Конкурс творчых пісьмовых работ “За што я люблю родную зямлю”

Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі праводзіць конкурс творчых пісьмовых работ “За што я люблю родную зямлю”.

Дарагія суайчыннікі!

У 2020 годзе завяршаецца трэці год, які па рашэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі быў абвешчаны ў нашай краіне Годам малой радзімы. За тры гады акцыі ў рэспубліцы былі праведзены тысячы мерапрыемстваў па развіцці і добраўпарадкаванні населеных пунктаў у розных рэгіёнах краіны, па павышэнні ўзроўню культуры і духоўнасці беларускага народа, захаванні мясцовых традыцый, адметных рыс побыту народа, яго этнаграфічнай культуры і мовы.
У гэтай сувязі Нацыянальная акадэмія навук Беларусі праводзіць агульнарэспубліканскую творчую акцыю “За што я люблю родную зямлю”. Яна заключаецца ў стварэнні жыхарамі гарадоў і вёсак Беларусі творчых прац, у якіх будуць адлюстраваны дасягненні ў развіцці рэгіёнаў Беларусі, увасоблены пачуцці гонару за сваю малую радзіму і любоў да яе гераічнага мінулага і славутага цяперашняга.
Да ўдзелу ў конкурсе прымаюцца арыгінальныя эсэ, вершы, апавяданні, нарысы і іншыя творчыя працы, напісаныя грамадзянамі Рэспублікі Беларусь на беларускай мове аднаасобна або ў суаўтарстве, якія раней не прадстаўляліся на конкурсы і не публікаваліся. Прапануемыя тэмы: “За што я люблю свой край”, “Мова маёй малой радзімы”, “Родная зямля – крыніца натхнення”, “Квітней, мая радзіма!”
У работах, дасланых на конкурс, просім абавязкова ўказваць адукацыю, узрост, месца работы аўтара.
Ацэнку работ будуць праводзіць супрацоўнікі “Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі”.
Крытэрыямі ацэнкі работ з’яўляюцца адпаведнасць заяўленай тэме, грамадская актуальнасць, арыгінальнасць, мастацкі ўзровень і дасканаласць мовы. Лепшыя працы будуць апублікаваны асобным зборнікам. Вынікі конкурсу будуць падведзены падчас Тыдня мастацкага слова (з 31 жніўня па 6 верасня 2020 года) і Дня беларускага пісьменства (6 верасня 2020 года). Пераможцы конкурса будуць адзначаны граматамі і падзякамі НАН Беларусі.
Аб’ём творчых работ – да 10 друкаваных старонак.
Творчыя працы просім дасылаць да 20.08.2020 на адрас: Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа, вул. Сурганава, 1/2, г. Мінск, 220072, або па электроннай пошце: inlinasbel@tut.by з паметай “конкурс”.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK