Радзіма сустрэла адзінотай

Ужо які дзень запар шчыміць сэрца. На слупе за аўтавакзалам, сумна схіліўшы галаву, стаіць бусел — птушка, прызнаная сімвалам Беларусі. Яшчэ нядаўна тут было яго гнездаванне, у якім штогод нараджаліся і вырасталі птушаняты. Крылатае сямейства звыкла да гучання царкоўных званоў непадалёк, да змены аўтобусаў, якія забіраюць сваіх пасажыраў і вязуць у розных напрамках, да людскога гоману, які змаўкае толькі ноччу…

Тысячы кіламетраў ляцеў з выраю на Радзіму. Вецер, дождж, месцамі снег імкнуліся змусіць яго адмовіцца ад сваёй мэты. А ён адпачываў нейкі час і зноў рапраўляў свае крылы. Бо як можна здрадзіць таму месцу, дзе нарадзіўся, дзе вырасталі дзеці? Там жа ўсё звычнае, роднае…
Нарэшце ў полі зроку трапіў купал царквы… Ззяе на сонцы, вочы слепіць і радасцю сэрца напаўняе. Даляцеў. У чарговы раз вытрымаў выпрабаванні. А дзе ж гняздо? Мо памыліўся? Дык не, вось тут на гэтым слупе было…
Расправіўшы свае вялікія крылы, зноў узнімаецца ў неба. Новы круг. Ляціць невысока, прыглядаецца па баках. Шукае гняздо. Ведае, што тут яно было. Цяпер няма…
Не памылілася вялікая прыгожая птушка. Гэта людзі вырашылі пазбавіцца ад суседства з бусліным гнездаваннем. Перашкаджала ім самаробнае збудаванне з галінак, вось і скінулі… яшчэ ў лютым.
Выкарыстоўваючы логіку, можна розныя ўчынкі растлумачыць. Мужчыны не сентыментальныя. Ім загадалі разбурыць птушыны дом, яны выканалі загад. А тым, хто сэрцам адчувае чужы боль, цяжка… Сябе на месцы таго бусла бачаць многія. Толькі ўявіце, людзі, што будзе з вамі, калі, спяшаючыся дадому, вы “прыляціце” на пустое месца…
Птушка не можа нічога сказаць, і дапамогі ёй чакаць няма адкуль. Дай Бог знойдзе дзе-небудзь месца для новага гнездавання. Моцны наступіць, слабы саступіць. Так і жывём…

Людміла Краўцова, «ЛК».

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK