Россып талентаў

На мінулым тыдні адбылася канцэртная праграма Уборкаўскага цэнтра культуры і вольнага часу і УА «Уборкаўскі дзіцячы сад-сярэдняя школа» ў рамках раённага конкурсу самадзейнай творчасці «Галасы Лоеўшчыны».

З першых хвілін склалася добрая і захопленая атмасфера, дзякуючы якой паміж артыстамі і гледачамі адбыўся ўзаемны абмен станоўчымі эмоцыямі і святочным настроем.
У пачатку прагучалі песні і вершы, у якіх праслаўляўляліся наш край, малая радзіма. З асаблівай цеплынёй гледачы сустрэлі самую маленькую артыстку, выхаванку дзіцячага садка Кацю Стасяловіч. Выступленне дзяўчынкі знайшло водгук у душы і сэрцы кожнага з прысутных у зале. Узрушаючую энергетыку і магутны зарад пазітыву забяспечыла салістка Аляксандра Чыкава з кампазіцыяй «Танец сонца». Пра вайну, няпростую салдацкую долю і тое, як чакалі нашых вызваліцеляў маці, жонкі і дзеці, прагучалі песні «І яна адказала ― Перамога», «Паклонімся вялікім тым гадам» і іншыя. Шчырыя кампазіцыі былі выкананы народным ансамблем «Пралеска». Гучалі ўсім вядомыя мелодыі песень, а запальны танец «Маруся» захапіў увагу гледачоў.
Канцэртная праграма прайшла на адным дыханні, у цёплай творчай абстаноўцы, з жаданнем пачуць і ўбачыць наступны музычны нумар. Радавалі вока яркія народныя касцюмы, іскрынкі ў вачах дзяцей, сагравалі сэрца чыстыя галасы.
У кожнае выступленне артысты ўкладвалі душу, таму прысутныя не скупіліся на хвалу, адорваючы творчыя нумары выканаўцаў гучнымі, дружнымі і працяглымі апладысментамі.
Свята атрымалася: выдатнае выкананне, жанравая разнастайнасць і шырокая тэматыка нумароў, а галоўнае ― высокі ўзровень майстэрства ўсіх без выключэння артыстаў.
Святлана Кулеш, «ЛК».
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK