, што з магчымасцямі сучаснай тэхнікі гэта не так ужо і складана зрабіць.


Якое ўдалае спалучэнне — лес і вада! Яно мае не толькі эстэтычнае і экалагічнае, а і практычнае значэнне. Каля вадаёмаў знаходзілі б прытулак дзікія птушкі, праганялі б смагу ласі, казулі, дзікія свінні. Ды і грыбніку, ягадніку, паляўнічаму прыйшліся б даспадобы блакітныя люстры вады паміж дрэў.


Мікола Мельнічэнка, аматар прыроды.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK