Чужыя людзі

Замалёўка з натуры


— Ну што ты маўчыш увесь час, сэрца мне кроіш? Ну, не хоча ён з табою, іншую пакахаў, цяпер ні ты, ні дзіця гэтае яму не патрэбны…


Немаладая, але даволі рухавая яшчэ кабеціна, ледзь не подбегам бегла ўслед за невысокім худзенькім дзяўчом. А тая, беражна прыціскаючы да грудзей завернутае ў ружовенькую коўдрачку немаўлятка, хуценька крочыла па пероне і, здавалася, не чула б і не бачыла ні саму гэтую жанчыну, ні лухты, якую яна несла. Але жанчына не адставала і не супакойвалася. Перакладваючы з рукі ў руку наўрад ці цяжкую, але вялікую, а адтаго, відаць, і няёмкую сумку, яна намагалася ўвесь час забегчы наперад, заглянуць дзяўчыне ў твар, прачытаць на ім хоць нешта і ўсё гаварыла-гаварыла, нібы баючыся застацца адзін на адзін з уласнымі думкамі. У гэты час яна вельмі нагадвала дзяўчыне вялізную квочку, але гэтае параўнанне не цешыла — наадварот.


— Вось і твой вагон, Аленачка. Прыйшлі нарэшце, — з непрыхаванай палёгкай уздыхнула “квочка” наблізіўшыся да цягніка і ставячы сумку побач з чамаданамі невысокага пажылога мужчыны ў доўгім чорным паліто. Ён стаяў моўчкі побач, курыў і нявольна слухаў бясконцы маналог незнаёмай яму жанчыны.


— Ды не крыўдуй ты на мяне, — не сунімалася яна. — Права такога не маеш. Калі і вінаваты хто ва ўсім, дык ты сама. А што я магу? Я Алега, каб ты ведала, таксама сама без мужа вырасціла, і яшчэ адзін такі подзвіг мне ўжо не па сілах. А ты маладая, дужая. Вернешся ў сваю вёску — можа, работу нейкую знойдзеш, жыллё… Выкруцішся неяк… Не ты першая, не ты апошняя. Словам, папракаць мяне табе няма за што.


Алена і не папракала — яна маўчала, думаючы ў гэтую самую хвіліну толькі пра тое, як ёй з дзіцяткам на руках уцягнуць у вагон вялізную сумку, каб не чуць больш гэтага голасу, не бачыць гэтага твару…


— Ты, Аленачка, не забывай пра нас… Не чужыя ж… Можа, Алегу колькі слоў перадаць? Што маўчыш?..


Дзяўчына не паспела нічога адказаць, бо ў гэты самы момант мужчына ў паліто рашуча наблізіўся да яе сумкі, лёгка падняў яе і, зазірнуўшы ў твар пажылой жанчыны, спытаў:


— Якое ў яе месца?


— Сёмае, а вы, можа, таксама едзеце? Вось і цудоўна… — з яшчэ большым запалам загаманіла кабета, але мужчына яе не слухаў. Нічога не кажучы ў адказ, ён стаў паднімацца ў вагон. А Алена, яшчэ мацней прыціскаючы да сябе дзіцятка, хуценька пакрочыла за ім услед, нібы ўцякала ад патоку тых няшчырых слоў, якія сыпаліся ў яе спіну:


— Не забывай, кажу… Чуеш?.. Адрас наш ведаеш. Мо, напішаш калі, як уладкавалася… Не чужыя ж…


Гэтае “не чужыя” ўзгадваліся ёй пасля не раз, як і гэты эпізод на пероне, які перавярнуў усё яе жыццё…


* * * Позірк у яго быў нейкі занадта ж праніклівы, можна нават сказаць, калючы. Пад такім Алена адчувала сябе не вельмі ўтульна, таму старалася і вачэй не ўзнімаць на свайго нечаканага памочніка. Яна ўсё яшчэ нерашуча стаяла каля ўваходу ў купэ і толькі цішком назірала, як мужчына здымае і вешае паліто, моўчкі ўладкоўвае па месцах свае і Аленіну сумку, папраўляе фіранкі на вокнах, засцілае прынесеную правадніком бялізну на сваё і яе месца. Нарэшце ўправіўся, прысеў каля століка і зноў уважліва глянуў на сваю спадарожніцу. Ад такой увагі дзяўчына густа расчырванелася. Здавалася, адзін толькі погляд гэтых шэрых вачэй здольны перавярнуць усю яе душу і адкапаць там такое, што нават і ад сябе самой прытойвала.


Яна зрабіла яшчэ адну спробу падняць на яго вочы, але зноў не вытрымала цяжкага націску яго ўвагі і стаяла моўчкі, апусціўшы долу позірк, разгубленая, збянтэжаная, нібы адчувала сябе вінаватай — злачынцам нейкім перад гэтым незнаёмым ёй чалавекам, усім светам…


— Ну, заходзь ужо… сядай вось сюды, суседзі мы, бач, з табою, — нібы скрозь сон пачула яна нарэшце голас свайго спадарожніка. Наперакор усім яе чаканням і перасцярогам быў ён (голас) надзіва мяккі і лагодны. І Алена, сарамліва ўсміхнуўшыся, увайшла ў купэ.


— Я Сяргей Аляксеевіч, — прамовіў мужчына. — А цябе, я чуў, Аленай завуць?


— Аленай, — няўпэўнена ўсміхнулася маладая мама і зноў расчырванелася…


А Сяргей Аляксеевіч, нібы знарок пацяшаючыся з дзявоцкай сарамяжлівасці сваёй суседкі, сядзеў і моўчкі назіраў, як яна садзіцца, прыціскаючы адной рукой малое да грудзей, а другой няёмка абцягваючы спадніцу, як дрыготкімі пальцамі адтуляе коўдрачку з тварыка свайго дзіцяці. Нарэшце ён не вытрымаў — ці, можа, шкада стала яму гэтае дзяўчо, ці надакучыла глядзець, як яна ўся трымціць немаведама ад чаго, але замест нейкіх пытанняў ці павучанняў, якіх чакала ад свайго спадарожніка Алена, яна пачула лагодную яго прапанову:


— Ты, дачушка, паклала б дзіцятка на ложак. Няхай паспіць. А мы з табой тым часам падсілкуемся крыху і пазнаёмімся заадно. Я, прызнаюся табе шчыра, з самай раніцы нічога не еў, хаця ў сумцы і тэрмас з гарбатаю ёсць, і пірог. Ты не саромейся толькі.


Але як было той не саромецца? У самой у яе ў сумцы, добра ведала, ляжалі толькі яе ды дачушкіны рэчы, сабраныя на хуткую руку пасля апошняй яе з Алегам размовы. Самой ёй тады не да думак было аб тым, як яна без ежы, без грошай будзе дабірацца ў сваю вёску, білет да якой, нібы міласціну, уціснула ёй у руку Алегава маці. Іншыя, зусім іншыя развагі-клопаты кружыліся тады ў яе галаве…


* * * З Алегам яна пазнаёмілася ў той фірме, куды яе, перспектыўнага маладога спецыяліста з чырвоным дыпломам, накіравалі на работу пасля інстытута. Ён быў старэйшым за яе ўсяго на чатыры гады — прыгожы, высокі, выхаваны, да таго ж ведаў, як падыйсці, што сказаць, каб затлуміць галаву маладзенькай дзяўчыне. А паколькі дзялілі яны разам адзін кабінет, то і патаварышавалі досыць хутка. Больш таго, Алег, у якога справы ў фірме ладзіліся не так, каб занадта, адразу ж заўважыў, што ў яго новай калегі і веды ёсць неабходныя, і стараннасць. І гэта было яму на руку. Прайшло літаральна пару тыдняў, і неяк непрыкметна, нават для самаго сябе, ён таксама стаў выбівацца ў перспектыўныя спецыялісты. Справаздачы, якія раней у яго, нягледзячы на ўсе пагрозы дырэктара, ніколі своечасова “не клеіліся”, зараз здаваліся яшчэ напярэдадні ўстаноўленых тэрмінаў, усе даручэнні таксама выконваліся бездакорна.


— Добра ўплывае на цябе Алена, — пагаворваў дырэктар. —Так, глядзіш, і ў намеснікі мае, як Васільевіч на пенсію пойдзе, выб’ешся, а там і на маё месца…


І гэтыя мары настолькі моцна ўтлуміліся ў Алегаву галаву, што ён начамі не спаў, мроячы новым кабінетам, новай пасадай…


Але час ішоў, і раз пораз такія ж словы дырэктара Алегу давялося пачуць і ў адрас Алены. Гэта быў сапраўдны ўдар для яго. Вось тады ён і змяніў “тактыку” — замест заўсёды “занятага справамі” калегі, якому пастаянна патрэбна было дапамагчы то тую паперыну падрыхтаваць, то іншую, перад Аленай з’явіўся сапраўдны кавалер — цікавы, уважлівы, пяшчотны. І яе наіўнае дзявочае сэрца проста затрапятала ад кахання, а калі ў дадатак да сваіх штодзённых заляцанняў каханы пазнаёміў яе са сваёй маці і прапанаваў жыць разам, яна ледзь розум ад шчасця не страціла. Не думаючы, адмовілася ад пакойчыка ў інтэрнаце, у якім жыла дагэтуль. Адзінае хіба, што трывожыла, гэта цвёрдае перакананне Алега “не афармляць” іх адносіны.


— Навошта ўсім у фірме ведаць пра нас? — пераконваў ён Алену. — Гэта перашкодзіць будаваць кар’еру. Нас не будуць успрымаць усур’ёз.


І яна гатова была згадзіцца і з гэтым. Іншая якая можа пабаялася б гневу ўласных бацькоў, але ў невялічкай вёсачцы, адкуль прыехала Алена, у яе не засталося нікога. Год назад яна пахавала апошняга роднага ёй чалавека — бабулю Валечку. І цяпер толькі ёй самой было рашаць, як распарадзіцца ўласным лёсам. І дзяўчына распарадзілася — даверыўшы сваё жыццё каханаму.


Першыя месяцы іх сумеснага жыцця проста дыхалі шчасцем. Нават звестку пра яе цяжарнасць, наперакор усім страхам дзяўчыны, каханы ўспрыняў як самую радасную ў свеце навіну — абяцаў ажаніцца з ёю, як толькі народзіцца іх дзіцятка. Але ў першы ж дзень, як Алена вярнулася з радзільнага дома, Алег прызнаўся ёй: усё яго каханне, усе абяцанкі — гэта быў проста хітры і добра прадуманы ход. Ён не мог дазволіць, каб яна стала перашкодай для яго кар’ернага росту. Ён знішчыў гэтую перашкоду тым спосабам, які здаўся на той момант самым удалым. І цяпер спакойна прызнаваўся і ў гэтым, і ў тым, што даўно займеў новую каханку. Алена тады ледзь прытомнасць не страціла. Бездапаможна глянула на Алегаву маці, але тая толькі плячыма паціснула і ўсунула ёй у руку загадзя куплены білет…


* * * — Алена… Куды гэта ты падзелася? — ціхі голас суседа па купэ не адразу вывеў яе з таго здранцвення, у якое ўвялі дзяўчыну непрыемныя ёй успаміны. — Ты пакінь пра благое думаць. На вось лепш, трымай, паеш, пакуль дзіцятка спіць. Табе сілы патрэбныя. А пасля раскажаш, куды едзеш, як жыць думаеш…


Але размовы ў іх у той дзень так і не выйшла. Не ўсілах праглынуць хоць кавалак, дзяўчына горка расплакалася, а ў наступную хвіліну, нібы адчуўшы роспач сваёй няшчасніцы-маці, голасна закрычала і яе дачушка. Маладая мама паспрабавала тады супакоіць малую, яна развярнула коўдру, перапелянала дзяўчынку, пачала калыхаць яе і ўсё намагалася выцерці слёзы са сваіх шчок, але яны здрадніцкімі ручаямі каціліся з яе вачэй, капалі на тварык дзіцяці…


Выбачыўшыся, Алена легла побач з дачушкай на пасцель, павярнулася спінай да свайго суседа і стала карміць малую. У хуткім часе абедзьве змарыліся. А Сяргей Аляксеевіч, прыціснуўшы лоб да халоднага шкла, моўчкі сядзеў і ўзіраўся ў цемру, нібы прыгадваючы нешта сваё.


Праз пару гадзін, апрануты ў сваё чорнае паліто, ён асцярожна будзіў суседку:


— Уставай, Аленачка, прыехалі…


* * * Сам Бог паслаў тады Алене гэтага чалавека. Хто ведае, як склалася б яе жыццё, лёс яе маленькай дачушкі, калі б не тая сустрэча? Не хочуць зараз думаць пра гэта ні яна сама, ні Сяргей Аляксеевіч, ні яго жонка, Таццяна Паўлаўна. Сустракаючы мужа з чарговай камандзіроўкі, яна не спытала нават, ні хто гэтая дзяўчына, ні чаму, наперакор усім адгаворкам, Сяргей Аляксеевіч ледзь не сілай зацягнуў яе ў свой дом. Ужо на наступны дзень, седзячы за ранішняй кавай, удвох яны слухалі нетаропкі расказ сваёй нечаканай кватаранткі пра тое, што прымусіла яе разам з дзіцяткам на руках адправіцца ў вёску, дзе яе ніхто не чакаў. А неўзабаве гэтыя чужыя людзі сталі для Алены такімі ж роднымі, якімі былі некалі яе бацькі, а пасля бабуля Валечка. А пра “нечужых” яна так ніколі больш і не чула. Не хацела чуць.


Вольга КАЛЯДЗЕНКА, “ЛК”.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK