ПАВІННЫ ПАМЯТАЦЬ…

Да 70-годдзя вызвалення Лоеўшчыны
Зноў прырода пачала сваю барацьбу за правы ўладання на зямлі. То па-вясноваму цёпла прыгрэе сонейка і пачуецца рознагалосы гоман птушак, то сцюдзёны вецер нагоніць снегавыя хмары і паўсюдна з’яўляецца белая коўдра. Малюнак звычны для нас. Сучасныя людзі часта незадаволеныя гэтымі кардынальнымі зменамі надвор’я, якія падштурхоўваюць да нейкай злосці на ўсё навакольнае асяроддзе. Мала засталося разумення, цярплівасці, хаця жывём у той час, калі і вопратку можна падабраць адпаведную, і ў цяпле дамоў сагрэцца. Нашы продкі былі крыху іншымі. Толькі ўявіце сабе, што перажывалі яны амаль у такія ж першыя вясновыя дні.
У кнізе “Памяць” ёсць успаміны Р. Кілаша, партызана злучэння А. Фёдарава. Вось як там апісаны падзеі, якія адбываліся сем дзесяцігоддзяў назад.
…Ішоў 1943 год. Гітлераўская армія сканцэнтроўвала свае разбітыя дывізіі ў раёне Курскай дугі, каб адтуль паспрабаваць неяк выправіць становішча на франтах. У гэты час штаб партызанскага руху на Украіне загадаў усім атрадам народных мсціўцаў на тэрыторыі Чарнігаўскай вобласці сабрацца ў адзінае злучэнне пад камандаваннем А. Фёдарава. Яго задача — зрабіць рэйд у Заходнюю Украіну, каб развярнуць дыверсійную работу на чыгунках. Партызанам неабходна было як мага хутчэй пераправіцца праз Дняпро, бо была ўжо палавіна сакавіка і лёд з кожным днём рабіўся ўсё слабейшым. З цяжкімі баямі супраць нямецкіх карнікаў, якія адбываліся з апоўначы і амаль да світанку, злучэнне рухалася да вёсак Лапатня і Радуль. Тут патрэбна было наладзіць пераправу на правы бераг ракі.
Разведка перадала, што на Дняпры паверхня лёду пакрыта вадой. Асобныя падраздзяленні загрузілі сані лесаматэрыяламі, каб з іх зрабіць насціл.
“Ноччу 13 сакавіка 1943 года галоўная калона злучэння была ўжо каля ракі, — успамінаў ветэран. — Стаяла цішыня. Высока ў цёмным небе ярка блішчэлі зоркі. Здавалася, што гэтым чорным каўпаком пакрыта ўся наша зямля. Партызаны зрабілі насціл, але ісці па ім было дрэнна. Коні капытамі правальваліся праз яго і не маглі цягнуць сані з боепрыпасамі. Даводзілася выпрагаць іх і перацягваць сані ўручную, а коней праводзіць па коўзкім лёдзе. Непадкаваныя, яны падалі і многіх даводзілася перацягваць ляжачымі. Фашысцкія сцярвятнікі бесперапынна кружыліся ў цёмным небе, каб выявіць партызан. Нам было забаронена адкрытае курэнне і запальванне агню. Загад строга выконваўся”.
Напрацягу ўсёй ночы партызаны перапраўляліся на правы бераг Дняпра. Раніцай злучэнне працягвала свой шлях. Каля вёскі Шчытцы, дзе дарогі расходзяцца на Сінск і Бывалькі, адна група была накіравана ў бок Сінска, каб па дарозе Лоеў — Брагін стварыць заслон, які ў любую хвіліну мог бы адбіць варожы напад.
Галоўныя сілы партызан яшчэ да світання размясціліся на адпачынак у вёсцы Бывалькі. У тую ж ноч група разведчыкаў была накіравана ў Ручаёўку, каб добра агледзець дарогі, якія вялі туды, сілы, якія меў вораг, і г.д. У гэтай вёсцы карнікі падрыхтавалі моцную засаду. На вышыні, побач са школай, былі іх дзоты з гнёздамі для кулямётаў, крытыя падземныя траншэі. Народныя мсціўцы павінны былі акружыць Ручаёўку, адрэзаць сувязь і знішчыць ворага.
Каля 10 гадзін вечара злучэнне падышло да Карчомкі. Сігнальная ракета абвясціла аб наступленні. Першымі былі захоплены траншэі, дзе партызаны касілі ворага аўтаматнымі чэргамі. Частка фашыстаў была загнана ў казарму. Гарэлі нямецкія склады з боепрыпасамі. Пад націскам партызан фашысты з казармы здаліся ў палон. Гарнізон быў разгромлены. А рэйд парцізанаў працягваўся…
Толькі ўявіце сабе, якія цяжкасці пераадольвалі людзі, у якіх умовах жылі! І не скардзіліся, не пракліналі жыццё за выпрабаванні, якія выпадалі на іх долю, бо ведалі: павінны зрабіць усё магчымае, каб знішчыць ворага на сваёй роднай зямлі.
Жыццё тых, хто заставаўся на акупіраванай тэрыторыі, таксама не назавеш лёгкім. Галодныя, дрэнна апранутыя і абутыя, яны думалі пра тое, што кожны дзень, гадзіна, хвіліна могуць стаць апошнімі. Фашысты не запытвалі: могуць мясцовыя жыхары працаваць ці не — загадвалі капаць траншэі. Людзі ведалі, калі хочаш застацца жывым, значыць, трэба капаць.
Думаю, ніводнаму сучаснаму чалавеку не хацелася б апынуцца ў тых умовах, глядзець у вочы галодных дзяцей і адчуваць бездапаможнасць. Яны трымаліся як маглі і… верылі, што гэтыя цяжкасці часовыя, што змогуць сваёй працай зрабіць мірнае будучае светлым і радасным. Моцна верылі. І выжылі. Знішчылі ворага, здабылі свабоду для сябе і наступных пакаленняў, паднялі краіну з руін. Яны не схіляліся перад выпрабаваннямі долі, яны баяліся вайны.
А мы? Што для нас галоўнае сёння? Няхай кожны з нас зазірне ў сваю душу і чэсна адкажа на гэтае пытанне. Не ў голас. Самому сабе. Каб зразумець, дзеля чаго жыве і як.
Людміла КРАЎЦОВА, “ЛК”.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK