На сваёй зямлі

Дарагое, роднае, адзінае…                                           

Сэрцам тут заўсёды мы жывём.                                              

 Нездарма маленькаю Радзімаю                                       

 Дом, дзе нарадзіліся, завём!

Пэўна ў кожнага з нас ёсць месца, з якім звязаны самыя цёплыя пачуцці. Дзе б мы ні знаходзіліся, у якім бы ўзросце нi былі, у памяці назаўсёды застаюцца ўспаміны пра куток, імя якому — малая радзіма. І шчымлівай радасцю б’ецца  сэрца ад гэтых слоў. Паўстаюць перад вачыма славуты Днепр, густыя лясы, у мядовым разнатраўі лугі. І яшчэ раз убачыць усё гэта можна ў музеі бітвы за Днепр.

Намаганнямі супрацоўнікаў музея арганізаваны выставачны праект творчых работ фатографаў-аматараў Лоеўскага раёна «На сваёй зямлі», прысвечаны Году малой радзімы. Кожны фотаздымак — маляўнічая карціна. Звычайны бярозавы гай, толькі выглядае ён неяк казачна. Човен плыве па вадзе, і не проста рухаецца, а вытанцоўвае мелодыі вальса. А колькі хараства і ззяння на заснежаных дрэвах. Увагу прыцягвае здымак «Пчала-працаўніца». Як толькі ўдалося фатографу злавіць гэты момант? Нельга без захаплення назіраць за зорным небам, прываблівым месяцам, што цікуе за сваім адлюстраваннем у начных хвалях соннай ракі. Кожнае фота — гэта гісторыя, споведзь і не аднаго чалавека, а многіх. Сорамна прызнавацца, але ж мы часам не  заўважаем, што жывём у чароўным месцы, дзе звычайная галінка можа нагадваць кветкавае поле, а простае, на першы погляд, дрэва на крутым беразе з правільнага ракурсу выглядае воінам-вартаўніком, што раздзяляе Дняпро і Сож. Ад уважлівага позірку мастака не схаваецца даўгавязы конік, які ціхенька прысеў на мяккі мох і сустракае першыя промні сонейка. Мы любім свой горад, мястэчка, дзе прайшло дзяцінства. З гонарам  паказваем гасцям архітэктурныя помнікі, расказваем легендарныя гісторыі вызвалення нашай гераічнай зямлі. Уражанні вашых сяброў будуць яшчэ большымі, калі яны змогуць зазірнуць крышачку бліжэй, звярнуць увагу на тое, што знаходзіцца побач і вакол нас, вы адкрыеце для сябе і іх новы чароўны сусвет, такі блізкі і родны, звычайны і заўжды своеасаблівы. Прыходзьце і наведайце выстаўку «На сваёй зямлі». Упэўнена: ніхто не пашкадуе аб гэтым, таму што ўсе фотаздымкі — гэта наша зямля, дзяцінства і маладосць. Мы ўсё гэта бачылі, чулі, перажывалі, але з часам, узростам, імкненнем хутчэй усе паспець перасталі заўважаць. Фота нагадаюць вам аб мінулым і зноў вернуць у шчаслівыя імгненні жыцця.

Дзе б ты ні быў — душа заўсёды тут,

У хаце, на дварышчы, на пагорку.

Магнітам к сабе цягне родны кут,

Там зіхаціць твая ў небе зорка.

Наталля Апанасенка, «ЛК».

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK