На днях свой 80-гадовы юбілей адзначыў вядомы лоеўскі паэт Алесь Кукара

На днях свой 80-гадовы юбілей адзначыў вядомы лоеўскі паэт Алесь Кукара. Аўтар і сааўтар васьмі вершаваных зборнікаў, актыўны ўдзельнік грамадскага жыцця раёна, філолаг, перакладчык і музыкант, бяссменны кіраўнік літаратурнага аб’яднання аматараў паэзіі «Гучальнае слова», увесь свой творчы і жыццёвы шлях ён прысвяціў Лоеўшчыне, у гонар якой і зараз з натхненнем працягвае пісаць чароўныя вершы.
Увогуле шырокая тэматыка яго літаратурнай дзейнасці ўражвае: паэмы, санеты, прысвячэнні, песні аб роднай вёсцы над Бярозай-ракой і зямлі над Сожам і Дняпром, аб краях, дзе давялося пабываць, аб патрыятызме землякоў, аб дружбе і яднанні людзей і цэлых народаў, аб вечнай веры, надзеі і любові пакінулі адметны след на літаратурнай ніве роднага краю.
Знайшлося месца і творам для дзяцей. Якраз зараз рыхтуецца новы зборнік з вершаванымі загадкамі, анаграмамі, шарадамі, песнямі і вершамі. Сур’ёзная работа праведзена па збору матэрыялаў для кнігі пра лепшых людзей Лоеўшчыны. Словам, ідэй мноства, як і жадання хутчэй іх рэалізаваць.
Больш чатырох дзесяцігоддзяў ён прысвяціў настаўніцкай дзейнасці. Працуючы выкладчыкам рускай мовы і літаратуры ў Лоеўскім педагагічным каледжы, особна вызначаў тых, хто шчыра любіў паэтычныя радкі, імкнуўся да вяршынь прыгожага пісьменства. Бо, на яго думку, не нараджаюцца паэтамі, паэтамі становяцца.
Шчыры прыхільнік роднай мовы, Алесь Кукара робіць усё магчымае, каб зберагчы асаблівае, непаўторнае беларускае слова, захаваць літаратурную спадчыну Лоеўшчыны для нашчадкаў. А сучаснікам дорыць радасць сустрэчы з цудоўным мастацтвам паэзіі, далучае да родных вытокаў, фальклорных традыцый.
З вышыні свайго саліднага ўзросту Аляксандр Уладзіміравіч упэўнена можа заявіць, што ўдзячны лёсу за ўсе яго шчодрыя дары — любячую сям’ю, цікавыя знаёмствы з вядомымі асобамі Беларусі, шчырых сяброў, здольных вучняў, а галоўнае — за паэтычны талент і творчы непакой, якія да гэтай пары забіраюць у палон усе яго думкі і хваляванні сэрца, нясуць прызнальнасць і павагу чытачоў.
Тэкст і фота Таццяны Бяловай, “ЛК”.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK