Адзін пень гарыць, а другі спіну грэе

Восень для вяскоўцаў — час, калі даводзіцца паспяваць зрабіць шмат работ амаль адначасова. Здаецца, толькі паспелі бульбу выкапаць на прысядзібным участку, а патрэбна яшчэ гарбузы, буракі, моркву прыпарадкаваць. Паклапаціцца пра іх захаванне. Да таго ж, ніхто не пазбаўляе ад штодзённых турбот. Але людзі, звыклыя да цяжкай вясковай працы, не скардзяцца на лёс, не нудуюць ад вялікай колькасці спраў. Ведаюць — праца не марная, бо добры ўраджай — вялікае падспор’е для сям’і. У невялічкія перапынкі, калі выдаецца свабодная хвілінка, людзі з ахвотай дзеляцца паміж сабой навінамі, сваімі дасягненнямі і турботамі. Звычайная гаворка, якая пачынаецца са звычайных тэм пра здароўе, паступова закранае і больш глабальныя тэмы. Так было і ў гэты раз.
Каля вясковай крамы нетаропка курылі дзед Міхась (былы пастух з мясцовай гаспадаркі), дзядзька Анатоль (у свой час займаў нейкую кіруючую пасаду ў райцэнтры, а зараз звычайны пенсіянер) і Міцька-пячнік (прозвішча сваё гэты разважлівы мужчына атрымаў за сваё асаблівае ўменне складаць печы).
— Чулі, у нашай гаспадарцы новы кіраўнік з’явіўся? — быццам нешта ўспомніўшы, запытаўся ў суразмоўцаў Міхась.
— Хто такі? З нашых, вясковых? — зацікавіўся навінай Анатоль.
— Не. Кажуць, з гораду, — адказаў дзед. — Відавочна, наабяцалі чалавеку нечага незвычайнага. Бо пры здаровым розуме ніхто не пагодзіцца мяняць гарадскую кватэру на дом у вёсцы.
— А што тут такога? — абурана запытаўся дзядзька. — Я вось жа памяняў і не шкадую. У горадзе пастаянны шум, людзей процьма, куды ні зайдзі, а тут — ціха, прыгожа, у краму прывозяць усё, што патрэбна, адзенне і абутак камярсанты дастаўляюць… Што яшчэ патрэбна? Жыві і жыццю радуйся.
— Ну калі ўжо пенсіянер… — загадкава гледзячы на Антося, сашчурыўшы вока, адказаў дзед Міхась. — А маладым заўсёды хочацца лепшага. Каб і схадзіць куды было адпачыць, і на рабоце ўмовы адпавядалі ўсім патрабаванням, і ў хаце каб было прыгожа, і на стале прысмакі розныя з’яўляліся, а не толькі квашаная капуста ды бульба.
— А хіба нашы вяскоўцы не так жывуць? — захваляваўся дзядзька. —  Паглядзі навокал. Вунь, Аксіння нядаўна ў краме мікрахвалёвую печ купіла, а Апанас, колькі б ні скардзіўся на невялікую пенсію, халадзільнік учора дамоў прывез. А іншыя? Інжынер, вунь, гектар бульбы насадзіў — выкапае, на базар павязе. А загадчыца фермы? Думаеш, у краме малако купляе? Што тут казаць! Усе яны адным мірам мазаныя.
— Кажуць, быццам, кіраўнік гэты новы ўзяўся за дысцыпліну, — уставіў слова Міцька. — На зернетоку п’янага Івана ўбачыў — выгнаў. Сказаў, што такія працаўнікі яму не патрэбныя. А яшчэ загадаў парадак кожнаму каля хаты навесці. Маўляў, гаспадарлівы чалавек усюды паспявае працаваць  — і ў сельгаспрадпрыемстве, і ў сваёй хаце.
— Не будзе з яго толку, — зрабіў вынік Анатоль, крыху памаўчаўшы.
— Чаму ж гэта? — у два галасы запыталі суразмоўцы.
— Не з гэтага трэба пачынаць, — адказаў ён з заклапочаным выглядам на твары. — Парадак парадкам, а навокал столькі розных праблем, што галава кругам ідзе.
Хвілін колькі ён разважаў, што трэба рабіць старшыні ў першую чаргу. Мужчыны моўчкі яго слухалі, аб нечым думалі.
— А ты, калі ў райцэнтры працаваў, што зрабіў не для сябе, а для людзей? — раптам запытаў дзед Міхась.
— Я? — неяк разгублена глянуў Антось на дзеда. — А што я? Якім чынам гэта мяне датычыць? Ніякім. Загаварыўся я з вамі. Пайду дахаты, бо жонка, мабыць, ужо сварыцца будзе.
— Навошта вы так? — спытаў Міцька, калі дзядзька шпарка пайшоў у бок свайго дома.
— Бо занадта любіць Антось вучыць, як трэба жыць. А сам з тых, у каго дапамогі не дапросішся, як кажуць, узімку снегу не возьмеш. Быццам і жыве сярод людзей, але ж акрамя сваёй сям’і — свайго збудаванага маленькага свету — нікога і нічога не бачыць. Прасядзеў жыццё на цёплым мястэчку, на адпачынак штогод ездзіў спіну грэць, калі іншыя на рабоце “гарэлі”.  А цяпер вось дзеяч знайшоўся.  І, павер мне старому, на справе яго зусім не хвалюе, што і як будзе рабіць новы старшыня. Хіба ж можна, не ведаўшы чалавека, зневажаць яго? Сам падумай, трэба ж кіраўніку гэтаму даць час разгледзецца, падтрымаць у нейкіх пытаннях, ён жа чужынец сярод нас. А дзядзька гэты гатовы ўсё перакрэсліць, з чаго б ні пачаў “навенькі”. Дык хай лепш сядзіць дома, чым будзе па вёсцы хадзіць, людзей баламуціць…
Людміла КРАЎЦОВА, “ЛК”.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK