Укладвае душу ў сваю справу загадчык рамонтна-механічнымі майстэрнямі ААТ «Лоеўскі Агратэхсэрвіс»

Загадчык рамонтна-механічнымі майстэрнямі ААТ «Лоеўскі Агратэхсэрвіс» Андрэй Шамела  нязменна працуе на родным прадпрыемстве больш за два дзясяткі гадоў.

Герой сённяшняга матэрыялу, скончыўшы школу, аб будучай прафесіі доўга не разважаў, параіўшыся з бацькам, прайшоў курсы токара ў ПА «Гомсельмаш». Аддаўшы больш за 18 гадоў нялёгкай працы, апошнія чатыры гады паспяхова кіруе слесарамі і зваршчыкамі, хоць, здавалася б, зусім нядаўна вопытныя працаўнікі вучылі маладога падапечнага.
Працоўны дзень у Андрэя Віктаравіча пачынаецца з планёрак, дзе ён з калектывам разглядае, якую тэхніку трэба адрамантаваць у першую чаргу, дае разнарадку слесарам і зваршчыкам, уводзячы іх у курс справы. З самай раніцы ўдакладняе, якія патрэбныя запчасткі, каб зрабіць на іх заяўку забеспячэнцам. Увогуле, спраў у загадчыка хапае.
Ад працы рамонтнай майстэрні, упэўнены Андрэй Шамела, залежыць вельмі многае: якасна выкананы рамонт агрэгатаў спрыяе поспеху сельгаспрадпрыемстваў раёна. Таму папраўку кожнай машыны плануюць загадзя, распісваючы яго па днях.
За гады працы Андрэю Віктаравічу ўдалося ўліцца ў калектыў і заслужыць давер старэйшых таварышаў, якіх ён не лічыць падначаленымі.
— У нас у калектыве — поўнае ўзаемаразуменне, — распавядае герой публікацыі. — Часта раюся па прафесійных і працоўных пытаннях са старэйшымі калегамі. Мне важна ведаць іх меркаванне, ацэнку маёй працы, лічыць яе важнай і цікавай, а галоўнае — патрэбнай у сельскай гаспадарцы.
Але, нягледзячы на ўсе нягоды, А. Шамела любіць сваю справу. На пытанне, ці не шкадуе пра тое, што ўладкаваўся менавіта на гэтую працу, кажа, што падобныя думкі часам наведваюць яго па вечарах, калі дзённае напружанне дае аб сабе ведаць у поўнай меры, а ў астатнім ён задаволены і не скардзіцца. Камфортна адчувае сябе ў згуртаваным калектыве.
Характарызуецца кіраўніцтвам толькі са станоўчага боку: добрасумленна і якасна выконвае ўсе даручэнні, укладваючы душу ў сваю справу.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK