Лоеў ладзіў фестываль

У сераду ў Лоеве прайшоў рэгіянальны фестываль творчасці людзей старэйшага пакалення “Спадчына”. Толькі ўслухайцеся ў гэтае слова. Спадчына ёсць тое,  што нам належыць спачатку, і галоўная асаблівасць яе — ў двухадзінстве. У яе два цэнтры, два берагі, два адлікі: адзін у мінулым, якое ўсё больш становіцца даўніной, другі — у сучаснасці, якая ўсё больш становіцца будучыняй, і ад таго, якое яно, мінулае, залежыць, якая яна, сучаснасць. І ад таго, якая яна, сучаснасць, залежыць, якое яно, будучае. Менавіта гэтая думка гучала ў віншавальных словах Святланы Руевай, намесніка старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гомельскага аблвыканкама. З прывітальнай прамовай да прысутных звярнуўся настаяцель сабора Святой Жываначальнай Троіцы г.п. Лоева, благачынны Лоеўскай акругі, протаіерэй Андрэй Шыхалаў.
Вядучыя — навучэнцы педкаледжа Аляксандр Давыдоўскі і Дзіяна Давыдоўская па чарзе запрашалі на сцэну калектывы, якія прыехалі, каб паказаць сваё мастацтва гасцям. А, трэба сказаць, нямала знайшлося ахвотнікаў паслухаць народныя песні — зала раённага Дома культуры ледзьве ўмясціла ўсіх жадаючых.
Першую намінацыю “Народная песня” адкрываў вакальны ансамбль “Ивушки” з Рэчыцкага раёна, удзельнікаў якога аб’яднала шчырая любоў да песні. Гомельскі раён прадстаўляў творчы калектыў “Скарбніца”, любімае хобі якога — народныя песні і танцы. Артысты так ліха праспявалі жартаўлівыя прыпеўкі, што ўдзячныя слухачы доўга не адпускалі іх са сцэны. Мужчынскі гурт Лоеўскага раёна народнага клуба аматараў песні ветэранаў “У кого душа бодра, не стареет никогда” прыйшоўся ўсім па душы, і нездарма — каторы год гэтыя захопленыя музыкай людзі дораць натхненне землякам. Папуры з народных песень Буда-Кашалёўскага фальклорнага калектыву “Веснянка” таксама не засталося без увагі прысутных. Таленавітыя выканаўцы народнага вакальнага ансамблю “Песня над Палессем” з Хойніцкага раёна атрымалі ад удзячных слухачоў і кветкі, і ўсмешкі, і авацыі. Шчырымі апладысментамі быў узнагароджаны прадстаўнік Брагінскага раёна Віталь Аляксандравіч Клімовіч за бліскучае выкананне мелодыі на саксафоне.
Але самай цікавай атрымалася намінацыя “Гумарэска”. Вось дзе сапраўды каларытна загучала наша беларуская мова. Ці ж можна заставацца абыякавым да жартаў з “перцам і соллю” пра паўсядзённае жыццё? Перад вачыма ўражаных гледачоў адна карцінка змянялася другой, не менш яскравай. Дасціпна размаўлялі на імправізаваным «падворышчы» рэчыцкія “суседкі”! Весела жартавалі жанчыны з гомельскага калектыву, прадстаўляючы байку “Зоська”. Захапляльна гучалі вершаваныя радкі гумарэскі “Успаміны”, якую яскрава прачытала са сцэны прадстаўніца Лоеўскага раёна Святлана Савельеўна Ціханчук. Вельмі спадабалася гледачам арыгінальная байка “Пра магнітныя яйкі і пра памаладзеўшага дзеда” у выкананні Любові Мікалаеўны Чэрнашэй з Буда-Кашалёўскага калектыву.          А з якім пачуццём прысутныя слухалі Ліну Адамаўну Пятніцкую з Брагіна і Наталлю Мікалаеўну Коўзік з Хойнік і іх жартоўныя гумарэскі “Пуцёўка ў санаторый” і “Як дзед Лявон збіраўся паміраць” — словамі не перадаць. Затое незмаўкаючыя доўгі час апладысменты гаварылі самі за сябе. Словам, радавалі вока прыгожыя народныя ўборы, а слых — чыстая беларуская мова і мясцовая гаворка.
Намінацыя “Нацыянальная страва” таксама ўваходзіла ў праграму фестывалю. Чаго толькі не зробяць умелыя рукі гаспадынь — прыгатаваная ў печы традыцыйная на хрэсьбінах “бабіна каша”, печань, фаршыраваная па-гомельскі, шчупак, фаршыраваны па-лоеўскі, беларускія калдуны, каравай. Не абыйшлося і без любімай бульбы — Наталля Мікалаеўна Коўзік прэзентавала яе пад назвай “Бабулін пачастунак”.
Ох, нялёгка давялося папрацаваць журы, якое ўлічвала ўсё, нават удзел у выстаўцы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Чым багата мая душа”, якая размясцілася ў фае Дома культуры. Але ў выніку месцы ў раённым фестывалі «Спадчына» размеркаваліся наступным чынам. Першае падзялілі паміж сабой калектыў Лоеўскага раёна — народны клуб аматараў песні ветэранаў “У кого душа бодра, не стареет никогда” і творчы калектыў Гомельскага раёна “Скарбніца”. Другога месца быў удастоены народны вакальны ансамбль “Песня над Палессем” з Хойніцкага раёна. А самае прыемнае, што ў гэты дзень ніводны  калектыў не застаўся без узнагароды — за ўдзел у розных намінацыях яны ўсе атрымалі адпаведныя дыпломы.
Свята адгрымела… Сціхлі спевы… Але гэта зусім не азначае, што спадчына нашых продкаў патрэбна нам толькі падчас такіх фестываляў. Яна — наша аснова, якая даруе надзею, што нашы імёны не будуць выкраслены з кнігі спадкаемцаў свету.
НА ЗДЫМКАХ: народны клуб аматараў песні ветэранаў “У кого душа бодра, не стареет никогда”; творчы калектыў Гомельскага раёна “Скарбніца”; выстаўка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Чым багата мая душа”; госці фестываля; удзельнікі намінацыі «Гумарэска» з калектыву «Скарбніца».
Таццяна БЯЛОВА, “ЛК”.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK